Размаўляй са мной па-беларуску, альбо 10 парад, як гэтага дасягнуць!
Мы жывем у Беларусі, а размаўляем паўсюдна на “другой дзяржаўнай мове”. Чаму так адбываецца? Зрэшты, калі паглыбіцца ў гісторыю, то адказ падасцца простым: русіфікацыя, апалячванне, царызм ды савецкая ўлада – яны выдатна выканалі свае задачы! Руская мова стала паўсюднай, а беларускую можна сустрэць адно толькі ў кнігах, на старонках газет і часопісаў, ды часам у транспартным сродку пачуеш аб’яву прыпынку па-беларуску. Беларуская мова стала кніжнай…
Людзям цяжка размаўляць па-беларуску, а некаторыя і ўвогуле яе не разумеюць. Вядома, іх можна зразумець… А яшчэ знаёмым робіцца становішча, калі жаданне размаўляць – свярбіць унутры, а магчымасці няма… альбо проста складана пачаць. Я разумею, вельмі цяжка казаць нешта па-беларуску, калі навокал – русізмы! А яшчэ цяжэй, калі навокал рускай мовы пры размове прытрымліваюцца твае сябры і знаёмыя, а яшчэ цяжэй пачаць, калі яны звыкліся з табой рускамоўным, а ты ім тут нешта па-беларуску кажаш.
Цяжка… Але магчыма! І гэта не проста словы, а цвёрдая ўпэўненасць, якая грунтуецца на ўласным вопыце.
Я сам доўгі час размаўляў па-руску, але аднойчы наступіў пераломны перыяд, да якога, праўда, я ішоў доўгі час…
З дзяцінства мне пашанцавала: спачатку я вучыўся ў беларускай школе, а затым паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, дзе большасць прадметаў выкладалася на беларускай мове, а амаль усе пісьмовыя працы па спецыяльных дысцыплінах мы пісалі па-беларуску. Для мяне не было вялікай цяжкасці размаўляць па-беларуску, калі гэтага патрабавалі абставіны, але ў паўсядзённым жыцці я заставаўся рускамоўным грамадзянінам РБ. Толькі з часам я зацікавіўся традыцыйнай культурай Беларусі, мовай, беларускімі пісьменнікамі, з дзяцінства мяне натхнялі бунты і паўстанні, якімі наша зямля багата, а славуты Людвіг Нарбут, галоўнакамандуючы паўстанцкіх войскаў з 3 мая 1863 году – родам з мясцін, дзе я правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады. Я пачаў чытаць беларускую літаратуру, часопісы, слухаць беларускамоўную музыку – і ў нейкі момант ува мне нешта хруснула: я зразумеў, што павінен размаўляць па-беларуску – я ж Беларус!!! Памятаю, у той вечар я напісаў першы верш на беларускай мове… і мова палілася!
Спачатку было цяжка. Нязвыкла было гаварыць са сваімі старымі знаёмымі не па-руску. Затое размовы з беларускамоўнымі людзьмі для мяне былі асалодай! Ужо на пятым курсе я ўсё часцей і больш часу размаўляў па-беларуску, а калі закончыў навучальную ўстанову – вырашыў, што цалкам перайду на беларускую мову. Цяпер у Гродне мяне іншага і не ведаюць. Я змог. Хаця, шчыра кажучы, часам здараюцца розныя сітуацыі, і для лепшага разумення адно аднога даводзіцца пераходзіць на некаторы час зноў на рускую мову. Але самае галоўнае: я даказаў, што пачаць гаварыць па-беларуску – магчыма!
Цяпер я паступіў завочна на беларускую філалогію, выкладаю фальклор і іншыя дысцыпліны ў каледжы па-беларуску, вяду сайт і свой блог на беларускай мове, размаўляю па-беларуску – і ўсё гэта для ўдасканалення сваіх ведаў аб роднай мове, для развіцця беларускай культуры і традыцый, захавання спадчыны сваіх продкаў!
Для астатніх людзей, якія б таксама хацелі перайсці на родную беларускую мову, я б хацеў даць некалькі парад, якімі даводзілася карыстацца самому.
1) Самае галоўнае – гэта жаданне! Запомніце адну выснову: дасягнуць магчыма ўсяго – патрэбнае толькі жаданне! Калі яно ў вас ёсць, яно вялізнае і ажно вырываецца з грудзей – значыць, трэба пачынаць.
2) Цвёрда вырашыце, навошта вам гэта трэба. Паспрабуйце зразумець сваю матывацыю выбару беларускай мовы. Гэта вы павінны ведаць дакладна. Не лянуйцеся – запішыце на паперу галоўную мэту вашага пераходу наа беларускую мову. Навошта гэта? (чытайце пункт 8) І паспрабуйце зразумець, наколькі гэта сур’ёзнае жаданне.
3) Чытайце шмат беларускай літаратуры. З пісьменнікаў вельмі раю Ул. Караткевіча. У яго вельмі разнастайная, лёгкая і мілагучная мова. Акрамя гэтага чытайце ў газетах і часопісах артыкулы на беларускай мове, слухайце беларускамоўную музыку. Вы павіны акружыць сябе беларускамоўным тэкстам. Чым больш – тым лепш.
4) Шукайце беларускамоўных людзей. Людзей, якія ўжо гавораць па-беларуску, альбо аднадумцаў, з якімі вырашыце, што хаця б паміж сабой будзеце размаўляць па-беларуску. У вас павінна з’явіцца практыка.
5) Едучы ў транспарце, проста блукаючы па вуліцы альбо пры якой іншай магчымасці – перакладайце аб’явы, плакаты, назвы з рускай на беларускую мову. У думках чытаючы тэкст аб’яваў, адразу яго перакладайце. Па-першае, у вас з’явіцца магчымасць няхай у думках, але пагаварыць па-беларуску, па-другое, у вас папоўніцца слоўнікавы запас, таму што калі вы не ведаеце якога слова, то чытайце наступны пункт…
6) Калі вам сустрэліся незнаёмыя словы, перакладу якіх вы не ведаеце, звяртайцеся да слоўніка. А яшчэ лепш, калі часам у вас ёсць кампутар, усталюйце сабе праграму руска-беларускага перакладчыка “Belazar”, які за некалькі секундаў выдасць вам адказ. (Праўда, ён таксама часам такія перлы выдае – не пужайцеся).
7) Калі ў вас ёсць магчымасць, паспрабуйце змяніць асяроддзе. Напрыклад, паехаць (пераехаць) у які іншы горад і пачаць там размаўляць толькі па-беларуску. Памятайце, новым знаёмым лягчэй прыняць вас беларускамоўным, чым мяняць звычкі старых знаёмых. Пазней вы можаце вярнуцца назад да былога кола знаёмых, вам будзе лягчэй з імі размаўляць па-беларуску, калі ў вас за плячыма ўжо адзін ці пяць месяцаў практыкі размовы па-беларуску.
8) Не звяртайце ўвагі на людзей, якія будуць смяяцца з вас, здзекавацца. Не ўступайце з імі ў дыскусіі і сваркі. Гэта толькі пагоршыць вашую ўпэўненасць, парушыць цвёрдасць намеру. Уступаць у дыскусію магчыма толькі тады, калі вы дакладна ведаеце, навошта вам гэта трэба (глядзіце пункт 2).
9) Гаварыце, гаварыце, гаварыце – яшчэ адзін важны момант. Не думайце: “Сёння пагавару па-руску, а заўтра і паслязаўтра зноў па-беларуску”, “Ой тут калі пагавару па-беларуску пасмяюцца…” Калі пачалі размаўляць па-беларуску – размаўляйце, не прыдумляйце апраўданняў для сябе.
10) Будзьце шчырымі, добрымі, заўсёды ўсміхайцеся – і паверце, людзі да вас пацягнуцца! Многім людзям хочацца пагаварыць па-беларуску, але няма з кім. Станьце для іх гэтай магчымасцю, і нас будзе больш. Гаварыце па-беларуску, і людзі прымуць вас беларускамоўным і будуць ганарыцца, што знаёмыя з вамі.
Пачніце размаўляць па-беларуску – і ў вас атрымаецца. Няхай сярод нас стане шмат людзей, якія размаўляюць па-беларуску!
Антон Янкоўскі, рэжысёр, выкладчык тэатральных дысцыплін.