Міжнародная асацыяцыя беларускіх кінематаграфістаў BelFilm зладзіла прэзэнтацыю

03.07.2010 Кіно

2c7fc73b-13f2-4856-aeae-80ac314e0e48_mw800_mh600_s

Як распавялі арганізатары, асацыяцыя  створаная літоўскімі і беларускімі грамадзянамі, якія працуюць у галіне кіно і тэлебачаньня. “BelFilm” зарэгістраваны ў Літве і асноўныя напрамкі свёй дзейнасьці бачыць у спрыяньні і папулярызацыі жанру дакумэнтальнага кіно.
Старшыня асацыяцыі Алег Дашкевіч зазначыў.

Алег Дашкевіч: Беларускае дакумэнтальнае кіно мае вялікі аўтарытэт, але зусім невялікае месца на тэлебачаньні і ў кінапракаце. Гэта тычыцца стужак створаных, як на дзяржаўных студыях, так і аўтараў, якія працуюць па-за імі. З іншага боку даволі шмат гледачоў вельмі прыхільна ставіцца да такога кінажанру, таму асацыяцыя бачыць сваю задачу ў тым, каб паказаць розныя цікавыя і нестандартныя работы, тым гледачам, хто мае цікавасьць да дакумэнтальнага кіно. Калі выбіраць паміж творчасьцю і вытворчасьцю, то BelFilm мае арыентавацца на першае.

У рамках прэзэнтацыі былі прадэманстраваны два дакумэнтальных фільма: “З жыцьця тутэйшых”, аўтар — Тацяна Дубавец, і “Журналісты”, аўтар — Алег Дашкевіч.

Першая стужка створаная рэдактарам беларускай праграмы літоўскай тэлевізіі Тацянай Дубавец, мела статус прэм’ернага паказу, Фільм паказвае жыцьцё людзей літоўска-беларускага памежжа.

Тацяна Дубавец: І сёньня, у ХХІ стагоддзі для чалавека памежжа існуе вострая праблема: а хто ён. І адказ просты – тутэйшы. І за гэтым словам хаваецца цэлая філасофія жыцьця чалавека, яго сьветапогляд, жыцьцё, прыстасаваньне і рэальнае жаданьне выжыць.  гэтая стужка ў многім пераклікаецца з п’есай Янкі Купалы “Тутэйшыя” і яе героем Зноскам. Гэты герой для большасьці з’яўляецца адмоўным і трактуецца як прыстасаванец. Але гэта толькі адзін бок медаля. А за гэтым прыстасаваньнем хаваецца глыбокая трагедыя самаго чалавека і яго жыцьця. Улады змяняюцца, людзі застаюцца.

Фільм “Журналісты”  распавядае пра жыцьцё і працу ў часам, экстрэмальных умовах, звычайных беларускіх журналістаў.  На адным з буйнейшых форумаў дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме  фільм увайшоў, паводле арганізацыі “Amnisty Internationale”, у дзясятку найбольш сацыяльна значных стужак. Стужка дэманстравалася на кінафэстывалях амаль усіх кантынэнтаў, але ўнутры краіны дэманстравалася ўпершыню. У часе паказу фільма прысутнічалі некаторыя з герояў гэтае стужкі.

“BelFilm” зазначае, што партнэрам, якія падзяляюць асноўныя мэты асацыяцыі можна зьвяртацца на наступны электронны адрас: belfilm2010@gmail.com