40% беларусаў ня ведаюць ніводнага беларускага выканаўцы

07.12.2009 Музыка

Такія вынікі дасьледаваньня, што правялі сацыялягічная лабараторыя «Новак» і беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Звыш за тысячы беларусаў рознага ўзросту і сацыяльнага становішча па ўсёй краіне задалі пытаньні адносна іх улюбёных музыкантаў зь Беларусі. «У лідэрах беларускія ансамблі савецкіх часоў, статус беларускамоўных выканаўцаў — маргінальны», — такую выснову зрабіў дырэктар BISS Віталь Сіліцкі.

Ядвіга Паплаўская і Аляксандар ЦіхановічПершае пытаньне сацыёлягаў тычылася выканаўцаў папулярнай музыкі зь Беларусі. «Нікога ня ведаю» — быў самы распаўсюджаны адказ (38,3%). У лідэрах — Ядвіга Паплаўская, якая трохі апярэдзіла Аляксандра Ціхановіча (у яе 8,01%, у яго — 7,94%). Потым у рэйтынгу ідуць Ірына Дарафеева, Алеся, Іна Афанасьева (у межах 6—7 працэнтаў). У народны топ-10 трапілі таксама Анатоль Ярмоленка (5,7%), Уладзімер Мулявін (5,02%), Анжаліка Агурбаш (4,2%), Аляксандар Саладуха (3,8%) і Дзьмітры Калдун (3,2%).

Другое пытаньне тычылася канкрэтна гуртоў зь Беларусі. «Няма такіх» — так адказалі 26,6% апытаных, праўда большасьць галоўны гурт назвала — «Песьняры» (39,78%), потым ідуць «Сябры» (17,7%), «Верасы» (8,05%). Чацьвертыя — «Тяни-Толкай» (4,68%), за імі — «J:морс» (4,27%). У дзясятцы таксама — «Ляпіс Трубяцкой» (3,86%), «Леприконсы», N.R.M., «Бяседа» і «Харошкі» (у межах 1—2%).

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі праааналізаваў атрыманыя зьвесткі і зрабіў наступныя высновы: «Нягледзячы на 75% квоту на радыё і тэлебачаньні для сучасных беларускіх спевакоў, у дзясятцы любімых выканаўцаў чацьвёра — сьпевакі з савецкіх часоў. Сучасныя эстрадныя зоркі маюць вельмі нізкі рэйтынг, а статус беларускамоўнай альтэрнатывы можна вызначыць, як маргінальны. Дзівіць, што амаль 40% ня мае ніводнага любімага беларускага выканаўцы! Лідэрамі па няведаньні беларускай эстрады апынуліся Менск і Гомель».

Пры гэтым дасьледчык зьвяртае ўвагу, што ў выпадку з гуртамі значна меншая частка, чым у выпадку асобных сьпевакоў, ня мае ўлюбёнага беларускага гурта. «Тут дамінуюць савецкія брэнды, але бачная прысутнасьць беларускамоўнай альтэрнатывы».

Фота: westrecords.by