28 мая ў 19-00 у Дзяржаўным музеі імя Янкі Купалы адбудзецца музычна – паэтычная вечарына “Вір” з удзелам праекта “Dzivasil”.
Вас чакае знаёмства з беларускімі этнічнымі інструментамі і старадаўнімі песнямі.
Назва калектыва выбраная не выпадкова. У паганскай Беларусі Дзівасіл – панацэя. Магічная расліна, якая дорыць дзівосную сілу.
Усе, хто ўпершыню бачыць выступ калектыва, здзіўляюцца: няўжо яны сапраўды граюць ужывую? І гэтае здзіўленне можна зразумець: адчуванне таго, што ты знаходзішся ў цэнтры плыні гука ды энэргіі і скрозь туманную запавесу часу чуеш старадаўнія напевы ды найгрышы, нікога не пакіне абыякавым.
Дзівосна цёплы, прыгожы голас салісткі Іны Перасецкай, шчырасць, што ёю выпраменьваецца на сцэне, назаўсёды застаецца ў памяці.
Пра праект “Dzivasil”
Стварэннем праекта Dzivasil музыкі абавязаны творцам зямлі беларускай, якія не засталіся ў памяці, чые імёны не дайшлі да нашчадкаў, у адрозненне ад іх творчасці.
Мэта праекта – не аўтэнтычнае выкананне і не лубочная карцінка з жыцця беларускага народа. Гэта ўспаміны ўспамінаў, калі музыка канцэнтруецца ў некранутых цяперашняй рэчаіснасцю куточках памяці, якія захоўваюць вобразы, што засталіся нам у спадчыну, і злучаецца музыкамі з сучаснымі і футурыстычнымі сродкамі музычнай мовы.
У выніку атрымаўся сучасны этнічны праект у стылі этна-эмбіэнт.
Асаблівай увагі заслугоўвае тое, што ўсе ўдзельнікі праекта – прафесійныя музыкі і паспяховыя прадстаўнікі разнастайных стылістычных накірункаў.
Іна Перасецкая
прафесійная вакалістка, адна з найбольш яркіх беларускіх этна-спявачак з неверагодна багатым і прыгожым голасам, лідэр гурта Dzivasil, стваральніца і лідэр гурта “Artes Liberales”, мультыінструменталістка, выкладчыца вакала. Удзельніца шматлікіх фэстаў у Беларусі і за мяжой, удзельніца музычных праектаў, (“Л.О.М”,”Альтанка”,”Artes Liberales”,”Легенды Вялікага Княства”, некаторых праектов А. Камоцкага), радыё і тэлерэкламы.
У 2008 годзе разам с сужонкам і калегам Андрэем Малаковічам (музыка да спектакля “Ах, эти свободные бабочки”, шматлікія работы ў радыё і тэлерэкламе, праекты “Першасвет”, “Libertat”) пачалі рэалізацыю праекта Dzivasil, на мэце якога – папулярызацыя беларускай народнай песні, данясенне яе да сучаснага слухача.
У праекце Dzivasil прымаюць удзел лепшыя музыкі Беларусі – В.Сергіенка, Д.Сухі, П.Кузюковіч і іншыя.