Творчая скарбніца Лявона Вольскага папоўнілася новым праектам. Убачыў свет супольны музычны рэтра-праект «Такога няма нідзе», стылізаваны пад 60-я гады мінулага стагоддзя, у якім узялі ўдзел вядомыя беларускія музыкі і акторы. 26 студзеня ў рэстаране «Камяніца» адбылася прэс-прэзентацыя праекту. Часткова мінчукі яго пачуюць, калі наведаюць 10 лютага клуб «Рэактар».
Лявон Вольскі, Алег Гарбуз
Пад раўнамерны гоман сяброўскай балбатні прысутных (дзіва што, на ўваходзе гасцей сустракалі глінтвейнам!) прагучала некалькі кампазіцый з новага альбому, якія дадалі весялосці і без таго ўтульнай атмасферы.
Руся і гурт Akana-NHS
Лявон Вольскі і Уладзімір Пугач выканалі адпаведную назве альбома вельмі лірычную і кранальную песню пра беларускія рэкі і азёры. Яна можа стаць хітом дзякуючы простым словам і запамінальнай мелодыі. Цікавай падаецца таксама «Роля героя» – адзіная сур’ёзная кампазіцыя з уключаных у альбом.
Уладзімір Пугач
На жаль, некаторыя ўдзельнікі праекту ў гэты вечар адсутнічалі. Так, у няпоўным складзе давялося выступіць гурту Akana-NHS, аднак вакал Русі заўседы гучыць цудоўна і натхняльна. Алег Хаменка падрыхтаваўся і выканаў песню 60-х, але ХІХ стагоддзя.
Алег Хаменка
Тым, хто не спяшаўся збегчы ў марозны вечар, пашчасціла ўбачыць яшчэ адзін сюрпрыз, падрыхтаваны Лявонам і кампаніяй, – навагоднюю тэлеказку «Аднойчы ў Барахляндыі», дзе шмат прыгод, весялосці, сатыры і ўсялякіх там паралеляў.
Лявон Вольскі
Што датычыць альбома «Такога няма нідзе», то ён складаецца з двух дыскаў (CD+DVD): CD уключае 12 музычных кампазіцый, DVD – кліпы, фотагалерэю, інтэрв’ю з удзельнікамі, тэксты і акорды песняў.
Вольга Самусік і Каця Пытлева
60-я гады – рок-н-рол і «бітламанія», кантры і мюзіклы, французскі шансон і тэатры-кабарэ – перыяд «адлігі» і рэвалюцый. Тыя жа «жыццесцвярджальныя ноты», але тут, цяпер і па-беларуску.
Алег Хаменка і Алег Гарбуз
Дарэчы, Ганна Хітрык («Детидетей») ператварылася ў Эдыт Піяф, Алег Хаменка («Палац») паўстаў у вобразе Мао Цзэдуна, Віталь Артыст («Без Билета») прымерыў смокінг Джэймса Бонда, Алег Гарбуз стаў Фрэнкам Сінатрай, Павел Булатнікаў («Ляпис Трубецкой») захапіўся ідэямі Чэ Гевары.
Андрэй Такінданг
У праекце таксама ўдзельнічаюць: Уладзімір Пугач (J:морс), Руся (Akana-NHS), Каця Пытлева («Клёндайк»), Андрэй Такінданг («Гаротніца»), The Anyway, Андрэй Дзяркоў і Марына Грыцук (КВЗ), Зоя Каральчук (ZM99), Вольга Самусік, а таксама акторка Святлана Зелянкоўская. І як яна гаворыць: «Калі б я жыла ў 60-я, таксама, пэўна, была б акторкай. Мяркую, што свабодная творчая асоба, якая імкнецца нешта адкрываць у сабе, заўжды будзе выяўляць сваю арыгінальнасць».
Максім Жбанкоў і Зміцер Падбярэзскі
Рамантызм 60-х яшчэ жывы, нават у тых, хто ведае тыя часы па кінастужках. Цікава, кім бы былі вы, калі б нарадзіліся ў 60-я?