
Вечарыну цеплых песень і вершаў, касмічнай музыкі і добрага настрою — “Цёплы канцэрт” — зладзілі дойліды праекту “Вежа міру” у музеі Максіма Багдановіча 18-ага снежня.
Склад выступоўцаў, фармат музыкі, вершаў і песняў складаўся паводле крытэрыю цеплыні і касмічнасці.
Арганізатар вечарыны Міхаіл Бараноўскі:
— Сёння ў нас у гасцях касмічныя людзі, якія граюць цёплую музыку. Гурты, якія сёння выступаюць, аб’ядноўвае агульны настрой музыкі, якую яны выконваюць.
Цеплыню вечару падтрымлівалі ў музычных нотах і вершах. Музыкантаў і выступоўцаў саграваў сімвалічны комін у выглядзе свечкі. Распачынаць цёплыя песні давялося фолькава-касмічнаму гурту “Хорціца”, які ўвасобіў у нотах флейты, скрыпкі і гітары касмічную аўтэнтыку, славянскую лірыку і ўтульны смутак.
Змагацца з зімовым холадам працягнуў гурт “Шэпт срэбра”. Пакуль музыканты рыхтаваліся да выступаў, наведвальнікі грэліся вершамі ад Міхаіла Бараноўскага пра Анджаліну Джалі, пра грубыя і ласкавыя вочы загадкавай каханай насупраць ды інш.
Кульмінацыяй цёплага настрою стаў выступ “Сонечнага сахаліну”, які нягледзячы на зімовае надвор’е сабраў у сваіх песнях цеплыню сонечнага рэггі.
Жадаючых пагрэцца музыкай сабралося багата, крэслаў на ўсіх не хапала, таму даводзілася займаць месцы на падлозе поруч з музыкантамі.
Канцэрт скончыўся гарбатай з прысмакамі, а пасля яе можна было паслухаць выступы музыкантаў на біс.
Фота: ТН