Віктар Шалкевіч: Гэта будзе зусім новы канцэрт

27.04.2010 Музыка

Гарадзенская зорка бардаўскай песні Віктар Шалкевіч расказаў пра разынкі новага альбому «Шчаслівая сямёрка» ды вызначыў адметнасці будучага канцэрту-прэзентацыі, што адбудзецца ў мінскім Палацы культуры ветэранаў 28 красавіка.

– Новы альбом мае назву «Шчаслівая сямёрка», да таго ж у 2009 годзе Вы адсвяткавалі свой юбілей. Вы верыце ў магію лічбаў?

– Уся ініцыятыва з альбомам і з назваю належыць вядомай музычнай акуле ўсіх часоў і народаў – Віталю Супрановічу. Я да альбому маю тое дачыненне, што я яго наспяваў. Я усім апавядаю гісторыю, чаму пачаў пісаць новыя песні. Ехаў я аднойчы з сям’ёй з Крыму. І ехаў са мной у аўтобусе адзін цікавы чалавек. Ён усё хадзіў каля мяне. Потым падышоў і павітаўся: як высветлілася, гэта быў мой харошы, сталы фан. І ўся яго сям’я таксама мае фаны. Ён пачаў размаўляць, распытваць пра сёе-тое. Потым кажа: «Віктар, нам вельмі б хацелася, каб вы зноў з песнямі новымі выступалі, бо мы стаміліся чакаць новых песняў». Гэтая сустрэча мяне перавярнула, па-добраму так. І вярнуўшыся, я вырашыў адразу дапісаць тыя песні, што ў мяне ляжалі на паліцы напалову зробленыя. І атрымалася восем ці дзевяць новых песняў.

– Віктар, у чым адметнасць Вашага новага рэлізу «Шчаслівая сямёрка», якіх сюрпрызаў варта чакаць?

– Перадусім на ім будзе многа зусім новых песняў, якія я напісаў літаральна за мінулыя два гады. Па-другое, народ хоча нешта новае спяваць разам з Шалкевічам і атрымае такую мажлівасць. У новы альбом увайшлі песні «Такая доўгая зіма», «Песня пра жэншчыну», «Песня пра Славянскі базар», «Лета, якое мы зноў змарнавалі». Таксама ў фармаце mp3 на дыску знойдуцца некалькі старых кампазіцый.

– На вокладцы новага альбому змешчаная выява пацучка з выцягнутым носам, у чым яе сімвалізм?

– Мая дачка Марта, якая таксама цікавіцца гэтым усім, кажа: «Баця, ты ў нас не падобны да пацучка, каб быў падобны, пацучок быў бы лысы, без грыўкі, а там пацучок з грыўкай». Не ведаю ўнутранага сэнсу гэтай вокладкі, але яна мне вельмі спадабалася.

– Што да будучага канцэрту, у чым яго разынка, якіх сюрпрызаў трэба чакаць?

– Гэта будзе зусім новы канцэрт. Я прыеду з новымі музыкамі. Са мной прыедуць Барыс Фадзін, які цудоўна грае на акардэоне, і Вячаслаў Панько, які грае на скрыпцы. Будзе такое гітарна-акардэонна-скрыпічнае трыо. Мы ўжо спрабавалі зрабіць такі канцэрт у Гародні. Смеючыся, я казаў музыкам, што такой колькасці апладысментаў яны пэўна не чулі за сваё жыццё. Атрымалася ўдала. Праграма будзе гучаць зусім па-новаму. Я зайграю некаторыя рэчы, якія мне вельмі блізкія.

Фота (с)