“ЗАЧОТны” дзень

18.11.2009 Музыка

Дзённікі і завочнікі, выпускнікі і першакурснікі, маладыя спецыялісты і сталыя прафесіяналы – тыя, хто быў студэнтам, ніколі не забудуць, што 17 лістапада – іх дзень.

Сёлета міжнародны дзень студэнта выбухнуў рок-канцэртам у мінскім R-clube 17 лістапада.

Музычная праграма студэнцкага свята мусіла стаць рознастылёвай і шматбаковай, злучыць верагодныя музычныя густы беларускага студэнцтва ва ўсіх праявах.

Адзін з арганізатараў канцэрту Алег Ларычаў:

– Сённяшнія гурты-выступоўцы шукаюць натхненне для сваёй творчасці ва ўспамінах аб студэнцкіх гадах, некаторыя з іх яшчэ студэнты. Разнастайнасць іх музычных стыляў адлюстроўвае ўсю рознабаковасць студэнцкага жыцця.

Дзень студэнта – вясёлае свята радасці і найлепшых гадоў жыцця, але гісторыя гэтага свята пачалася не са святочнай тусоўкі, а з супраціву. Гэты дзень быў абраны ў 1941 годзе ў Лондане, на міжнароднай сустрэчы студэнтаў, якія змагаліся супраць фашызму. Дзень семнаццатага лістапада стаў днём салідарнасці са студэнтамі Чэхаславакіі, якія былі расстраляныя фашыстамі ў 1939 годзе.

Адзін з удзельнікаў канцэрту Андрусь Такінданг:

– Гэта дзень салідарнасці са студэнтамі, якія выйшлі на вуліцы свайго гораду, каб адстойваць сваю краіну.

Неўзабаве дзень салідарнасці ператварыўся ў дзень свята. На канцэрце для студэнтаў спалучыліся стылі ад агрэсіўнага ска да пазітыўнага панку. Распачыналі канцэрт і разагравалі наведвальнікаў госці з гораду-героя Барысава – гурт “Цукерка”.
Пад музыку ад эксцэнтрычнай “Гаротніцы” пачыналі танчыць першыя студэнты. Пажарны ансамбль з элементамі джазу і балканскімі ноткамі фільмаў Кустурыцы пачаў разнявольваць слухачоў.

Вакалістка гурта “Гаротніца” Валерыя Валадзько:

– Гэтым разам будзем танчыць, скакаць і бегаць.

Акрамя выступоўцаў і наведвальнікаў на канцэрце можна было сустрэць музыкаў, якія не бралі ўдзелу ўу святочнай праграме.

Сваімі ўражаннямі ад канцэрту падзяліўся Алесь Зайцаў з гурта “Босае сонца”:

– Першае ўражанне было не вельмі добрае, бо студэнцтва – гэта асобны слой грамадства, які знаходзіцца ў вечным адрыве, а ў сваё свята гэты адрыў павінен быць максімальным. Весялосць павінная зашкальваць, але на сярэдзіне вечару людзі хаваюцца па кутах, пры тым, што на сцэне даволі пазітыўная музыка, пад якую можна танчыць і весяліцца. Але хтосьці ўжо пачынае варушыцца, і гэта радуе.

Сціплыя танцы перараслі ў слэм пад пазітыўны панк ад гурта “Амарока” і ска ад аматараў футболу з гурта “Zatoczka”.
Завяршаць канцэртнае шоў давялося жартаўнікам з “Разбітага сэрца пацана”. Музыкі ладзілі экшн з постмадэрнісцкай падтанцоўкай ад па-мастацку апранутых і расфарбаваных дзяўчат. А гітарыст Дзяніс Тарасенка падмяніў басіста, які з’ехаў вудзіць рыбу.

Дзяніс Тарасенка:

– Мы не можам удзержацца ад прыкраснага. У нас сёння, як звычайна, незвычайны канцэрт, бо наш бас-гітарыст паехаў у ЮАР – у Кейптаўн на рыбалку. Ён – чалавек-акунь, а мы яго называем “лешч”. Я сёння вымушаны іграць на каком-та чуда-інструменце.

Па сканчэнні канцэрту ўсіх наведнікаў чакаў сюрпрыз – дыск “Дзень студэнта” ў падарунак. “Дзень студэнта” – складанка пазітыўнай музыкі ад маладых беларускіх гуртоў. На дыску, акрамя маладых гуртоў, можна пабачыць запісы “Ляпісаў” і “Dali”, бо студэнцтва – не сацыяльны стан, а стан душы.