Паэзія Уладзіміра Караткевіча прагучыць у песнях Змітра Вайцюшкевіча цягам канцэрта, прысвечанага 80-ці годдзю беларускага літаратара, што мае адбыцца 20 траўня ў Палацы культуры ветэранаў. З гэтай нагоды Зміцер распавёў пра адметнасць паэзіі знакамітага аўтара ды пра разынкі будучага канцэрту.
— Зміцер, што гэта будзе за канцэрт, якіх сюрпрызаў варта чакаць?
— Можна лічыць, што гэта будзе прэм’ера. Песні на вершы Караткевіча пісаліся цягам дзевяці гадоў. Спецыяльна для канцэрту напісаныя тры песні, каб атрымалася дванаццаць. Большасць кампазіцый рабілася калісьці для праекту “Скрыпка дрыгвы”, які, на жаль, яшчэ не выдадзены. Караткевіча любяць усе. Каб ён жыў зараз, ён быў бы патрыётам, якім ён і з’яўляўся ўсё сваё жыццё.
— Якія з вершаў Караткевіча прагучаць у вашых песнях цягам канцэрту?
— Усяго будзе дванаццаць песняў. Прагучыць прэм’ера “Корчмы”; “Безгаловая венера”, якая была зробленая для “Скрыпкі дрыгвы”; “Заяц варыць піва” – таксама прэм’ера; “У жніўні дзень” і г.д. Па тэматыцы песні будуць вагацца ад патрыятычных да гумарыстычных і лірычных. Караткевіч пісаў шырока, і мне гэта вельмі падабаецца. Ён умеў пасмяяцца, умеў зачапіць, мог быць вострым. Караткевіч – гэта той светлы вобраз, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў.
— Адам Русак, Уладзімір Някляеў, Рыгор Барадулін – паэты, вершы якіх ужо ўвасобленыя ў вашых песнях. Адкуль такая любоў да паэзіі?
— Я не быў выхаваны ў паэтычным асяродку. У свой час нехта на Беларусі рабіў праграму на вершы беларускіх паэтаў. Так сталася, што цяпер гэтым пачаў займацца я. Гэта быў пэўны шанец і для майго музычнага увасаблення. Дагэтуль, як ні дзіўна, у цэлым ніхто не робіць праграм на вершы беларускіх паэтаў. Такая традыцыя пачалася яшчэ да Песняроў і яна, на мой погляд, правільная.
— Зміцер, якім чынам вы абіраеце таго ці іншага аўтара з беларускай літаратуры, каб пасля ўвасобіць яго вершы ў сваіх песнях?
— Нешта павінна бліснуць ці кальнуць. Прычым, для гэтага неабавязкова чытаць кніжку. Галоўнае –вобраз паэта. Той самы Някляеў ці Барадулін – людзі з біяграфіяй, з пэўным жыццёвым досведам, як і Бураўкін, і Дранько-Майсюк. Асноўны крытэр – цікавасць асобы. Тыя людзі, з вершаў якіх я рабіў песні, і тыя , што пішуцца зараз – гэта тое, што варта рабіць каму-небудзь, і я гэтым займаюся.
— Што да паэзіі Караткевіча, то ці актуальна яна сёння і ў чым яе значнасць?
— Мне не выпадае быць літаратурным крытыкам, але мне асабіста яго паэзія вельмі блізкая. Караткевіч пісаў так, што я ў стане перадаць гэта сотням і тысячам слухачоў. Гэта не проста і не складана. Сакрэт Караткевіча ў тым, што яго творчасць — пасыл сэрца. І добрая беларуская мова, і невядомыя словы – усё ёсць у творчасці Караткевіча.
— Ці будуць песні з канцэрту ўвасобленыя ў дыскаграфіі?
— Так. Мы збіраемся запісваць канцэрт. Гэта будзе Live. Калі усё атрымаецца ўдала, ці то напярэдадні, ці то на само 80-ці годдзе Караткевіча, мы зробім яшчэ адзін канцэрт у якасці прэзентацыі альбому. Мажліва запросім удзельнікаў “Скрыпкі дрыгвы” і зладзім канцэрт ў вялікай залі к/з Мінск.