“Адвечная песня” на вялікай сцэне Тэатра лялек (фотарэпартаж)

Легендарная пастаноўка Алексея Ляляўскага па матывах аднайменнай паэмы Янкі Купалы – спектакль “Адвечная песня”, пра які мінчукі шмат чулі, але мала хто бачыў, быў паказаны ў Тэатры лялек 28 студзеня.

Спектакль пабачыў свет даволі даўно, яшчэ ў 2004 годзе. Так здарылася, што больш з ім знаёмыя жыхары іншых краін. Спектакль быў неаднаразова паказаны ў Германіі, Нідэрландах, Польшчы, Швейцарыі, Расіі, Харватыі, Бельгіі і інш. Ён узяў Гран-пры на фестывале “Белая Вежа” і прыз за лепшую рэжысуру на міжнародным форуме “PIF” у Загрэбе.

Гэтым разам адбыўся трэці паказ “Адвечнай песні” у Беларусі. Першапачаткова ён быў прыстасаваны для невялікіх залаў, але галоўны рэжысер тэатра Алексей Ляляўскі разам з Ірынай Юр’евай, ажыццявіў задуманае і перанес пастаноўку на вялікую сцэну.

“Гэты спектакль патрабуе, каб было бачна, што адбываецца на падлозе. А у нашай краіне, на жаль, тэатральных памяшканняў з амфітэатрам практычна няма. У Брэсце мы яго паказвалі на малой сцэне Драмтэатра”, – распавёў рэжысёр.

“За аснову была ўзята ідэя, што ёсць адны людзі, якія жывуць, працуюць на зямлі, і існуюць іншыя, якія іх не заўважаюць. На гэтую тэму я напісаў п’есу, якая называлася “Біяграфія”, усяго чатыры старонкі. Пасля было вырашана сумясціць яе з “Адвечнай песняй” Купалы, якія па сутнасці маюць агульную тэму. Так мы ўзялі фрагменты і паспрабавалі перавесці паэтычны рад у карцінкі “, – падзяліўся майстар гісторыяй стварэння.

“Для любога тэатральнага мастака вялікая радасць – сутыкнуцца з творчасцю Янкі Купалы. Гэта першая пастаноўка “Адвечнай песні” ў Тэатры лялек. Мы паспрабавалі зрабіць гэты спектакль амаль без слоў. Спектакль атрымаўся ціхі, але ня сумны”, – дадаў аўтар.

Сапраўды, слоў у ім амаль няма, але даволі багата песен: не толькі народных, на вершы беларускіх паэтаў (“Мой родны кут”), але і сучасных гітоў (некалькі кампазіцый гурта “Ляпис Трубецкой”).

Дарэчы, шмат выкарыстоўваецца цікавых вынаходак і прыстасаванняў: ці то муха-агрэгат, што гудзе вакол лямпы, або кветкі-цвікі, якія забіваюць малатком у падлогу, або журавель, які праглынае замест чарвяка вадаправодны вентыль.

Або сюжэт пра сялянскую лазенку гулліва абыграны ў стылі тэатра ценяў.

Або Яе вялікасць Смерць у вобразе прыбіральніцы з бляшанымі вёдрамі.

І вядома ж, галоўны сімвал – зношаныя гумавыя боты. Раней такім сімвалам ў беларусаў былі лапці. Але як іх не назаві – сутнасць не мяняецца. І жыццё ідзе сваім парадкам: за зімой – вясна, за стагоддзем – стагоддзе …

“Цяпер мы спрабуем арганізаваць праграму з адмысловых спектакляў, якія мінскія гледачы практычна не бачылі. Лялечны тэатр (я не маю на ўвазе дзіцячыя лялечныя спектаклі) для дарослых – гэта элітарнае мастацтва. Таму будуць спецыяльныя паказы. Пачалі мы з “Адвечнай песні”, потым хочам паказаць спектакль “Чаму старэюць людзі?”, – падзяліўся рэжысёр планамі на будучыню.