Ёсць меркаванне, што сёння беларусам жывецца асабліва нялёгка: яны азадачаныя ў першую чаргу задавальненнем сваіх матэрыяльных патрэбаў. Ці можна сказаць, што гэта даміноўны стэрэатып у свядомасці насельніцтва? Якое месца займае ў ім культура? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае Алена Макоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
— Так, існуе меркаванне, што чалавек пачынае цікавіцца культурай толькі на поўны страўнік. Але давайце не ўзводзіць гэтае меркаванне ў абсалют, зыходзячы з таго, што ў розных людзей розныя патрэбы. Важную ролю грае выхаванне чалавека, яго асяроддзе, сямейныя традыцыі і, натуральна, тое, наколькі ў грамадстве, у тым ліку на дзяржаўным узроўні, культывуецца павага да сваёй культуры і фармуецца гэтая патрэба.
— А ці існуе такая патрэба ў беларусаў?
— Для мяне важным сведчаннем цікавасці беларусаў да культуры з’яўляюцца вынікі апытання, што мы рабілі разам з лабараторыяй “Новак” улетку 2011 года. Дык вось, 33% беларусаў хацелі б удзельнічаць у культурніцкіх кампаніях. А апытанне праводзілася якраз тады, калі пачаўся эканамічны крызіс. І ўвогуле большая частка апытаных хацела б, каб было болей канцэртаў, фестываляў, фільмаў па гісторыі краіны, сустрэчаў з вядомымі людзьмі, дабрачынных акцый. Мерапрыемствы я называю па рэйтынгу папулярнасці сярод насельніцтва.
У той жа час нядаўняе апошняе апытанне, вынікі якога мы толькі публікуем, сведчыць, што ўзровень ведаў пра сучасную культуру дастаткова нізкі. Вось і атрымліваецца, што попыт ёсць, а прапановы няма, або яна нецікавая, або цікавая далёка не ўсім.
— Чаму так адбываецца?
— Давайце паглядзім на прапановы. У асноўным з тэлевізара і радыё на нас льецца поп-музыка, але вядомасць афіцыйнай эстрады вельмі невысокая. Тут і фактар якасці, і тое, што калі твор выконваецца на розных мовах, вы не заўжды будзеце разбірацца (асабліва калі не цікавіцеся поп-культурай), якую краіну гэты выканаўца прадстаўляе. Адсюль і невысокая пазнавальнасць нават афіцыйнай беларускай эстрады.
Нашыя апытанні сведчаць, што публіка злёту згадвае імёны тых, хто быў раскручаны яшчэ ў савецкія часы. І не толькі таму, што тады была большая цікавасць да поп-культуры ці брэнд раскручваўся больш пісьменна. Проста нашыя выканаўцы тых часоў дастаткова трывала асацыяваліся з нашай краінай, з нашай культурай, давалі сучасны і якасны па тых часах прадукт, былі аб’ектам нашага нацыянальнага гонару.
Якая яшчэ праблема з беларускай поп-культурай? Побач з намі вялікі расійскі рынак, з вялікімі грашыма і жорсткай канкурэнцыяй адпаведна. А значыць, і прапанова там больш разнастайная і якасная. Не кажучы пра заходніх выканаўцаў. Разумееце, той, хто слухае Лэдзі Гагу, наўрад ці будзе слухаць беларускага поп-выканаўцу.
На афіцыйным, дзяржаўным узроўні беларускамоўны культурны прадукт прадстаўлены збольшага фальклорам. Я вельмі паважаю беларускі фальклор, шаную яго і ўпэўненая, што на яго аснове можна ствараць якасныя сучасныя творы, якія могуць зацікавіць моладзь. Што робяць і “Палац”, і “Троіца”, але іх чамусьці якраз і няма на экранах тэлевізараў.
— Чаму, дарэчы, менавіта эстрада прадстаўляе сёння сучасную (афіцыйную) беларускую музыку? Па радыё і тэлевізары гучыць выключна эстрада…
— Мне падаецца, што беларуская афіцыйная культура завісла недзе ў 80-х, а можа, і раней. І ёй патрэбная “перазагрузка”. У нас каля 30% грамадзян па-ранейшаму ўсведамляюць сябе савецкімі людзьмі, магчыма, яны і з’яўляюцца асноўнымі спажыўцамі “дзяржаўнай” беларускай поп-культуры. Магчыма, гэта людзі, якія лічаць, што Беларусь увабрала ў сябе найлепшае, што было ў СССР. І гэта рэкламуецца і дзяржаўнымі ідэолагамі. Але ж у нас ёсць яшчэ 70% насельніцтва, і ў іх іншыя інтарэсы.
— Шкада, што альтэрнатыўная музыка, якую слухае большасць з гэтых 70%, ніяк не прадстаўленая ў афіцыйных СМІ. Таму не дзіўна чуць, што нам няма чым і няма кім ганарыцца.
— Найбольш актыўныя і цікаўныя шукаюць самі, па мінскіх клубах, у інтэрнэце. І знаходзяць, таму мінскія прыватныя пляцоўкі заўжды маюць публіку. Але шкада, што гэтая музыка вельмі рэдка можа перасекчы МКАД. Вельмі паказальным было невялікае апытанне, зладжанае журналістамі ў Берасці: ці ведаюць берасцейцы свае вядомыя гурты, мясцовыя. І ніхто не здолеў назваць “Сцяну” альбо “Дай Дарогу!”, якія ў Мінску збіраюць поўныя залы.
А тых, каго не зачапіла, хто не шукаў ці ў прынцыпе не ведаў пра існаванне, паглынае іншымі культурамі, што для Беларусі — вялікая раскоша. Беларусы і так у большасці сваёй вызначаюць сябе беларусамі па тэрытарыяльнай ці грамадзянскай прыкмеце. Больш глыбокая ідэнтычнасць прыходзіць менавіта праз культуру. Таму ўсе еўрапейскія краіны падтрымліваюць свае нацыянальныя культуры. Больш за тое, ствараюць свае культурныя інстытуты ці прадстаўніцтвы ў замежжы, такім чынам пашыраючы кола лаяльных да сваёй краіны, падвышаючы свой міжнародны імідж.
— А чым, на Вашую думку, займаецца беларускі чыноўнік сферы культуры?
— Беларускі чыноўнік сферы культуры — у першую чаргу чалавек дзяржаўны, у якога ёсць дакладнае ўсведамленне, чаго нельга рабіць і ў сувязі з гэтым — пэўны страх перад нейкімі інавацыямі і праявамі сучаснай, а значыць незнаёмай, культуры. Адсюль перакананне, што лепш рабіць усё тое звыклае, што рабілася гадамі, праверанае, старое, знаёмае. Бракуе нашым чыноўнікам і сучасных методык, маркетынгавых падыходаў. І ўвогуле сфера культуры ў Беларусі — не самая прыярытэтная ў плане дзяржаўнага фінансавання. Хаця на маю думку, культура — самая важная сфера ў плане дзяржаўнага будаўніцтва, асабліва для такой краіны, як Беларусь.
— Гэта значыць, менавіта праз культурныя рэформы адбудуцца нейкія якасныя змены ва ўсіх астатніх сферах жыцця краіны?
— Я ўпэўненая, што сітуацыя калі-небудзь ды зменіцца. Я іншага выйсця для нас проста не бачу. Інакш нас проста не будзе. Глядзіце, у Расіі з 1992 па 2002 год знікла амаль паўмільёна беларусаў, за апошнія 10 гадоў прыблізна столькі ж, тыя ж працэсы ідуць у іншых краінах. Беларусы актыўна асімілююцца іншымі культурамі. Таму што беларуская ідэнтычнасць сёння ў асноўным пабудаваная на тэрыторыі ці грамадзянстве. Але гэтую сітуацыю можна паправіць праз сістэмную падтрымку беларускіх дыяспараў з боку Беларусі за межамі краіны, праз папулярызацыю нацыянальнай культуры ў самой Беларусі.
Цяпер новы віток эміграцыі працоўнай сілы, прычым кваліфікаванай. Як вы думаеце, гэтыя людзі вернуцца? А як вы думаеце, кім яны будуць праз 10, праз 20 гадоў? Вельмі хочацца, каб людзі, што прымаюць рашэнні на дзяржаўным узроўні, дакладна гэта разумелі і ўсведамлялі. Сярод розных відаў ідэнтычнасці самая глыбокая, на маю думку, культурная. Можна жыць у любой краіне, можна быць грамадзянінам любой краіны, але пры гэтым быць беларусам.
— Што, на Вашую думку, трэба зрабіць у першую чаргу, каб адрадзіць культурнае жыццё і самасвядомасць беларусаў?
— У першую чаргу адкрыць доступ усёй разнастайнай сучаснай беларускай культуры да аўдыторыі. І паверце, ад гэтых зменаў у першую чаргу выйграе сама краіна, выйграюць людзі, бо культура паляпшае жыццё чалавека, спрыяе разуменню свету. Культура стымулюе адукацыю, грамадскія інстытуты, тэрытарыяльнае адзінства і нават эканамічны рост. Беларуская культура — той грунт, на якім стаіць нашая будучыня.
Даведка “Будзьма беларусамі!”
Алена Макоўская. Нарадзілася 1 ліпеня 1970 года ў горадзе Кобрын, скончыла там жа школу, паступіла ў інстытут замежных моваў у Мінску, які цяпер вядомы як лінгвістычны ўніверсітэт. У 1992 годзе прыйшла працаваць у Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сакратаром-рэферэнтам. У 1997 годзе скончыла Акадэмію кіравання, юрыдычны факультэт. Калі паступала яна называлася пры Савеце Міністраў, ужо падчас вучобы памяняла статус і стала пры прзідэнце. У 2001 годзе абраная старшынёй рады “Бацькаўшчыны” на Трэцім з’ездзе беларусаў свету, а ў 2009 кіраўніком гэтай слыннай арганізацыі, таксама на з’ездзе, толькі ўжо Пятым.
Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч