Пісьменнік Алесь Аркуш, які ўжо шмат гадоў жыве за межамі Беларусі, у сваёй новай кнізе згадвае мясціны юнацтва. Умоўна называючы раман «Палімпсест» «жодзінскім», аўтар настойвае на тым, што кніга не цалкам дакументальная, і тлумачыць з’яўленне новага рамана патрэбай ствараць сучасныя міфы для беларускай правінцыі. Пра навізну стылю, юнацкую любоў да рок-н-ролу і дзяўчат пагутарылі два былыя жодзінцы — Алесь Аркуш і Алесь Кот-Зайцаў.
— Алесь, як з таго звычайнага юнака з правінцыі, галоўнага героя рамана, вырас пісьменнік, старшыня Таварыства вольных літаратараў?
— Напэўна ёсць ва ўсім свая наканаванасць. У школьныя гады мой настаўнік малявання сказаў маім бацькам: «Ваш сын, як вырасце, напэўна стане дырэктарам завода, мяркуючы з таго, які ён сур’ёзны». Але як здараецца так, што пасля такія вось хлопцы робяцца пісьменнікамі? Выпадковыя падзеі, любоў да кнігі, першыя спробы творчасці — напэўна, усё гэта паспрыяла. А калі пачнеш пісаць, то далей яно круціцца як кола, і без гэтага ўжо не жывецца.
— Раман «Палімпсест» Вы называеце «жодзінскім». Чытаючы раман, я пазнаю родны горад па нейкіх месцах, згадках, адчуваннях, а шмат у чым зусім не пазнаю. Сказваецца рознасць пакаленняў?
— У маім юнацтве Жодзіна па сутнасці было вёскай. Там жылі людзі, якія пад вокнамі шматпавярховак садзілі гароды, мелі нейкія катушкі са свінкамі ды курамі. Ясна, што ў такім асяроддзі цяжкавата было знайсці аднадумцаў, якія б разумелі маю цікавасць да паэзіі. Таму і ў рамане я кажу, што шмат якія з маіх сяброў нават не ведалі, што я пішу. Я таемна ад сяброў вазіў вершы ў мінскія рэдакцыі, шукаў аднадумцаў там.
— Як Вам падаецца, ці прагрэсуюць сённяшнія правінцыйныя гарады, такія як Жодзіна, у параўнанні з савецкімі часамі?
— Думаю, месцы, дзе моладзь бавіць час, якімі былі ў савецкія часы, такімі і засталіся. Бо варыянтаў у такіх гарадах няшмат — кінатэатр «Юнацтва», ДК з танцамі, нейкія гурткі і ўсё. Тут прагрэс наўрад ці ёсць. Але, безумоўна, сённяшняе жыццё юнакоў у правінцыі моцна змяніла інтэрнэт-рэвалюцыя. Менавіта сеціва дазваляе такім гарадам, як Жодзіна, далучыцца да сусвету. Калі раней такая сувязь была толькі праз тэлевізар, нешматлікія часопісы, то сёння дзякуючы інтэрнэту чалавек можа камунікаваць са светам. Таму сённяшні жыхар правінцыі зусім іншы.
— Герой рамана хоча вырвацца з «правінцыйных кайданоў». Ці проста было жыць у Жодзіне? Якімі цяпер згадваюцца вам юнацкія гады ў гэтым горадзе?
— Для мяне родны горад — гэта найперш пэўныя месцы. Прыкладам, тая ж Брызгалаўка (вадасховішча), гэта месца, дзе мы дзецьмі бавілі час, лавілі рыбу. Для мяне гэта метафара дзіцячага раю. І ў гэтым рамане ўвесь час прысутнічае тая Брызгалаўка. У юнацкія гады здавалася, што правінцыйны горад прыгнятае, ты нібы ў турме сядзіш. Але з часам прыходзіць разуменне, што тыя паездкі на рыбалку, у грыбы, гульня ў футбол у двары — гэта і ёсць сапраўднае жыццё. І гэта ўжо ніколі не паўторыцца. Сышло незваротна, як і само дзяцінства. Дарэчы, таму раман і называецца «Палімпсест»: прыходзіць разуменне, што тое, што ў юнацтве падавалася фенаменальна важным, аказалася нічога не вартым. А вось такія дробязі, як блазнаванне з сябрамі, стварэнне музычнага гурта ці напісанне першай песні, па сутнасці ў нечым вырашылі мой лёс.
— Усё жыццё галоўнага героя кнігі прасякнутае захапленнямі — таямнічым каханнем, першымі спробамі пісаць вершы, рок-музыкай. Ці захаваў ён тыя юнацкія захапленні?
— Так! Калі я пачаў пісаць гэтую кнігу, то вырашыў знайсці ў Польшчы, дзе цяпер жыву, усе кружэлкі, пра якія згадваецца ў рамане. Альбомы гуртоў Kiss, Pink Floyd, Fleetwood Mac, Queen і г.д. Я вельмі хутка гэта ўсё знайшоў і так уцягнуўся, што купіў больш за 1000 кружэлак. Гэта досыць вялікая калекцыя музыкі 70-х, 80-х гадоў. Абсалютна ўся музыка, што згадваецца ў кнізе, цяпер ёсць у маёй фанатэцы. У мяне заўсёды была вялікая любоў да вінілавых кружэлак, а цяпер дзякуючы гэтаму раману я вярнуў сваё юначае захапленне і нават набыў сучасны прайгравальнік вінілу.
— У рамане Вы амаль даслоўна прыводзіце лісты тагачасных сяброў, старонкі свайго дзённіка, тэксты песень і г.д. Усе гэтыя тэксты ў кнізе напісаныя па-беларуску. Іх арыгіналы ў тыя гады сапраўды пісаліся па-беларуску ці былі перакладзеныя з рускай мовы спецыяльна для рамана?
— У рамане наўмысна не кранаецца нацыянальная тэма. Я не звяртаю ўвагу чытача на тое, на якой мове пішуць, размаўляюць і жывуць героі. У часы юнацтва для мяне гэта не было істотным. Ясна, што й тыя лісты сяброў, і мае першыя вершы былі рускамоўнымі. Але ў гэтым рамане я разважаю не пра нацыянальныя праблемы, а закранаю вельмі істотныя тэмы — разуменне дому, захаванне сямейных традыцыяў. Галоўны герой кнігі шмат пра гэта разважае. Ён збіраецца з’язджаць з горада, і перад ім паўстае пытанне: што гэта значыць — пакінуць дом, жыць у іншым месцы? Але ён прыходзіць да слушнай высновы: калі ты хочаш быць касманаўтам, то мусіш паехаць туды, дзе ёсць касмадром і дзе навучаюць касманаўтаў. Гэта, напэўна, адна з галоўных праблемаў, узнятых у рамане. Хаця праблемаў там шмат — пачынаючы ад стаўлення да алкаголю і заканчваючы стаўленнем да кахання.
— Мінулая кніга, «Брызгалаўка», таксама была прысвечаная Жодзіну. З чым звязаная такая прага пісаць пра горад дзяцінства?
— Я адчуваю, што ёсць патрэба стварэння сучасных міфаў для такіх гарадоў. Бо Жодзіна — гэта горад, які паўстаў практычна з нуля і не мае сваёй сталай культурніцкай традыцыі. Таму традыцыю трэба ствараць. Дзякуй Богу, з гербам, гісторыяй паўстання горада апошнім часам стала лепш. Высветлілі, што Багуслаў Радзівіл заснаваў Жодзіна, гады першых згадак і г.д. Але гэтай гісторыі трэба было дапамагчы нейкім сучасным міфам, што я сваімі кнігамі і раблю. Наступны мой раман будзе своеасаблівым працягам «Палімпсеста» і будзе прысвечаны маім «полацкім» гадам. Але стылістычна гэта будзе зусім іншы раман.
— Вы кажаце пра навізну стылю і незвычайнае спалучэнне рэальнага і вымыслу ў рамане. У чым яно?
— Гэта стыль, падобны да мастацкіх фільмаў пра вядомых людзей, дзе большасць герояў, падзеяў, назваў адпавядае рэальнасці. Але гэта не дакументалістыка, а ўсё ж мастацкая проза. Ёсць там шмат выдуманага. Прыкладам, свае сны, трызненні тых часоў я ўспрымаю настолькі рэальнымі, што ў рамане выдаю іх за праўду. Больш за тое, я абраў новы для беларускай літаратуры шлях — сюжэт рамана абсалютна нелінейны. Звычайна ў раманах падзеі разгортваюцца храналагічна, маюць працяг. У «Палімпсесце» гэтага няма — апісваюцца часы службы ў войску, пасля раптам ідуць успаміны давайсковыя, юнацкія, пасля лісты сяброў і г.д. У гэтым нелінейным стылі і ёсць навізна і своеасаблівасць рамана «Палімпсест».
— Ці з’яўляюцца сучасныя жодзінцы патэнцыйнымі чытачамі «Палімпсеста»? Прэзентацыя ў Жодзіне плануецца?
— Прэзентацый будзе шмат. Апроч прэзентацыі ў Мінску днямі запрасілі ў Віцебск. Ясна, што прэзентацыі таксама адбудуцца ў Полацку і, безумоўна, у Жодзіне. Я стараюся пісаць кнігі для пэўнай мэтавай аўдыторыі, разумеючы, каму тая ці іншая будзе найбольш патрэбная. Думаю, што якраз асноўныя чытачы рамана «Палімпсест» — жодзінцы. Знаёмыя з Жодзіна ўжо тэлефануюць і пытаюцца дзе можна купіць кнігу. Хаця не выключана, што яны даўно ніякіх кніжак не чыталі, а вось «Палімпсест» абавязкова прачытаюць. Ім гэта будзе цікава, бо гэта часткова пра іх, пра іх горад, пра іх маладосць. Я думаю, што ў Жодзіне такіх людзей знойдзецца не адна сотня.
Найбліжэйшая прэзентацыя новага рамана Алеся Аркуша, «Палімпсест», пройдзе ў Мінску, 1 кастрычніка, у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А). У імпрэзе, што пройдзе ў рамках кампаніі «Будзьма беларусамі!», возьмуць удзел музыкі Вольга Акуліч, Monkey Bite і літаратары Валянцін Акудовіч, Пятро Васючэнка, Уладзімір Арлоў, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль ды іншыя. У пачатку лістапада таксама плануюцца прэзентацыі кнігі ў Полацку, Віцебску і Жодзіне.
Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларусамі!»