Альгерд Бахарэвіч: Прэмія для нікога

Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў Беларусі чакаюць даўно і з нейкай асуджанасцю, што адчуваецца нават у тым тоне, якім пра яе, прэмію, пішуць. Не сёння, дык заўтра; не Алексіевіч, дык нехта іншы; не за прозу, дык за паэзію – і калі літаратурны чыннік не спрацуе, заўжды можна спадзявацца на палітычны. Гэта падобна да чакання ў доктара. Чарга рана ці позна рассмокчацца, нас паклічуць у кабінет. І хворы зуб бяспрэм’я абавязкова будзе выдалены, а зашчэмлены палец параненай нацыянальнай годнасці загоіцца і зноў пачне варушыцца, указваючы ўсім нам правільны шлях.

Напэўна, я адзіны ў краіне чалавек, які не хоча, каб Гэта здарылася. Прынамсі, у найбліжэйшы час. Пачувацца адзіным – досыць звычны для мяне стан і ніякага дыскамфорту не выклікае. “Неяк хораша, то бяздумна, то трывожна мне”, як пісаў Стральцоў. Вось не зычу я пакуль што той прэміі шматпакутнай беларускай літаратуры – і нідзе не цісне: ні ў чытацкай маёй іпастасі, ні ў аўтарскай, і сумленне маўчыць, як нежывое. Але мне праўда не хацелася б, каб у найбліжэйшыя гады тую ўзнагароду прынесла да нас зменлівым стакгольмскім ветрам. І вось чаму.

Не, не таму, што беларуская літаратура занадта слабая або не вартая пакуль што быць адзначанай на такім узроўні. Добрыя аўтары ў Беларусі ёсць – але тыя аўтары, якіх лічу добрымі я, не маюць ніводнага шанцу. Яны невядомыя, занадта нязручныя для таго злавеснага камітэта, амаль не перакладзеныя на вялікія мовы і нават у Беларусі як след не прачытаныя. Дык, баюся, вядомасць у свеце ім і далей не пагражае… Зручнымі яны рабіцца не збіраюцца, бо ў беларускай літаратуры няма такіх грошай. Перакладаць іх, што праўда, пачалі – але неахвотна так, хутчэй са спагады, чым з інтарэсу. А чытаць у Беларусі ўмеюць нямногія. У нас чытаюць пераважна па дыяганалі, кіруючыся чужымі меркаваннямі, і мяркуюць пра пісьменнікаў часцей зыходзячы з асабістых рахункаў, чым з іхных тэкстаў. Вось яшчэ: чытаць кагосьці… Нам жа ўсім сказана, патлумачана крытыкамі ды вульгарнымі сацыёлагамі і пацверджана апытаннямі: беларуская літаратура нецікавая, нікому не патрэбная і не здольная нікога ўразіць. Дык нашто яе чытаць?

Харошы аўтар па-за палітыкай і не кіруецца ў творчасці сённяшнім днём. А гэта, здаецца, дзве ўмовы, без якіх на сёння тую прэмію аўтару з прыдоння свету ніяк не атрымаць. Харошыя беларускія аўтары якраз такія: па-за палітыкай наколькі гэта магчыма і заклапочаныя вечным – і таму ім нічога не свеціць. А калі засвеціць – значыць, з імі нешта здарылася.

Бо такія прэміі, як Нобелеўская, псуюць нацыянальныя літаратуры. Менавіта псуюць: яны шмат робяць для іміджу, для вядомасці краіны і яе літаратуры ў свеце – але саму літаратуру нішчаць. Так раптоўная улада псуе некалі добрага, мірнага, спакойнага чалавека, так прыход “макдака” пакрысе забівае спрадвечную кухню. Ясная справа, чым мацнейшая літаратура, тым меншую яна мае патрэбу ў абароне, тым цяжэй яе сапсаваць. Аднак не думаю, што белліт настолькі магутны. З Нобелеўскай прэміяй да нас прыйдзе кан’юнктура – і заходняе занудства тут канчаткова пераможа, пісаць на заходні, нобелеўскі кшталт (ведаць бы, што гэта такое…) стане модна і актуальна, як эканомія энергарэсурсаў.

А яшчэ дужа не хацелася б, каб яе, Нобелеўскую прэмію, атрымаў расейскамоўны аўтар. Зноў жа, прычынаю не тое, што расейскамоўныя беларускія пісьменнікі самі па сабе паганыя або паганейшыя за расейскамоўных расейскіх. Не, сустракаюцца і нармальныя такія аўтары, не горшыя за Іхных. Аднак калі тую прэмію атрымае тутэйшы расейскамоўны “пісаціль” – гэта будзе параза. А іх і так хапае. Пры такім развіцці падзей гэтая прэмія нас заб’е – як забівае афіцыйнае дзвюхмоўе. А калі й не заб’е, дык загоніць яшчэ далей на маргінэс. Рэч у тым, што ад Беларусі ў такім разе будуць і надалей чакаць новых расейскамоўных геніяў. Пра тое, што тут, панове, ёсць яшчэ і нейкі беларусіш, ніхто ўжо не згадае. Такія вось страхі…

Таму, думаючы пра гэтую ўжо амаль ненавісную прэмію, так і хочацца ляпнуць нешта патэтычнае. Напрыклад, як у таго расейскага драматурга: “Дык не даставайся ж ты нікому!” Пражывем без цябе. Застанемся вольнымі і не зацягнутымі ў вір калялітаратурных жарсцяў, сусветнай літаратурнай індустрыі, па-за заламі славы і ўзбоч іншых, не зусім не творчых паталогій, якія валачэ за сабой гэтай бессэнсоўная ўзнагарода.

Дзе, урэшце, гордасць? Дзе самадастатковасць? Дзе албанскасць, якая прыцягвае да нас розных дзівакоў з усяго свету, якія прагнуць экзотыкі? Варта Беларусі атрымаць гэтую прэмію, дзівакі знікнуць. На іх месца прыйдуць засохлыя замежныя літаратуразнаўцы і камерсанты ад літаратуры. Ды толькі сусветнае прызнанне, у адрозненне ад чыстасардэчнага, не заўжды палягчае лёс і вырак.

А цяпер я раскажу пра свайго лаўрэата. Пра таго, хто, на маю думку, заслугоўвае той узнагароды і, цалкам магчыма, яе атрымае. І вось гэта будзе справядліва і своечасова. А пакуль што – рана.

Ён, мой лаўрэат, ужо існуе, ён жывы, прышчавы і, цалкам магчыма, ходзіць па адных з намі вуліцах. І – ён піша. Праўда, нідзе яшчэ не публікаваўся. Апошнім, што ён напісаў, быў мэйл з заявай на ўдзел у Школе маладога пісьменніка. Я не ведаю, як яго завуць, гэтага будучага лаўрэата. І якога ён полу, я таксама не ведаю, пішу “ён”, бо пад рукой толькі гэтая сэксісцкая граматыка, іншай няма. Сёлета яму, гэтаму герою паслязаўтрашняга дня, споўнілася шаснаццаць. Ну, можа, сямнаццаць. Яму яшчэ шмат давядзецца перажыць. Ён яшчэ дрэнна валодае беларускай (і пры гэтым піша тарашкевіцай, ставячы мяккія знакі дзе толькі можна). Ён удае з сябе нелюдзімага аскета – і сам пакуль не ўсведамляе, як жа яму насамрэч хочацца знайсці такіх, як ён сам. Ён мучыцца ад адзіноты і думае, які ён ужо стары. Ён апантана шчоўкае клавішамі і хоча быць падобны папераменна то на Паланюка, то на Жадана, то на Гертруду Стайн. Ён чытае ў метро, істота з ужо дасканала аформленым скаліёзам і апетытам гарылы. Ён сто разоў расчаруецца ў беларушчыне і дзвесце разоў у людзях. А яшчэ ён ужо цяпер добра гаворыць па-ангельску і аб’ездзіў палову свету. Свет для яго не заканчваецца ў Беларусі. Ён тут пачынаецца. Зусім як сусветная слава.

Міне час. Ён напіша шмат рознай фігні, пакуль аднойчы з жахам і гордасцю не перачытае свой апошні радок і не зразумее, што яму ўжо нікуды не падзецца ад літаратуры. Што цуд адбыўся.

Толькі мы яго ўжо не пабачым.

Альгерд Бахарэвіч