Аляксандр Рак — галоўны захавальнік фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Дзякуючы яму і ягоным калегам з музея-запаведніка, у Заслаўі сабрана вялікая калекцыя «маляваных дываноў», якая перарасла ў асобны музей, які днямі адчыніць свае дзверы. Памяшканнем для яго стаў флігель-эрмітаж былога палаца Пшаздзецкіх. У свой час там знаходзілася карцінная галерэя: прасочваецца пэўная гістарычная пераемнасць. Аб экспазіцыі новага музея з Аляксандрам Ракам паразмаўляла «Планета Беларусь».
— Чаму менавіта ў Заслаўі з’явіўся менавіта такі музей? Наколькі нам вядома, у ім знаходзіцца ўсяго адна праца з гэтай мясцовасці.
— Так атрымалася, што першым прадметам, які патрапіў у музей-запаведнік, быў менавіта «маляваны дыван» працы Язэпа Драздовіча.
Музей ствараўся напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя: і побач нешта істотнае для папаўнення калекцыі было цяжка знайсці. Таму першыя экспедыцыі ладзіліся ў Віцебскую і Брэсцкую вобласці. Падчас такой паездкі па Віцебшчыне мы і знайшлі творы Драздовіча.
«Краявід-з-балюстрадай», Я.Драздовіч, 1950-1954 гг.
У 1998-м калекцыю папоўніла праца Язэпа Драздовіча — «Паляўнічы з сабакам». Тэму было вырашана разьвіваць. У 90-я гады я і Юры Малаш ездзілі ў асноўным па Глыбоцкім раёне, крыху пазней даведаліся яшчэ адно імя мастака з Глыбоччыны, Генадзя Кузаўкова. У Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах знайшліся невялікія «дыванкі» і макаткі, аўтары якіх заставаліся невядомымі. Калекцыя фармавалася, расла, у 2004 у ёй з’явілася яшчэ адна праца Язэпа Драздовіча, макатка «Лісіца».
«Паляўнічы з сабакам». Язэп Драздовіч, 1950–1954 гады
Пазней сярод знаходак пераважна былі дываны арцельнай вытворчасці (канец 1950-х і далей). Аўтарскіх твораў сёння ў свабодным доступе амаль ўжо не засталося...
— А якія рэгіёны апынулісяя самымі «ўраджайнымі» на знаходкі?
— Віцебская вобласць! Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Мёрскі раёны. З Пастаўскага таксама прывезлі з дзясятак дыванкоў. А яшчэ вылучаецца Случчына з калекцыяй працаў Алены Кіш. З больш як 300 твораў, створаных ёю ў 1930-1940 гады, сёння вядома 13 працаў, 11 з іх знаходзяцца ў фондах нашага музея-запаведніка.
«Рай». Алена Кіш, 1930-1940 гады
Падчас экспедыцыі па Случчыне нам распавядалі пра мастачку, якая малявала дываны, і мы думалі, што гаворка ідзе пра Алену, але ёй апынулася Ядвіга Вайцешык. Так мы даведаліся яшчэ адно новае імя. Пазнаёміліся з сынам Ядзвігі, які падараваў нам некалькі працаў маці, за што мы яму вельмі ўдзячныя!
Яшчэ адзін цікавы аўтар, якога мы «адкрылі», — гэта Хведар Сухавіла, вучань Драздовіча. У нас у калекцыі тры ягоныя працы.
«Пейзаж з лебедзямі». Фёдар Сухавіла, 1953 год
Не так даўно быў знойдзены кілімок і на Міншчыне. Выпадкова, праглядаючы на «Куфары» аб’явы аб продажы нерухомасці, убачылі фота інтэр’еру вясковай хаты ў Вілейскім раёне з «маляванкай» на адной са сценаў. Патэлефанавалі: хатка ўжо прададзена. Але кілімок нам атрымалася набыць, ён апынуўся рэдкім, падобных больш не сустракалася: на ім выява анёла, а ўпрыгожаны ён аскепкамі бітых цацкаў для ўпрыгожвання ялінкі.
— Атрымліваецца практычна праца дэтэктываў... Што Вы адчуваеце падчас пошукаў?
— Нам займальна шукаць. Апошняя экспедыцыя на Глыбоччыну была ў 2018 годзе, знаходкамі сталіся адзін арцельны кілімок, адзін — фабрычнай вытворчасці, тры дні ездзілі безвынікова, ад вёскі да вёскі, дзе мясцовыя жыхары расказвалі пра двух братоў, якія пісалі кілімкі, і ў рэшце рэшт, на мяжы Шаркаўшчынскага раёна, зазірнулі ў хату наўскрайку. Дзед завёў нас у камору, дзе, побач з каўбасамі, вісела маляванка тых самых братоў. Мы даведаліся, што гэта Васіль і Уладзімір Крывёнкі.
— А хто-небудзь з мясцовых жыхароў Вам дапамагае, падключаецца да «расследаванняў»?
— Людзі сёння самі прапануюць, дасылаюць маляваныя працы, нядаўна адна жанчына прывезла кілімок ад бабулі з Аршаншчыны.
Калі рабілі выставу ў музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, па тэлебачанні прайшоў невялікі сюжэт, у якім мы расказвалі пра «маляванкі», і пра тое, што іх сёння вельмі цяжка адшукаць — у адказ з Лідскага раёна нам даслалі два кілімкі.
Яшчэ адну выставу з назвай «Заслаўе — скарбонка беларускай маляванкі» мы зладзілі ў 2016 годзе ў Магілёве падчас працы форуму музеяў Беларусі, і тады дырэктар Драгічынскага музея Сяргей Уладзіміравіч Гранік запрасіў нас да сябе.
З гэтага моманту ў Драгічынскі раён было наладжана некалькі экспедыцый. Тут мы пазнаёміліся з працамі Ніканора Зосіка. З дапамогай Сяргея Уладзіміравіча знайшлі пяць кілімкоў. Акрамя таго, у сярэдняй школе вёскі Закозель таксама выявіліся тры ягоныя працы.
«Ў лесе». Ніканор Зосік, 1955–1965 гады
Лёс Ніканора трагічны і паказальны ў кантэксце гісторыі нашай краіны: заступіўся за аднавяскоўку, у якой «рэквізавалі» карову падчас калектывізацыі, і атрымаў турэмны тэрмін.
Адна з працаў у нашай калекцыі напісана на прасціне, звычайна такі матэрыял майстрамі не выкарыстоўваўся. Стала цікава, і вось што мы даведаліся. Да 1953 года яе аўтар, Іпаліт Ворса, быў у ГУЛАГу, дзе для кіраўніцтва лагера пісаў карціны і дываны. Часта матэрыялам тут служыла пасцельная бялізна. Па інерцыі, калі ён вярнуўся ў Пастаўскі раён, працягнуў пісаць на прасцінах.
Іпаліт Ворса. Праца «Дзяўчына і музыка»
— Атрымліваецца, у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» сёння — самая вялікая калекцыя «маляванак»?
— Усяго ў нас больш за 260 працаў, у тым ліку самая прадстаўнічая калекцыя Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Скажу адразу, што сапраўдных «насьценнікаў» народных мастакоў каля 180 адзінак. А ў Глыбоцкім музеі, напрыклад, усяго дываноў 15...
— Дык усё жі чаму менавіта вы заняліся гэтай тэмай? У вас што не было ў гэтай сферы канкурэнтаў?
— Для пошуку неабходны транспарт, ім валодаюць нешматлікія музеі. Але гэта другаснае, а ў першую чаргу, вядома, патрэбнае жаданне. У пачатку 90-х можна было знайсці шмат чаго, але час, нажаль, мінуў, і бабулі, у якіх гэтыя кілімкі ўпрыгожвалі сцены, сышлі. Дзесьці за непатрэбнасцю гэтыя прадметы выкінулі, дзесьці іх «падабралі» прадпрымальныя шукальнікі. Дарэчы, з Маскоўскага музея традыцыйнага мастацтва народаў свету мне прывезлі набор паштовак з нашымі маляванкамі, ён так і называецца «Беларускія кілімкі». У іх 25 экспанатаў на дадзеную тэму.
— Наколькі сёння гэтыя працы ўяўляюць гістарычную, культурную, духоўную і іншую каштоўнасць? Што яны сімвалізуюць?
— Гэта яскравыя ўзоры інсітнага (наіўнага) мастацтва, аднаго з напрамкаў прымітывізму. Яны, напрыклад, увайшлі ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва, выдадзеную ў Югаславіі ў 80-х. Сярод 800 імёнаў мастакоў з 50 краін, побач з сусветна вядомымі мастакамі-прымітывістамі: французам Анры Русо, грузінам Ніка Пірасмані і іншымі, знаходзіцца імя нашай Алёны Кіш. Як вядома, свае насценныя дываны мастачка стварала паводле замоваў падчас паездак па Мінскай вобласці. З пачатку 1930-х гадоў яна пісала дываны на замову, і часта узнагародай за іх былі прытулак і прадукты. Мастачка любіла фантастычна-алегарычныя тэмы: «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «У райскім садзе» і інш. У іх увасобіліся імкненне людзей да лепшага — райскага, гарадскога — жыцця і надзея на яго.
Дзева на водах. А.Кіш, 1930–1940 гады
Творы Алены Кіш уражваюць кампазіцыйнай смеласцю і багатай фантазіяй. Непасрэдныя і шчырыя працы надавалі інтэр’еру жытла яскравую дэкаратыўнасць і казачнасць, дарылі недасяжную мару. Для замоўцаў яна стварала розныя варыянты. Напісаныя нават паводле вядомага сюжэту, усе яе кілімкі адрозніваліся адзін ад аднога.
Росквіт мастацтва маляваных дываноў у даваенны і пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’еру вясковага жытла патрабавалі яго дэкаратыўнага афармлення. Пасля вайны набіваныя і размаляваныя дываны былі амаль у кожнай сялянскай хаце.
Макатка «Букет у кошыку з коцікам», Г.П. Кузаўкоў, 1950–1952 гады
Дыванкі пісалі і народныя майстры, і арцелі, у 60-я гады з’явіліся працы фабрычнай вытворчасці, якія мы памятаем з фільма «Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка». У асноўным матэрыяламі служыла тое, што было ў наяўнасці ў мастакоў ці ў замоўцаў. Гэтае лён, які фарбавалі ў чорны колер або цырата, кардон, папера. Аўтар збіраў па вёсцы матэрыялы, яму замаўлялі сюжэты: мішкі на паляне, букет у вазе, лісіца ці алень, казачныя птушкі. А потым ён пісаў і раздаваў працы замоўцам. Або, як той жа Драздовіч, мог сяліцца ў вёсцы і пісаць за «харчы». Дарэчы, у пошуках нам вельмі дапамаглі апублікаваныя ў 90-я ў часопісе «Маладосць» «Дзённікі Драздовіча» з падрабязнай справаздачай пра геаграфію яго малюнкаў.
«Янка і Алена». Аўтар невядомы, 1968–1975 гады
А з Заслаўя ў нас, як ужо было згадана, усяго адна праца, з дому заможнага краўца. У яго ўнучкі мы куплялі прадметы інтэр’еру: шафы, раскройны стол, сапраўдны каваны аршын і іншыя рарытэты — і сёе-тое яна перадала нам у дар.
— Назавіце, калі ласка, імёны найбольш вядомых аўтараў маляванак.
— Гэта класікі, Язэп Драздовіч і Алёна Кіш, пазнейшыя Ніканор Зосік, Ядвіга Вайцешык, Хвдар Сухавіла, Генадзь Кузаўкоў, Міхаіл Мароська, Сяргей Шурпік, Вілюсь Скіпар, а яшчэ Палюлян і Туча (магчыма, гэта нават не прозвішчы, а мянушкі гэтых аўтараў). ).
«Накцюрн». Язэп Драздовіч, 1937 год
Працы сучасных мастакоў, Аляксея Марачкіна і Віктара Маркаўца, спадкаемцы «маляванкаў», у нас таксама ёсць.
«Скрыпачка». Палюлян, 1949 год
З 2000 годза ў Заслаўі праводзіліся пленэры грамадскага аб’яднання «Мастак», куды ўваходзілі і прафесійныя мастакі, і маладыя, нашы заслаўскія дзеці. У экспазіцыі прадстаўлены і гэтыя сучасныя працы.
— Ці можна больш падрабязна распавесці нашым чытачам пра новы музей?
— На плошчы 300 квадратных метраў размесцяцца 4 раздзелы.
Першы — «Дываны ў інтэр’еры сялянскай хаты» — бо з’явіліся яны не на роўным месцы, а сталі працягам традыцыі вышытых і тканых вырабаў, а таксама традыцыйнай інкрустацыі і роспісу куфраў, якія мелі шырокі распаўсюд у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Такі размаляваны «куфар» для «пасагу», знойдзены ў суседняй з намі вёсцы Закаблукі Мінскага раёна, можна будзе пабачыць у экспазіцыі першага раздзела.
Другі раздзел экспазіцыі музея — на тэму творчасці Алены Кіш, дзе таксама будуць размешчаныя працы Уладзіміра Ламейкі ў гонар мастачкі: скульптура, габелены, посуд, распісаны з выкарыстаннем элементаў працаў Алены.
Дыван «Тэатральны». Язэп Драздовіч, 1952 год
Трэцяя зала называецца «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча» і прысвечана майстру і ягоным вучням. Час ад часу, калі пад рукой не было матэрыялаў, на якіх можна было пісаць, мастак размалёўваў драўляную мэблю. Адна з такіх шафаў, з яскравымі папугаямі, будзе прадстаўлена ў экспазіцыі.
Макатка «Музыка і танцорка». Аўтар невядомы, 1942 год
Чацвёрты раздзел — «Народныя дыванкі», дзе ёсць і аўтарскія, і ананімныя працы. Прадугледжваецца, што экспазіцыя будзе зменнай, бо наша калекцыя вялікая, і час ад часу з фондаў музея будуць выстаўляцца новыя працы.
— Дзякуй за цікавы аповед, зычым плённай працы новаму музею і запрашаем нашых чытачоў у захапляльнае падарожжа па маляваных марах аб райскім жыцці!