За савецкім часам было прынята выдаваць вялікія літаратурна-мастацкія календары, у якіх адлюстроўвалася ўся разнастайнасць культуры таго перыяду. Нешта такога ж кшталту, але ў віртуальным варыянце, распрацаваў Беларускі народны банк пры актыўным удзеле мастацтвазнаўцы, арт-крытыка, галерысткі і тэлевядоўцы Таццяны Бембель.

Як расказалі складальнікі, “Арт-каляндар — 2012” уключае 366 старонак (наступны год — высакосны), і на кожнай з іх размешчаныя выявы карцін, гравюр, фатаграфій, скульптур беларускіх творцаў, а таксама відэа- і аўдыёматэрыялы: песні, фільмы, мастацкія праекты і акцыі — гэта значыць, “усе разнастайныя элементы велізарнай шматколернай мазаікі, якой ёсць беларуская мастацкая культура нашага часу”.
Праект прымеркаваны да рэстайлінгу, які чакае банк у першым квартале 2012 года.
“Падтрымка беларускага мастацтва — адзін з кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Беларускага народнага банка, які цалкам адпавядае нашай філасофіі: Беларускі народны банк — банк, які, аналізуючы мінулае і выкарыстоўваючы магчымасці сучаснасці, стварае будучыню!” — падкрэсліў генеральны дырэктар Беларускага народнага банка Канстанцін Цэрэтэлі.

“Мы — камерцыйная і апалітычная арганізацыя і хочам паказаць усё добрае, што ёсць у гэтай краіне. Мы доўга шукалі добрага мастацтвазнаўцу, які змог бы правільна структураваць такі глабальны аб’ём інфармацыі”, — адзначыў банкір.
Стваральнікі спадзяюцца, што сайт зробіцца таксама платформай для абмеркаванняў. А інтэрактыўнасць, закладзеная ў праекце, робіць магчымым уключэнне тых дзеячаў мастацтва, якіх прапануюць карыстальнікі. Прадугледжаныя і пытанні аўтарскіх правоў — “ёсць варыянт дамовы”.
У сваю чаргу кіраўнік праекту Таццяна Бембель звярнула ўвагу, што ў стваральнікаў не было мэты рабіць яго акадэмічным, фармат календара лёгкі, “сур’ёзны, але і забаўляльны”.
Будзе таксама ўлічвацца кантэкст сённяшняга дня, бо гэта “не навінавы сайт, а падборка таго, што цікава”.

“У структуры календара мы захоўваем прынцып “сюрпрызнасці” цягам усяго года: новы дзень — новае адкрыццё, — адзначыла Таццяна Бембель. — А на кожнай старонцы — невялікія крытычныя нататкі, маё маленькае суб’ектыўнае меркаванне, каб стваралася ўражанне, як ад гутаркі за кубачкам кавы”.
У свет віртуальнага календара трапіць лёгка і проста: дастаткова скарыстацца адмысловым “ключом” — QR-кодам (двухмерным), адкуль карыстальнік аўтаматычна накіроўваецца на віртуальны рэсурс календара. Для гэтага неабходна ўсталяваць на мабільны тэлефон або ў персанальны кампутар адмысловае праграмнае забяспечанне для расшыфроўкі QR-кода, навесці аб’ектыў камеры (для мабілкі) або акно праграмы (для персаналкі) на код і пачаць працэс распазнання. Код (на фотаздымку ўверсе) ёсць на нататніку, які атрымае кожны супрацоўнік і кліент банка, таксама на сайт можна трапіць па наўпростай спасылцы.

З першай старонкай арт-календара карыстальнікі пазнаёмяцца 1 студзеня 2012. І кожны дзень будуць адкрываць новую старонку. Тады і паглядзім, ці сапраўды гэта настолькі ўнікальны праект, якому, як сцвярджаюць стваральнікі, да гэтага часу не было аналагаў у беларускай віртуальнай прасторы.
Зарына Кандрацьева