Новая культурная пляцоўка ў Мінску культавую афарбоўку атрымала вельмі хутка. Цягам няпоўных трох месяцаў яе дзверы зачыняліся рэдка. Тут прайшло ўжо з паўсотні імпрэзаў. І нягледзячы на песімістычныя прагнозы, працягваюць праходзіць і надалей. Самі стваральнікі “сядзібы” за гэты час у вачах кіраўніцтва завода “Гарызонт” з “бээнэфаўцаў” і “сектантаў” ператварыліся ў “культурных людзей”. Паразуменне дасягнутае поўнае, толькі вось “арт-сядзібаўцы” не ведаюць, як далей плаціць за арэнду… Гутарка з адным з заснавальнікаў “Арт-сядзібы” Паўлам Белавусам.
— Чым асабліва ганарыцеся за час працы “Арт-сядзібы”?
— Самае галоўнае, што мы існуем. Шматлікія прагнозы наконт таго, што нас хуценька зачыняць, не апраўдаліся. Невядома, праўда, што будзе з 1 красавіка, калі зменяцца цэны арэнды памяшкання. Асноўная ж падстава для гонару ў тым, што мы стварылі ў горадзе культурную пляцоўку, якая карыстаецца попытам і вакол якой фармуецца кола зацікаўленых людзей. За два месяцы ў нас прайшло ля 50 імпрэзаў. Прычым тут аб’ядналіся розныя плыні, якія маюць беларускі кірунак. І яны рознаўзроставыя і рознафарматныя. На “Арт-сядзібе” выступалі такія асобы, як Зміцер Вайцюшкевіч, Міхал Анемпадыстаў, чакаем Піта Паўлава, сваю прэзентацыю праводзіла суполка “Пагоня” на чале з Алесем Марачкіным і Міколам Купавам, у той жа час тут рабілі свае прэзентацыі маладыя паэты, музыкі і мастакі, ладзіліся дабрачынныя акцыі, выставы аднаго дня…
— Ці можаш вылучыць самыя паспяховыя імпрэзы за гэты час?
— Калі арыентавацца на наведвальнасць і розгалас, то, відаць, самымі паспяховымі былі дабрачынны канцэрт “Дзень радасці”, лекцыя Міхала Анемпадыстава “Колеры Беларусі”, выстава фотаздымкаў студэнцкай салідарнасці. Усе яны мелі поспех. Дайшло нават да таго, што кіраўніцтва завода “Гарызонт” выказала нам незадаволенасць тым, што калі “прабіваеш” іх завод ці адрас “Куйбышава, 22”, то выдае нейкую там “Арт-сядзібу”. Можа, гэта і не нашая заслуга, але цяпер гэтае месца пачынае атаясамлівацца з пэўнай культурнай прасторай. Цяпер яшчэ ў гэтым жа будынку, над намі, праводзіцца вялізная выстава сучаснага беларускага мастацтва “Радыус нуля”.
— Дык якія адносіны ў вас усталяваліся з кіраўніцтвам завода?
— Тыя кіраўнікі, якія здаюць нам памяшканне ў арэнду, спачатку не да канца разумелі, што ў нас робіцца. Называлі нас “бээнэфаўцамі”. Потым, калі бачылі 50 параў абутку ля ўваходу, дык прымалі за нейкую секту. Але мы знайшлі паразуменне. Людзі яны адэкватныя і разумеюць, што мы займаемся не нейкай там прапагандай ці палітыкай, а спрабуем актывізаваць менавіта культурнае жыццё ў такім невялікім фармаце, што карысна для любога горада.
— А чаму вы, дарэчы, прымушаеце ўсіх наведнікаў разувацца перад уваходам у “Арт-сядзібу”?
— Шмат якія мерапрыемствы ў нас праводзяцца ў форме кватэрнікаў. А калі ты заходзіш у кватэру, дык трэба разувацца. З іншага боку, няма ў нас магчымасці паставіць вялікую колькасць крэслаў, а нават калі заставім усё крэсламі, дык вольнай прасторы не будзе. А такі фармат, калі ўсе сядаюць на пасцеленыя дываны, дазваляе змясціцца большай колькасці людзей і адчуць хатнюю атмасферу. Натуральна, ёсць сур’ёзныя мерапрыемствы, як круглы стол ці лекцыі, калі такое не практыкуецца.
— Ці можна сказаць, што вакол “Арт-сядзібы” ўжо сфармавалася свая аўдыторыя?
— Вядома. Мяркую пра гэта хаця б з сацыяльных сетак. Колькасць карыстальнікаў, якія цікавіцца нашымі справамі, паднялася ад нуля да амаль дзвюх з паловай тысячаў. Ёсць людзі, якія пастаянна наведваюць нашы імпрэзы. І мы спрабуем ангажаваць такіх людзей у якасці валанцёраў, каардынатараў, адміністратараў на месцы. Да ўсяго, ёсць грамадскія арганізацыі, якія стала з намі супрацоўнічаюць.
— Бачыш, у якім кірунку развівацца далей?
— Хочацца выкарыстоўваць памяшканне адначасова ў некалькіх кірунках. Але, на жаль, ёсць абмежаванне ў развіцці дзейнасці. Мы ведаем, якая наша столь, і з гэтым нічога не паробіш. Асноўная праблема ў грашах. Спачатку ў нас была ідэя ініцыяваць праект, а там прыцягнуць спонсараў. Але пакуль гэтага не атрымліваецца. На імпрэзах мы просім людзей ахвяраваць грошы на ўтрыманне памяшкання, але гэта не спрацоўвае: пасля імпрэзы, дзе былі 50-70 чалавек, у скрыні можна пабачыць з 40 000 руб., і тыя дробнымі купюрамі. Можа, людзі і не разумеюць, што каб ідэя развівалася, трэба ў яе ўкладаць. Можа, мы не так тлумачым. Цяпер уводзім практыку сяброўскіх унёскаў, бо мы арганізацыя некамерцыйная і квіткі на імпрэзы прадаваць не можам.
— На што грошы патрэбныя найперш?
— Па-першае, на арэнду. Трэба плаціць немалыя грошы — з ацяпленнем выходзіць ля 5 мільёнаў у месяц. На ўнутранае аздабленне неабходныя сродкі, не кажучы ўжо пра працу людзей, якія задзейнічаныя. Цяпер галоўная наша мэта — пошук сталай падтрымкі. Таму хачу сказаць, што мы адкрытыя да супрацы і спадзяемся, што знойдуцца людзі, якія паспрыяюць далейшаму развіццю гэтай справы.
Размаўляў Сяргей Будкін
Найбліжэйшыя імпрэзы на “Арт-сядзібе”:
Сайт “Арт-сядзібы” http://artsiadziba.by/