“Арт-сядзіба” прытуліла беларускамоўных рэпераў

Пасля некалькіх няўдалых спробаў знайсці памяшканне “Арт-сядзіба” аднавіла сваю працу ў новым месцы. Праўда, цяпер у новым фармаце.

Новы офіс “Арт-сядзібы” месціцца ў цэнтры Мінска ў звычайнай двухпакаёвай кватэры. У спальным пакоі — працоўны кабінет, у залі звычайна праходзяць імпрэзы. Па сценках развешаныя кінаплакаты галівудскіх фільмаў, мануалы, прысвечаныя бяспецы ў сеціве, ды ўзнагароды і дыпломы. Адзін з іх “Арт-сядзіба” схітрылася атрымаць, нават калі не працавала: “Адмову года” ім дала Асамблея няўрадавых арганізацый за тры скасаваныя дамовы арэнды памяшкання. З калонак у залі гучыць беларускамоўны рэп. Тут у гэты вечар сабраліся завадатары і ўдзельнікі беларускамоўнай рэп-складанкі “Жалуды” — першага такога праекту за 10 гадоў. Кватэра месціцца фактычна ў падвальным памяшканні, так што суседзям “арт-сядзібаўцы” не замінаюць. Вялікая сцяна ў залі абклеена цалкам белай паперай — гэта такі імправізаваны экран для паказу стужак.

Мы пераканаліся, што існуе канкрэтная забарона не даць нам разгарнуцца, таму зразумелі, што няма сэнсу афіцыйна шукаць памяшканні, і трошкі трансфармаваліся — працуем цяпер у фармаце грамадскага агенцтва”, — кажа кіраўнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус. Цяпер яго каманда робіць праекты не ў адным канкрэтным месцы, а ў розных кропках. Зрэшты, і ў самім “непублічным офісе” пастаянна нешта адбываецца — тут праводзяць свае кватэрнікі маладыя і вядомыя беларускія гурты, нядаўна грала “Голая манашка”, на дзень народзінаў Каліноўскага паказвалі фільмы, прысвечаныя нацыянальнаму герою, хутка будуць ладзіцца яшчэ і курсы беларускай мовы. “Арт-сядзіба” таксама абвясціла конкурс “Кліп-замова”, для пераможцы якога зробяць відэаролік. Вялікую стаўку плануецца зрабіць і на сайт “Арт-сядзібы”, які цяпер распрацоўваецца. “Мы не толькі самі нешта робім, але і дапамагаем ў рэалізацыі творчых ідэяў. Часам нават наш удзел не афішуецца, як тое было з фільмам пра фільм “Вышэй за неба” ці прэміяй “Люблю Беларусь”. Праект “Жалуды” будзем усяляк падтрымліваць і дапамагаць інфармацыйна”, — расказвае Павел.

У суседнім пакоі ў гэты ж час якраз праходзіць прэзентацыя дыска “Жалуды”, дзе, дарэчы, ёсць і песня самога Белавуса — пад псэўданімам MС Marmelad. Акром яго туды трапілі трэкі Вожыка, Земана, Sp Kava, IQ48 i Вінсэнта ды іншых. Праўда, некаторыя творы не прайшлі з палітычных матываў — такія, як трэк Лаўра, які выдаўцы з кампаніі “Вігма” папрасілі прыбраць. “Гэты дыск адлюстроўвае стан рэчаў у беларускамоўным рэпе на сёння”, — кажа ініцыятар выдання Мікола Заяц, які лічыць складанку “новым крокам музычнай культуры, што наступае на краіну”. Дыск будзе прадавацца па ўсёй Беларусі, а дадаткова рыхтуецца інтэрнэт-рэліз, куды трапяць і творы, якія не ўвайшлі на кружэлку, напрыклад, ад рэпераў Gleboki Smak і Макса Каржа. Абяцаецца маштабная прэзентацыя ўвесну ў адным з беларускіх клубаў у межах фэсту беларускамоўнага рэпа.

Сяргей Будкін