
Вас напаткаў лёс дачніка або вяскоўца, якім цяпер даводзіцца абдзіраць кусты парэчак і агрэсту, а ў перапынках блукаць па лесу ў пошуках чарніц ды маліны? Або вы стаміліся смаліцца на пляжы і мачыцца ў вадаёмах, адчулі нуду і не ведаеце, куды сябе падзець? Тады вам тэрмінова неабходна пераключыцца на мастацтва!
“Пища для тела, пища для души. Дизайн для жизни, художник — для Любви”, — так гучыць запрашэнне для наведнікаў бара “Малако” на маляванне абстрактных карцін у рэжыме Real Time. Цягам лета ў выходныя (субота-нядзеля з 14:00 да 21:00) тут можна не толькі паглядзець, як гэта робіцца, але і падыскутаваць з мастаком.
Аматараў рухавага адпачынку ў музычным суправаджэнні чакае “Басовішча”, якое сёлета адбудзецца з 22 па 24 ліпеня. Арганізатары фестывалю музыкі маладой Беларусі абяцаюць выступы рок-, этна-музыкаў ды іншых .
Адкрытая некамерцыйная арт-прастора “dk la mora” запрашае ахвочых выступіць-выказацца-выставіцца або паглядзець-паслухаць. Адзіная праблема — расклад і адрас цэнтра неабходна самастойна даведвацца па тэлефонах арганізатараў.
Спецыяльна прапанова ад Нацыянальнага гістарычнага музея РБ для тых, хто не назбіраў грошай на пуцёўку ў Егіпет, але вельмі хоча яго ўбачыць, — выстава “Вялікія муміі Егіпта”. Прагляд аб’ёмных мадэляў помнікаў адбываецца ў аўдыёсуправаджэнні і з выкарыстаннем тактыльна-гульнёвых элементаў.
У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстава ўрбаністычных пейзажаў Вікторыі Кавяленчыкавай, якая апошнія гады жыве і працуе ў Амстэрдаме. Таксама ў экспазіцыі музея — выстава сучаснай беларускай фатаграфіі «Адлюстраванне», якая была спецыяльна падрыхтаваная да дзён Рэспублікі Беларусь у Кіеве, Украіна (2010). Сярод аўтараў — рэктар БДАМ М. Баразна, выпускнікі і выкладчыкі Акадэміі мастацтваў.
Алеся Раманюк