“У нас дэмакратычны падыход да заняткаў, але ёсць адно таталітарнае правіла: размаўляць на мове. Нават калі ты яе не ведаеш”. У кавярні CoffeBox у Мінску журналіст Каця Кібальчыч расказвае пра свой праект “Мова ці кава” — заняткі па вывучэнні беларускай мовы, якія раз на тыдзень будуць праходзіць у кавярнях дзвюх сталіц — беларускай і расійскай.
Пра ідэю моўных курсаў
“Ніколі не думала, што буду займацца курсамі беларускай мовы. Я ўсё жыццё размаўляю па-руску. Мая мама ўвогуле беларускай не ведае — яна з сям’і вайскоўца, ім дазвалялася не вучыць мову ў школе. Я ўжо дзесяць гадоў жыву ў Маскве, працую на расійскім тэлебачанні, мой муж рускі. Але ў Беларусі я хаджу ў каталіцкі касцёл, і гэта адзінае месца для мяне, дзе беларуская мова гучыць натуральна. Я нават спачатку думала, што моўныя курсы добра было б зрабіць у бібліятэцы Чырвонага касцёла. Але рэлігія, на жаль, як і палітыка, раз’ядноўвае людзей, а кава — гэта тое, што можа аб’яднаць.
У Маскве я люблю кавярні Starbucks — за дэмакратычную атмасферу. Аднойчы заўважыла, што там праходзяць курсы ангельскай мовы. Так файна: сядзяць людзі з бэджыкамі, размаўляюць, смяюцца, гуляюць у нейкія гульні. Чаму б не зрабіць аналагічна з беларускай мовай?
У назве “Мова ці кава” ёсць свой філасофскі сэнс: людзі прыходзяць не толькі па мову, але і па каву. Многія расказалі, што акрамя ведаў хацелі б знайсці новых сяброў. Беларуская мова — своеасаблівы фільтр, вывучаць яе не прыйдзе быдла. Сапраўды, сабраліся людзі, якіх мне было прыемна бачыць і з якімі я магла б сябраваць у жыцці. Яны — інтэлігенцыя, як кажуць у Маскве, «крэатыўны клас».
Пра выкладчыкаў
Шукаючы выкладчыка, я пісала сябрам, што патрэбны чалавек з харызмай хрысціянскага місіянера ў Афрыцы, які прыехаў слова Божае несці абарыгенам.
У Маскве ў нас цяпер два выкладчыкі. Першы — Васіль Дранько-Майсюк, сын паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Васіль — актор і цяпер працуе ў Маскве. Сам з беларускамоўнай сям’і. У Васіля я «закахалася» з першага погляду. Ён нібыта выйшаў з п’есы Купалы, такі палымяны «інтэлігент-рамантык». Можа, ён добры актор і наўмысна выбраў гэты вобраз, але Вася — проста золата для такіх курсаў, у яго выдатнае пачуццё гумару.
Другі выкладчык — дзяўчына, Вольга Вербіловіч. Яна зусім не Вася, і гэта добра, што яны розныя. Вольга сур’ёзна займаецца сацыялогіяй у Маскве, піша (пакуль «у стол») беларускую прозу. Вольга нагадвае мне прыгожую самабытную сельскую настаўніцу. Простая, але толькі на першы погляд: яна ці то беларуская Паўлінка, ці то гогалеўская панначка. Страшная сіла!
Цяпер мне трэба трапіць “у дзясятачку” і знайсці цікавых выкладчыкаў у Мінску.
Пра першы занятак у Маскве
Людзей прыйшло больш, чым было запланавана. Я далічыла да трыццаці і збілася — думаю, было чалавек сорак.
Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень, у панядзелкі. Кава за кошт слухачоў, а так усё бясплатна. У нас толькі адно таталітарнае патрабаванне — размаўляць па-беларуску. Калі дрэнна ведаеш — усё адно размаўляй, хаця б 5% павінна быць на мове.
Пра курсы ў Мінску
Гэта будзе такі «Макдональдс», франшыза — прыкладна тая ж схема. Што добрага ў “Макдональдсе”? Для мяне нічога, акрамя таго, што ты прыязджаеш у Ганконг, бярэш там гамбургер, і ён такі ж, як і ў Мінску ці Маскве. Людзі ўжо даведаліся пра курсы у Мінску, запісваюцца на старонцы ў Facebook.
Занятак разлічаны на паўтары гадзіны (хаця першы раз у Маскве мы правялі ў кавярні гадзіны тры).
Запланавана шмат рубрык, а ў фінале — заўсёды гульня. Першая рубрыка — “Ньюскафэ” — падсумаванне інфармацыйных вынікаў тыдня. Чалавек прыносіць цікавы артыкул з беларускай прэсы і сваімі словамі яго пераказвае, а потым яму задаюць пытанні — нешта кшталту шоу “Пражэктарпэрысхілтан”.
Далей — кароткая рубрыка “Цікавая асоба”, героем якой робіцца чалавек, які паўплываў на беларускую мову. Мы будзем вывучаць словы, якія ён прыдумаў; не выключаю, што ў форме гульні.
Рубрыкі “Калька з рускай”, “Жывая мова” (вывучэнне фразеалагізмаў), граматыка, пастаянная рубрыка «Пытаннечка». І галоўнае, усё будзе чаргавацца. Паразмаўлялі — паслухалі, паслухалі — паразмаўлялі. Нашыя выкладчыкі будуць рыхтаваць раздрукоўкі-шпаргалкі: напрыклад, як па-беларуску прызнавацца ў каханні ці як жартаўліва слаць праклёны.
Дарэчы, спецыяльна да нашай першай гульні ў мафію ў Маскве Вольга падрыхтавала міні-слоўнічак выразаў: вока не запарушыць (пра вельмі сціплага, “мухи не обидит”), розумам раскінуць (падумаць, памеркаваць), смятанка (вяршкі) на вусах (пра чалавека, які мае нагоду быць абвінавачаным, “рыльце в пушку”) і гэтак далей.
Цяпер я хачу знайсці ў Мінску сур’ёзнага мовазнаўца, параіцца з ім, каб не было шмат самадзейнасці. Можа, мне падкажуць цікавую стратэгію. Хачу, каб людзі не проста тусаваліся, а інтэнсіўна і лёгка вучылі беларускую мову.
Першы занятак у Мінску запланаваны на сярэдзіну лютага. Гэты тыдзень я ў Мінску займаюся вельмі прыемнай справай: хаджу па кавярнях, сустракаюся з цікавымі людзьмі, збіраю ідэі, мары, уражанні. Каб потым з’явіўся праект «Мова ці кава — Мінск».
Кася Кірпацік