Нашыя продкі ўмелі не толькі працаваць, але і адпачываць. Ад смутку і нуды іх ратаваў батлеечны тэатр. Батлейка – унікальны від народнай тэатральнай самадзейнасці. На Беларусі яна з’явілася прыблізна ў 16 ст., а ў Заходняй Еўропе – значна раней. Існуе гісторыя, паводле якой Францішак Асізскі ў 1223 годзе правёў каляднае набажэнства ў стайні, паклаўшы ў яселкі нованароджанага сына фермера, каб глыбей зразумець і перажыць невымоўную таямніцу Нараджэння Ісуса. Далей ідэя падобных інсцэніровак распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе.
Абазначэнне батлейка паходзіць ад назвы горада Віфлеем. На Беларусі, Украіне і Расіі сустракаюцца іншыя абазначэнні гэтага тэатра: шопка, ад польскага «szopka» — адрына, вертэп, ад стараславянскага «вертепъ» — пячора ў якой хаваліся на шляху ў Егіпет Марыя, Іосіф, жлоб і яселкі, ад назвы кармушкі, у якую клалі сена для жывёл і ў якую быў пакладзены Ісус пасля нараджэння.
Сама батлейка мела выгляд скрынкі, у якой рухаліся лялечныя персанажы біблейскіх паданняў. Скрыня магла мець выгляд царквы або касцёла, мець ад аднаго да двух паверхаў або ніш, дзе выстаўляліся драўляныя лялькі, якімі кіраваў батлейшчык, схаваўшыся за шырмай. Па-іншаму выглядае віцебскі жлоб – гэта мадэль царквы, у нішах якой размешчаны выразаныя з паперы сілуэты персанажаў. Яны пачыналі рухацца і круціцца дзякуючы парам цёплага паветра, якое ішло ад свечкі, пастаўленай пад імі.
Прадстаўленні адбываліся ў час Калядаў – ад 25 снежня да 2 лютага – і суправаджаліся групамі харыстаў, музычным трыа. Да 19 ст. у рэпертуары батлейкі пераважала рэлігійная тэматыка. Паступова, робячыся здабыткам народа, у перыяд 17—18 стст. адбываецца зварот да народна-камедыйных, свецкіх па характары пастановак. Прадстаўленне складалася з дзвюх частак: уласна хрысціянскага сюжэта ў першай і жывога фальклорнага матэрыялу, насычанага прыказкамі, анекдотамі, жыццёвымі бытавымі сцэнкамі ў другой. Калядны лялечны тэатр ў тыя часы служыў рупарам крытыкі эксплуататараў і прыгнятальнікаў. Батлеечнікі выступалі ўжо не толькі ля храма, але і выходзілі на плошчы, рынкі, прыходзілі ў хаты.
У рэпертуар батлейкі, побач з рэлігійнай п’есай «Цар Ірад», народнай драмай «Цар Максіміліян», уваходзілі таксама жанравыя сцэны «Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Вольскі — купец польскі», «Бэрка-карчмар», «Цыган і цыганка», «Ванька малы», «Паніч», «Цыган і мужык», «Пан і паненка», «Мацей і лекар», інтэрмедыя «Можам вас навучыць, як панскія хваробы лячыць». У традыцыйных прадстаўленнях магло дзейнічаць да 40 персанажаў. Гэта ўласна Святая сям’я, пастушкі, анёлы, цар Ірад, стражнік, а таксама народныя героі — чорт, смерць, пан, цыган, казак, габрэй і інш.
Каб перашкодзіць секулярызацыі царкоўнага сюжэта, каталікі пачалі распаўсюджваць яселкі – скрынку з нерухомымі фігурамі з інсцэніроўкай пакланення вешчуноў дзіцятку Ісусу. Каталіцкія храмы захоўваюць гэтую традыцыю. І сёння вы можаце ўбачыць у любым з іх падобную інсталяцыю. Усе тры апісаныя віды батлеек захаваліся на Беларусі і выстаўленыя ў экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь у Мінску. Там жа штодзень паказваюць батлейку, п’есу “Цар Ірад” і апавядаюць гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускага тэатра.
Фотаздымкі прадстаўленыя Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.