Трэці гульнявы поўнаметражны фільм рэжысёра Алены Туравай «Кіндэрвілейскі прывід» (вытворчасць кінастудыі «Беларусьфільм») па матывах навелы Оскара Уайльда адкрые конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», які пройдзе 2-5 лістапада 2013 года ў рамках 20-га юбілейнага ММКФ «Лістапад».
«Кіндэрвілейскі прывід» – фільм, які спалучае ў сабе розныя жанры: гатычную камедыю, хорар, фэнтэзі, сямейнае кіно і нават меладраму. Карціна разлічаная на сямейны прагляд і для беларускага гледача яе паказ стане прэм’ерным.
У фільме задзейнічаны вядомыя беларускія акцёры: Вячаслаў Паўлюць, Раман Падаляка, Алеся Самахавец, Валянцін Глушко ды іншыя. Музыку для «Кіндэрвілейскага прывіда» напісаў вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, які некалькі гадоў таму працаваў над музыкай да мультфільма па творы Оскара Уайльда «Кентэрвільскі прывід».
Сюжэт карціны такі: сям’я энергічнага прадзюсара Кастуся атрымлівае ў спадчыну старажытную сядзібу ў Вілейскім раёне, з якой звязана нейкая цьмяная радавая таямніца. Кастусь вырашае стварыць на тэрыторыі сядзібы гарадок атракцыёнаў – «Кіндэрвіль». Сямейства пераязджае ў дом і неўзабаве сутыкаецца там з… сапраўдным прывідам.
– Гэта добрая гісторыя пра барацьбу новага пакалення з памылкамі мінулага, пра вечнасць сямейных каштоўнасцяў і адказнасць за лёсы блізкіх нам людзей, – распавядае рэжысёр Алена Турава, – У фільме шмат гумару, музыкі, каскадзёрскіх трукаў, камп’ютарнай анімацыі і яскравых спецэфектаў.
Алена Турава, рэжысёр анімацыйнага і гульнявога кіно “Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, сцэнарыст, паэтэса, аўтар тэкстаў многіх эстрадных песень, нарадзілася ў Магілёве ў сям’і кінарэжысёра Віктара Турава і актрысы Святланы Туравай. Шматразовы лаўрэат і прызёр дзіцячых кінафестываляў. У 2007 годзе зняла фільм для дзяцей “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, у 2010 – “Рыжык у Залюстрэччы”.
Нагадваем, што журы “Лістападзіка” сёлета ўзначаліць рэжысёр Галіна Данэлія. Таксама ў склад журы ўвойдуць беларускі акцёр Павел Харланчук і арямнская актырса і рэжысёр Армінэ Анда.