Беларускія пісьменнікі: вяртанне ў казку

Вясной бягучага года пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма” распачалася праца над фотапраектам “Беларускі фальклор”, скіраваным на прапаганду традыцыйнай культуры і сучаснай літаратуры і прымеркаваным да юбілею Саюза беларускіх пісьменнікаў. Паводле дадзенай ідэі, беларускія пісьменнікі ўвасабляюцца ў разнастайных персанажаў народных міфаў, казак і легенд. Пра асаблівасці гэтай творчай ініцыятывы распавяла яе каардынатарка і адначасова ўдзельніца – Ірына Хадарэнка.

– Спадарыня Ірына, на якой стадыі цяпер знаходзіцца праект? Колькі вобразаў яшчэ засталося стварыць?

– На дадзены момант фотамастаком Валерыем Дубоўскім у супрацы з нашымі “мадэлямі” выканана большасць тэматычных сюжэтаў, а менавіта –беларускія літаратары сфатаграфаваліся ў вобразах: Лёлі, Бая, Дамавіка, Лазніка, Бордзі, Русалкі, Цёці, Жыценя, Лесавіка, Жыжаля. У бліжэйшых планах засталіся чэрці, якіх, хутчэй за ўсё, будзе двое, і Зюзя. Таксама ў праект быў спантанна інтэграваны Вадзянік, якога цудоўна ўвасобіў Максім Клімковіч падчас карыснай працы па ачышчэнню сажалкі. Увогуле, праект мае высокі ўзровень імправізацыі, таму некаторыя рэчы даводзіцца змяняць ужо непасрэдна падчас ажыццяўлення здымачнага працэсу.

– Як старэйшыя літаратары паставіліся да прапановы зрабіцца міфалагічнымі персанажамі? Можа, прыгадаеце якія-небудзь цікавыя (казусныя) эпізоды, што здараліся ў часе працы?

– Нашы літаратары (між іншым, незалежна ад узросту) часам рэагавалі трохі скептычна і нават спрабавалі далікатна пераадрасаваць гэтую місію камусьці іншаму. Аднак пасля абгрунтаванага раскрыцця ўсіх нюансаў і выяўлення мэтазгоднасці ідэі, сумневы знікалі і прачынаўся пэўны імпэт.

Цікавых момантаў падчас працы, вядома, хапала. Напрыклад, паездка на Лагойшчыну з Анатолем Вярцінскім, каб зняць яго ў ролі Жыценя, адбывалася якраз у перыяд актыўнага збору збожжа. І менавіта ў гэты дзень абранае для здымак наваколле павінен быў наведаць губернатар вобласці. Таму побач з намі двойчы спыняліся аўтамабілі супрацоўнікаў гаспадаркі, якія з відавочным хваляваннем пыталіся, што мы робім на полі. Але пасля адпаведных тлумачэнняў нам шчыра зычылі ўсялякіх поспехаў. Дарэчы, да працэсу “бойкі за ўраджай” у гэтым раёне падыйшлі настолькі адказна, што нават запусцілі ў поле мадэрнізаваную версію Жыценя – адзін з працаўнікоў калгаса адмыслова хадзіў па тэрыторыі і збіраў каласкі.

Было даволі весела і калі мне самой давялося ўвасабляцца ў вобраз Русалкі. Здымкі вяліся ў парку ля берага Свіслачы. Вось выходжу я з гэтай рэчкі, а на ўзгорку ўжо стаяць здзіўленыя падлеткі з акругленымі вачыма, адзін з якіх крычыць: “Глядзіце! Русалка!”. “Прызналі, – засведчыў фатограф, – значыць, вобраз атрымаўся”.

– Што будзе ўяўляць з сябе каляндар? Акрамя ўласна фотавыяваў ці будзе прысутнічаць тэкставая частка? Можа аўтарскі тэкст беларускіх літаратараў?

– Тут трэба адзначыць, што гэта перш за ўсё візуальна-фотаграфічны праект. Яго далейшае развіццё яшчэ вызначаецца. Гэта можа быць не толькі каляровы каляндар, але і паштоўкі, плакаты, штосьці яшчэ… Калі ж разглядаць магчымасць падрыхтоўкі каляндарнага макета, канешне, прадугледжваецца, што там неабходна прадставіць не толькі кароткую інфармацыю пра міфалагічных персанажаў на беларускай і англійсках мовах, але і цытаты з твораў кожнага з удзельнікаў, бо менавіта пісьменнікі паводле роду сваёй дзейнасці найбольш шчыльна знітаваныя з казачна-міфалагічнай сферай.

– Магчыма, гэты праект будзе ўспрымацца, як свайго роду адказ “вечнаму” календару аголеных літаратараў, што выйшаў у 2009 годзе, дзе аўтары зняліся ў даволі эпатажных выявах. Якое Вашае стаўленне да таго праекту? Ці арыентаваліся Вы на нейкія іншыя каляндарныя праекты?

– Не хацелася б, каб гэта ўспрымалася толькі на ўзроўні кшталту “наш адказ Чэмберлену”, бо ўсё ж такі ідэя дадзенага праекта палягае ў іншай плоскасці. Хоць папярэднія айчынныя напрацоўкі у гэтай галіне мы, безумоўна, улічвалі і таму адразу вырашылі, што ніякага эпатажу, постмадэрнісцкай трэшавасці і псеўдагламуру мы рабіць не будзем. Таму наша мэта заключалася не ў стварэнні нейкага маскараднага шэрага архаічных істот, а ў першую чаргу ў прэзентацыі асоб пісьменнікаў, адлюстраванні прыгажосці іх унутранага свету скрозь прызму казачнага ўвасаблення. Таксама хацелася прадэманстраваць і некаторую разнастайнасць – прынамсі ў тым, што ўдзельнікамі сталі пісьменнікі розных пакаленняў, розных тэматычна-жанравых накірункаў. І, бяссспрэчна, істотны момант прысутнічае ў тым, каб вобраз быў натуральным, а не штучным, каб ён адпавядаў літаратару не толькі вонкава, але і меў некаторыя карэляцыі з характарам ягонай творчасці.

– Які міфалагічны вобраз Вам асабіста даспадобы і чаму?

– Мяне ўвогуле цікавіць міфалогія як культурны феномен. Мушу зазначыць, што гэта надзвычай захапляльны і, на жаль, не ў поўнай ступені асэнсаваны намі скарб вуснай народнай творчасці, на які трэба звярнуць увагу кожнаму чалавеку. Беларуская міфалогічная прастора досыць багатая і таму тут складана вылучыць толькі адзін персанаж. Усе па-свойму цікавыя і адметныя, нават калі маюць адмоўны характар. Асабіста мне вельмі падабаецца актуальная зараз ідэя прасоўваць вобраз цмока ў якасці аднаго з нашых нацыянальных сімвалаў. У мяне дома нават маецца невялічкая калекцыя разнастайных цмокаў з розных краін. Фактычна “раскрутка” таго ці іншага казачнага персанажа можа не толькі садзейнічаць прыцягненню ўвагі да айчынных культурных здабыткаў, але і прыносіць прыбытак. Вось глядзіце – мы звычайна любім атаясамліваць Беларусь з бусламі і зубрамі. Але буслоў ужо даўно “запатэнтаваў” Эльзас, і калі вам давядзецца наведаць Страсбург, там можна пабачыць мноства адпаведных сувеніраў. На зуброў актыўна прэтэндуюць палякі. Апошнія, дарэчы, разгарнулі цэлы бізнес на падставе легенды пра кракаўскага цмока. А мы хіба горшыя? Нашы тутэйшыя цмокі таксама заслугоўваюць павагі і ўсеагульнага прызнання. Дый не толькі яны. Беларуская міфалогія вартая таго, каб яе больш актыўна папулярызаваць, у тым ліку і пры дапамозе найноўшых крэатыўных тэхналогій.

Гутарыў А. Івашчанка, lit-bel.org