За мяжой часта пытаюць: адкуль вы? З ледзь прыкметнай замінкай адказваеш, што з Беларусі. Адказваеш з гонарам, упэўнена, але ведаеш загадзя, што імя радзімы адгукнецца здзіўленым поглядам таго, хто пытаецца “а дзе гэта?”, яго нязграбнай спробай паўтарыць пачутае:
— Бе-ра-рус? Бей-рус? А! Бейрут?!
— Не-не, не Бейрут, а Беларусь.
— ОК, Бе-ра-рус!
(Дыялог з азіятам)
— Беларусь… Вайсрусланд!
— ОК, андэрстэнд.
(Варыянт размовы, напрыклад, з немцам).
І, напэўна, было б прасцей адказваць, што ты з Расіі: усё зразумела, слова знаёмае, ды і агульнае ўяўленне пра расійцаў ёсць нават у жыхароў Паўднёвай Афрыкі. Напэўна, прасцей. Але не так проста.
Па-першае, зусім не хочацца трапляць пад тое самае “ўяўленне ўсяго свету пра расійцаў”, якія сваім курортным паводзінамі да гэтага часу прымушаюць увесь свет верыць у гісторыі пра суровае жыццё ў Расіі, небяспечнай нападамі бандытаў ці мядзведзяў, што свабодна гуляюць пасярод горада; пра жыццё, немагчымае без вёдраў гарэлкі, цыганскіх песняў і адчайнага марнавання часу. Так-так, вядома, расійцы бываюць розныя, добрыя-дрэнныя, але варта вам было сказаць, што вы “фром Раша”, як ваш суразмоўца тут жа з разуменнем і нават са спачуваннем заківаў, маўляў, зразумела, “фром Раша”. “Рускі” на адпачынку гучыць зусім не з гонарам (хоць і ўражвае), а хутчэй як у старой казцы, “зухавата і прыдуркавата”. Не хочацца, каб пра цябе меркавалі загадзя толькі таму, што ты “рускі”.
Па-другое, выдатна разумець, што ты — «першы беларус, якога я калі-небудзь бачыў». Ты — першы. Ты — беларус. І ў цябе ёсць магчымасць пакінуць выдатнае ўражанне пра ўсіх беларусаў, якія прыедуць (ды і няважна, ці прыедуць) у гэтую краіну. Твой вобраз ляжа ў аснову стэрэатыпу пра твой народ — гэта так прыемна і, калі падумаць, вельмі хвалююча і адказна. Так, мы з Беларусі: гэта ў Еўропе, паміж Польшчай, Расіяй, Украінай і краінамі Балтыі! Гэта рэдкая магчымасць расказаць пра нашу краіну нешта новае (не тое, што ведаюць Еўропа ці ЗША), расказаць сваю гісторыю, без «савецкіх» мінулага і сучаснасці нашай радзімы.
Цудоўна, што беларусы нарэшце пачалі шмат падарожнічаць. Гэта проста выдатна! І кажучы «з Беларусі», ты радуешся, згадваючы, што яшчэ нядаўна гэта было немагчыма, але тут жа абсякаеш сваю несуцішную радасць: у краіне, якая жыве на вулкане, падабенства пераменаў адчуваецца занадта часта. Цудоўна, што беларусы пачлі шмат падарожнічаць! І ў асноўным за іх не сорамна. Трывожыць, праўда, турэцка-егіпецкае замежжа па праграме «ўсё ўключана», куды беларусы ездзяць, каб вызагараць на сабе кожны выдаткаваны на пуцёўку даляр, адбіць паездку бясплатным (выпітым у барах гатэляў) і танным (закупленым у duty free аэрапортаў) алкаголем. Але там па-іншаму, напэўна, не прынята, там такія паводзіны чаканыя, і ніхто ў прыезджых не будзе пытацца, «адкуль вы», шчыра цікавячыся, чаму беларус гаворыць па-руску.
Але беларусы пачалі ездзіць далей і разнастайней за курорты «ўсё ўключана». Гэта паспяховыя, упэўненыя ў сабе людзі са здольнасцю і жаданнем апавесці ўсяму свету пра тое, што быць беларусамі — гэта асабліва. Гэта спецыялісты, якія дыстанцыйна працуюць на сусветна вядомыя кампаніі, людзі, захопленыя сваёй справай і сем’ямі, — няшмат адрозненняў ад ладу тыповага грамадзяніна сусвету. Па іх акцэнце складана сказаць, з якой краіны яны прыехалі, але калі іх спытаць пра гэта, яны скажуць, што з Беларусі, таму што, па-чацвертае, мы сапраўды ні да кога не падобныя. Мы — беларусы, і мы пішам сваю ўласную, новую гісторыю.
Ганна Трубачова, фота – TARANTINO