Гурт «BosaeSonca» у другі раз выступіць на фэсце «Singetreffens» у Германіі. Міжнародны фестываль «Singetreffens» штогод збірае музыкантаў з розных краін свету. Упершыню гэты фэст «BosaeSonca» наведалі ў 2010-м годзе, выступіўшы там сумесна з фолк-гуртом Машы Яр – «Hoha-band».

У гэтым годзе «BosaeSonca» будзе адзіным прадстаўніком ад Беларусі на «Singetreffens», які пройдзе з 16 па 20 траўня ў мястэчку Lutzensommern. Невялікія нямецкія гастролі малады менскі гурт працягне канцэртам у горадзе Geretsried. Там, у клубе «Hinterhalt» 23 мая адбудзецца сумесны канцэрт «BosaeSonca» з нямецкім гуртом «d’Housemusi».
Па словах музкаў гурта «BosaeSonca», гастролі заўсёды зараджаюць новай энергіяй і даюць імпульс да працы, але самым важным для музыкі з’яўляецца прызнанне ў сябе дома.
«Я бачу за першасную мэту для BosagaSonca быць патрэбнымі ў Беларусі і беларусам – кажа лідэр каманды, Алесь Кот-Зайцаў, – мы цяпер часцяком бываем за мяжой і з канцэртамі і па іншых справах, але ў мяне зараз ёсць яскравае адчуванне ўпэўненага голасу, якім мы можам сказаць сваё слова ў беларускай музыцы. І я чамусьці веру, што сярод тых, хто гэтае слова захоча пачуць будуць у першую чаргу самі беларусы”.
Па вяртанні дадому, гурт вернецца да актыўнай працы над сваім дэбютным альбомам. Кружэлку «BosaeSonca» анансуюць восенню 2012-га года. Перад афіцыйным паўнафарматным рэлізам, публіку чакае некалькі сінглаў ад гурта. Паралельна з працай над альбомам «BosaeSonca» працуюць і над вялікай акустычнай праграмай са струнным квартэтам. Бліжэйшы выступ гурта беларускі слухач можа ўбачыць у ТБ-фармаце. 12 мая ў эфіры тэлеканала СТВ «BosaeSonca» выступяць у тэлеперадачы «Зорны рынг», дзе пазмагаюцца за званне лепшых з народнай артысткай Беларусі Інай Афанасьевай.