Быць беларусам – погляд збоку: Дарота Кубашэўска

Дарота Кубышэўская (Dorota Kubyszewska) улетку 2008 на запрашэнне свайго беларускага сябра студэнтка другога курса Інстытута прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта накіравалася ў падарожжа па Італіі. Падчас той вандроўкі яна моцна пасябравала з мінчуком Дзмітрыем, і праз год яны ажаніліся. Упершыню Дарота даведалася пра Беларусь яшчэ з урокаў геаграфіі, але не магла і падумаць, што лёс так цесна звяжа яе з нашай краінай.

Праблемаў у камунікаванні з беларусамі яна не мае, бо яшчэ са школы пачала вывучаць рускую мову. Да таго ж, ва ўніверсітэце другой мовай, якую яна штудыюе, з’яўляецца руская. Калі Дарота ўпершыню прыехала ў Мінск, то вельмі здзівілася, што людзі тут размаўляюць па-руску.

– Мне спачатку было вельмі цяжка зразумець, што ў Беларусі дзве афіцыйныя мовы, бо я выхоўвалася ў краіне, дзе толькі адна мова зносін. То бок калі ты пытаеш ў мінакоў дарогу, то звяртаешся па-польску, альбо калі навучаешся ў школе, то таксама гаворыш па-польску. Памятаю, што тады я спытала ў Дзімы: “Дзіма, калі ты ідзеш у краму па хлеб, то на якой мове ты размаўляеш з прадаўцамі?” Ён адказаў, што па-руску. Я баялася, што калі спытаю ў людзей дарогу на вуліцы па-руску, то яны будуць глядзець на мяне са здзіўленнем. Толькі потым я даведалася, што беларуская мова ў вас не карыстаецца папулярнасцю.

Пасля лёсавызначальнай сустрэчы у Італіі Дарота рэгулярна наведвае Мінск. Па словах Дароты, беларусы – адкрытыя, вясёлыя і шчырыя людзі, з якімі не ўзнікае праблем у зносінах, але часам некаторыя рэчы кідаюцца ў вочы.

– Мне здаецца, што маладыя людзі з Польшчы і Беларусі выглядаюць і апранаюцца крыху па-рознаму. Маладыя палякі маюць кароткую прычоску і спартыўны стыль адзення. Беларускія ж маладзёны звычайна надзяваюць джынсы ў абліпку, скураную куртку і туфлі з вострым носам. Дзяўчыны тут часта носяць абутак з высокімі абцасамі і маюць вялікія пазногці чырвонага альбо іншага колеру. У нас такі абутак і такія пазногці сярод дзяўчат сустракаюцца рэдка. Полькі абіраюць натуральны і практычны стыль. Увогуле, мне здаецца, што беларуская моладзь больш турбуецца пра тое, як яна выглядае.

Пасля вяселля Дарота і Дзмітрый два гады пражылі ў Варшаве, але вырашылі гэтым летам паспрабаваць наладзіць сваё жыццё ў Мінску. Дарота лічыць, што гэты пераезд будзе няпростым, бо заўважыла, што эканамічнае жыццё ў Беларусі апошнім часам крыху пагоршылася.

– Апошнім часам я заўважыла, што ў Беларусі прадукты харчавання каштуюць альбо так, як у нас, альбо нават крыху больш, хаця заробкі ў нас нашмат вышэйшыя. Напрыклад, бульба ў нас каштуе прыкладна 1500 беларускіх рублёў, а сярэдняя зарплата па краіне складае прыкладна 2,5 мільёны беларускіх рублёў. Да таго ж, у Польшчы вельмі шмат вялікіх гіпермаркетаў, дзе можна знайсці танныя прадукты харчавання. Таму я лічу, што жыць у Беларусі стала цяжэй.

Сёлета Дарота скончыць універсітэт, затым пераедзе ў Мінск. Бацькі і сваякі Дароты ставяцца да яе намеру насцярожана, а суседзі часта пытаюць, ці не баіцца яна ехаць сюды.

– Адзінае, што бянтэжыць мяне, ці знайду я тут працу, і як незнаёмыя людзі будуць ставіцца да мяне, бо для іх я іншаземка. Раней я прыязджала сюды, скажам так, у адпачынак, а цяпер зусім іншая сітуацыя. Мне цяжка прадбачыць, як усё станецца, але я спадзяюся, што ўсё будзе добра.