Беларуская грамадзянская супольнасць абмяркуе стратэгію дзеянняў на бліжэйшы перыяд

14.03.2011

19-20 сакавіка 2011 года ў Мінску адбудзецца канферэнцыя «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый – удзельнікаў Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Мэтай канферэнцыі з’яўляецца ініцыяванне працэсу кансалідацыі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі на падставе адзінай стратэгіі дзеянняў. Аналіз сітуацыі пасля 19 снежня 2010 г. паказвае, што якія-небудзь пазітыўныя змены ў краіне немагчымыя без уцягвання «трэцяга сэктара» ў дыялог пра будучыню і ліквідацыю існуючага грамадска-палітычнага расколу ў Беларусі. Як адзначае адзін з ініцыятараў канферэнцыі метадолаг Уладзімір Мацкевіч, «абавязковай умовай дыялёгу з’яўляецца ўзаемнае прызнанне бакамі адзін аднаго. Менавіта гэта фундаментальная ўмова пакуль не выконваецца. Адным з бакоў у дыялогу з’яўляецца сучасны беларускі рэжым, і гэта прызнаецца як самім рэжымам і яго прыхільнікамі, так і апазіцыяй. Але хто з’яўляецца другім бокам ў дыялогу? Пакуль няма кансенсусу ў дэмакратычнай апазыцыі і ў грамадзянскай супольнасці, другога боку папросту няма. Яго не бачыць рэжым, ды і сама грамадзянская супольнасць і апазіцыя самі сябе не прызнаюць правамоцным удзельнікам дыялогу. Гэтая канферэнцыя павінна стаць крокам да стварэння паўнавартаснага і правамоцнага суб’екта ў дыялогу з рэжымам».

Нягледзячы на сваю відавочнасць, праблема кансалідацыі дэмакратычных сілаў у Беларусі не можа быць вырашана без узгаднення стратэгій і падыходаў, якімі кіруюцца розныя грамадскія сілы і рухі. «Гутарка, якая адбудзецца ў рамках канферэнцыі, наўрад ці здыме ўсе назапашаныя пытанні ў адносінах паміж суб’ектамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, аднак можа стаць значным крокам наперад у пошуку ўзаемаразумення і сінхранізацыі планаў і дзеянняў», – мяркуе кіраўнік Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”, спікер Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка.
У рамках падрыхтоўкі да канферэнцыі 15 сакавіка 2011 г. пройдзе круглы стол «Напярэдадні новага палітычнага сезону: стратэгіі і контр-стратэгіі», дзе вядучыя беларускія эксперты абмяркуюць найбольш верагодныя сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі і дадуць ацэнку розным стратэгіям дзеянняў, накіраваным на дэмакратычныя пераўтварэнні. «Палітычныя сілы ў мінімальнай ступені арыентуюцца на меркаванні экспертаў і аналітыкаў, але без апоры на прафесійныя веды немагчыма дасягнуць хоць якой-небудзь эфектыўнасці і выніку ў палітыцы, што як раз і адбываецца. Неабходна мяняць гэтую абсурдную сітуацыю», – упэўнены дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і ўсяго спектру дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі, эксперты і аналітыкі, міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі беларускіх і замежных СМІ.

Абавязковая акрэдытацыя для журналістаў да 18 сакавіка 2011 г.
Па ўсіх пытаннях, якія вас цікавяць, калі ласка, звяртайцеся да каардынатара Тэхнічнай групы Аргкамітэту Антаніны Елістратавай
(+375 29) 158-99-81
csfbelarus@gmail.com

Даведка:

Падрабязную інфармацыю пра канферэнцыю і ўмовы ўдзелу можна знайсці на сайце Кансорцыюма “ЕўраБеларусь»па адрасе: https://eurobelarus.info/content/view/14465/21/

У аргкамітэт канферэнцыі ўвайшлі:
Міжнародны кансорцыюм «ЕУРАБЕЛАРУСЬ» (Літва)
Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў (Літва)
Навукова-даследчая установа «Аналітычная група ЦЕТ» (Цэнтар еўрапейскай трансфармацыі)
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”
Офіс за Дэмакратычную Беларусь (Брусэль)
Экалагічнае таварыства «Зялёная Сетка»
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
ГА «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў»
ПГА «Рух «За свабоду»