Беларусы ў Катыні ў Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў

24.08.2009

k-1

Падарожжа арганізаванае пры агульным удзеле Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзу палякаў Беларусі, Беларускага шуманаўскага таварыства, аргкамітэтэту па стварэнні Руху “Разам” ды інш. Шэраг грамадскіх арганізацый з Беларусі не абмінулі сваёй увагай жалобную дату ды ажыццявілі выправу ў мемарыяльны комплекс “Катынь”.

Дата 23 жніўня абраная з нагоды падпісання пагаднення між сталінскім СССР і гітлераўскай Нямечынай у 1939 годзе, вядомым як пакт Молатава — Рыбентропа.

Сярод удзельнікаў жалобнага падарожжа былі тыя, чые продкі загінулі на катынскай зямлі.

Георгій Шэметавец:

— Майго бацьку прыгаварылі да расстрэлу ў Смаленску. Але я добра разумею, што яго не павезлі расстрэльваць у Курапаты. Яго судзіла тройка. Хутчэй за ўсё, яго расстралялі недзе тут.

k-2
У падарожжа выпраўляліся на двух турыстычных аўтобусах, якія напоўнілі сябры грамадскіх арганізацыяў ды аб’яднанняў, цікаўныя да гісторыі і мінуўшчыны людзі, а таксама журналісты ды творчая інтэлігенцыя. Трагічную мясціну наведалі Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Валерый Шчукін, Кася Камоцкая, Юрась Губарэвіч ды іншыя.

Мастак Аляксей Марачкін:

— Катынь — адно з нешматлікіх месцаў, дзе ўшанаваная памяць людзей, якія бязвінна загінулі. Людзей, якія належалі да цвету інтэлігенцыі. Яны намагаліся ўключыцца ў бітву з гітлераўскімі акупантамі. Але лёс распарадзіўся так, што яны трапілі ў палон да тых, каго пэўны час лічылі сваімі саюзнікамі.

Гэты пакт меў дадатковы дакумент, дзе размяжоўваліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаваў. Мяжа праходзіла па тэрыторыі Усходняй Еўропы, а сам пакт лічыцца неправамоцным актам, вынікам якога сталіся шматлікія рэпрэсіі ды трагедыі.

k-3
Адна з такіх трагедыяў — расстрэл 15 тысяч афіцэраў войска польскага, які адбыўся ў 1940 годзе ў Катыні.

Праблема Катыні на доўгі час сталася прадметам спрэчак паміж гісторыкамі ды публіцыстамі розных краінаў. На сённяшні момант большасць з іх лічыць, што загад аб расстрэле быў спраўджаны савецкім кіраўніцтвам сталінскіх часоў.

Сярод расстраляных былі не толькі этнічныя палякі. Пра гэта цвердзіць адзін з арганізатараў выправы ў Катынь Лявон Баршчэўскі:

— Вялікая колькасць расстраляных — выхадцы з Беларусі і Украіны, якія былі мабілізаваныя ў пачатку вайны. Гэта былі рэзервісты: настаўнікі, лекары, навукоўцы. На жаль, не ўдалося ідэнтыфікаваць усе біяграфіі. Сёння цяжка сказаць, які працэнт беларусаў сярод загінулых. Але паводле ацэнак экспертаў, не менш за чвэрць, а можа, і болей.

Першай і адзінай перашкодай на шляху да ўшанавання рэпрэсаваных паўстала расійская мытня. Удзельнікі падарожжа на працягу дзвюх гадзінаў стаялі ў чарзе разам з фурамі ды іх кіроўцамі.

Кіроўца аднаго з аўтобусаў:

— У іх тут заўжды нейкі бардак. Кожны раз усё па-новаму.

Да месца ўшанавання рэпрэсаваных дабраліся са спазненнем. А экскурсію па месцы масавага катавання праводзіў гісторык Ігар Кузняцоў:

— Крыўдна, што нам даводзіцца ехаць у Расію, каб ушанаваць нашых землякоў, бо ў нас таксама хапае месцаў, дзе НКВД расстрэльвала людзей. Але сёння мы хочам ушанаваць не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў іншых краінаў, якія загінулі ў Катыні.

Прысутныя наведалі абедзве часткі мемарыялу — расійскую і, адпаведна, польскую. А таксама ўсклалі вянкі ды ўсталявалі знічкі на могілках.

Фінальную прамову перад выправай дадому трымаў Вячаслаў Сіўчык:

— Наш агульны абавязак цяпер — ушаноўваць памяць нашых ахвяраў так, як гэта мажліва.

Адваротны шлях падарожнікаў разбаўляўся фільмам Анджэя Вайды “Катынь”.

k-4

фота — lamma-mamma