Беларускіх лінгвістаў вышэйшай кваліфікацыі ў краіне хутка проста не застанецца — за апошнія восем гадоў у Беларусі не было паспяхова абаронена ніводнай доктарскай дысертацыі па беларускай мове, а колькасць кандыдацкіх прац скарацілася ў 4,5 разы.
« У нас няправільна разумеюць само паняцце “дысертацыя” »
Беларусістыка ў краіне перажывае глыбокі крызіс. І праблема тут не ў тым, што беларускія лінгвісты не жадаюць рухаць навуку наперад. За гэты час было некалькі спроб абараніць доктарскія дысертацыі, якія аднак закончыліся няўдачай – Прэзідыум Вышэйшай атэстацыйнай камісіі не прыняў ніводнага станоўчага рашэння.
Паводле дадзеных, прыведзеных ў навуковым даведніку «Беларускае мовазнаўства: дысертацыі па беларускай мове, абароненыя ў Рэспубліцы Беларусь (1990 – 2011 гг.)», за час існавання незалежнай Беларусі было абаронена каля 320 доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, звязаных з беларускай мовай. Пік абарон прыйшоўся на прамежак з 2000 па 2004 гады, калі былі падрыхтаваны 134 даследаванні. Тады штогод у беларускую навуку прыходзілі па некалькі дзясяткаў кандыдатаў і дактароў філалогіі.
Сёння гэтая лічба выглядае амаль фантастычнай. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць абароненых дысертацыйных прац, прысвечаных беларускай мове, скарацілася амаль у 4,5 разы. З а мінулы год ступень кандыдата навук у гэтай сферы атрымалі толькі восем (!) чалавек. Яшчэ горш выглядае сітуацыя з дактарамі: з 2004 года ніводнай паспяхова абароненай дысертацыі па беларускай мове, у той час як па іншых галінах за апошнія пяць гадоў пабачылі свет 93 доктарскіх і 1130 кандыдацкіх дысертацый.
Дык чаму так атрымалася, што абараніць доктарскую па беларускай мове стала немагчыма?
— За апошнія дзесяць гадоў патрабаванні да доктарскіх сталі значна больш жорсткія, — каменціруе сітуацыю адзін з аўтараў даведніка «Беларускае мовазнаўства» кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Дзятко. — Абсалютная большасць сённяшніх кандыдацкіх дысертацый у Беларусі па сваім навуковым узроўні не саступаюць доктарскім у суседніх краінах – Расіі, Украіне, Польшчы. З аднаго боку, гэта добра, але з другога, падаецца, што ў нас не зусім правільна разумеюць само паняцце «дысертацыя». Ад навукоўцаў чакаюць нейкіх адкрыццяў і эканамічнага эфекту, у той час, як кандыдацкая і доктарская найперш павінны быць кваліфікацыйнымі даследаваннямі – пацвярджэннем таго, што той ці іншы аўтар ужо дасягнуў належнага ўзроўню ў сваёй сферы і можа якасна вырашаць новыя навуковыя праблемы. У выніку колькасць людзей, якім цікава развіваць навуку, змяншаецца.
Што тычыцца ўласна мовы, то, паводле даследчыка, на сучасным этапе ў лінгвістыцы апрыёры не можа быць навуковых пераваротаў, а самі дысертацыі могуць мець хіба толькі апісальны характар.
— Гэтым фундаментальная навука адрозніваецца ад розных утылітарных распрацовак-аднадзёнак. Для навуковай рэвалюцыі ў адной асобна ўзятай галіне патрэбны дзясяткі гадоў стваральнай працы многіх спецыялістаў. У мовазнаўстве адкрыцці магчымыя толькі ў гістарычным плане, аднак чакаць эканамічнага эфекту ад такіх работ цяжка, — адзначае Дзмітрый Дзятко. — Боязь некаторых маладых даследчыкаў за тое, што іх работы могуць быць не ацэнены належным чынам, а таксама дэфіцыт кваліфікаваных кадраў і адсутнасць матэрыяльных стымулаў вядуць да таго, што шэраг праблем у беларускай лінгвістыцы застаюцца без належнага вывучэння.
Аналіз тэматыкі абароненых прац паказвае, што найбольшая ўвага ў іх зараз надаецца галінам, метады даследавання якіх сфарміраваліся яшчэ ў савецкай навуцы (лексікалогія, граматыка, мова тэкстаў і інш.) або распрацоўка якіх была пастаўлена «на паток» у 1990-я гг. (тэрміназнаўства, словаўтварэнне). У той час, як у зародкавым стане знаходзяцца галіны, звязаныя з вывучэннем моўных праблем сучаснага грамадства, тэорыі і практыкі ўкладання слоўнікаў, міжмоўных кантактаў.
«Хутка фарміраваць саветы па абароне дысертацый давядзецца з навукоўцаў з-за мяжы»
Крызіс сістэмы падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі назіраецца не толькі ў сферы беларускага мовазнаўства. Так, у 2010 годзе толькі 3,5% аспірантаў завяршылі вучобу абаронай дысертацыі. У 16 установах адукацыі ні адзін з выпускнікоў аспірантуры не змог абараніць дысертацыю.
Не спрыяе павелічэнню навуковых кадраў і нядаўняе рашэнне павысіць на 50% аклады выкладчыкам ВНУ без вучоных ступеняў. Пры гэтым аклады кандыдатаў засталіся без змен. Гэта прывяло да таго, што розніца паміж зарплатай простага выкладчыка і заробкам кандыдата навук стала мінімальнай. А значыць, знік і матэрыяльны стымул.
Зацікавіць «рублём» маладых вучоных, на жаль, не атрымаецца і бліжэйшым часам. З 2012 года толькі бюджэт Нацыянальнай акадэміі навук будзе зменшаны на 25-30%. Іншымі словамі, беларускай навуцы давядзецца яшчэ мацней зацягнуць паясы.
Немагчымасць папаўнення маладымі спецыялістамі сур’ёзна падрывае асновы нацыянальнай бяспекі і негатыўна адбіваецца на іміджы краіны. Беларуская навука імкліва старэе. Так, паводле інфармацыі Мінадукацыі, трэцяя частка кандыдатаў навук і амаль палова дактароў – асобы пенсійнага ўзросту.
— За апошнія гады пайшлі з жыцця многія дактары філалагічных навук – прадстаўнікі старэйшага пакалення: Аркадзь Жураўскі, Міхаіл Яўневіч, Браніслаў Плотнікаў, Святлана Прохарава, Любоў Антанюк і іншыя, — адзначае Дзмітрый Дзятко. — Такая сітуацыя з кадрамі вышэйшай кваліфікацыі пагражае беларускай лінгвістыцы залежнасцю ад навуковых школ суседніх краін. Ужо зараз ёсць праблемы са стварэннем доктарскіх саветаў па абароне. Знікненне нацыянальных навуковых кадраў можа прывесці да таго, што ў хуткім часе фарміраваць саветы па абароне дысертацый давядзецца з навукоўцаў з-за мяжы. А ці шмат там спецыялістаў у галіне беларускай мовы?
Анастасія Беленькая, zautra.by