Зорка беларускага сеціва 2009 Юра Дземідовіч з песняй “Волшебный кролик” выступіць у беларускім адборы на дзіцячае “Еўрабачанне” 10 верасня. З’яўленне песні проста скаланула беларускую інфармацыйную прастору. У юнага спевака з’явіліся дзесяткі тысяч прыхільнікаў. У супольным праекце “Тузін. Перазагрузка” песня запісаная ў беларускамоўным перакладзе. Карэспандэнт “Будзьма разам!” Таццяна Печанко апавядае пра аўтара перакладу “Волшебного кролика” – Сяргея Балахонава.
Сяргей Балахонаў – настаўнік гісторыі з Гомеля, пісьменнік – займаецца перакладамі песняў ужо некалькі гадоў, ён выбірае песні, якія яму падабаюцца, і перакладае. “Волшебный колик” – гэта не першы поспех Сяргея Балахонава на ніве перакладаў. У 2007 годзе гурт “Termin Х” звярнуўся да яго па дапамогу ў перакладзе песні брытанскай каманды Oasis “Wonderwall” (“Чароўны мур”). Беларуская кавер-версія гэтай песні, у аснову якой лёг пераклад Сяргея Балахонава, заняла дастаткова высокую пазіцыю ў выніковым чарце “Тузін Гітоў” улетку 2008.
Беларускамоўную назву песні “Чароўны трусік” Юры Дземідовіч пераправіў на трасянкавы варыянт “Чароўны кролік” – бо аднагодкі смяюцца са слова “трусік”.
Да рашэння Юры Дземідовіча пакінуць у песні расійскае слова “кролік” замест беларускага “трусік” Сяргей Балахонаў ставіцца з разуменнем: “Я не асуджаю Юру, я яго разумею і нават спачуваю. Я спачуваю ўсім сённяшнім падлеткам, якія жывуць ва ўмовах рускамоўнай культуры, а беларускае для іх – як бляклыя кветкі на ўзбочыне. На жаль, так складаюцца абставіны, што сістэма культурных каардынат, якая цяпер існуе, рэпрадукуе стэрэатыпы. І калі камусьці слова “трусік” падаецца смешным, то, канечне, Юры складана трываць гэты ціск. Для яго і так вялікае выпрабаванне тое, што песня стала настолькі папулярнай. Можа, нейкі дарослы гурт возьмецца пераспяваць гэтую песню і выкарыстае слова “трусік”.
Што да “Волшебного кролика”, то аказалася, што Сяргей Балахонаў рабіў пераклад па прыколе і не разлічваў на тое, што песня ў ягоным перакладзе калі-небудзь прагучыць са сцэны. “Мне проста спадабалася сама песня, і я прадчуваў, што гэта можа стаць распаўсюджанай фішкай у нэце, і што можна проста “зачапіцца за гэты хвост”, – гаворыць Сяргей. “Да таго ж, я адчуваю, што ў нашым грамадстве ў прынцыпе не хапае беларускай мовы, і мне хацелася б, каб яе было болей,” – заўважае перакладчык.