Напярэдадні экспедыцыі па пошуках цмока Зміцер Навіцкі сустрэўся з экспертамі па беларускім драконе. Яны расказалі яму, што ж за птушка такая беларускі цмок…
— Самы просты спосаб пасябраваць з цмокам — выгадаваць яго. Гэта нескладана: трэба некаторы час сачыць за чорным пеўнем. Дачакацца, калі ён пачне кудахтаць — і падхапіць знесенае ім чорнае яйка.
Вашай увазе – супольны праект сайтаў budzma.org і abw.by, экспедыцыя па пошуку беларускіх цмокаў.
Я слухаю этнакультуролага Таццяну Валодзіну і разумею, што ўсё насамрэч вельмі проста: чорнае яйка трэба тры гады насіць пад пахай. Мыцца нельга, вымаць яйка нельга — але ўзнагародай будзе маленькі цмок, які вылупіцца з яйка праз тры гады. Лятучую яшчарку трэба будзе паіць малаком з левай далоні, а калі яна падрасце — кожную раніцу смажыць яму несалёную яечню і пакідаць на гары. Не паснедае яечняй цмок — дык спаліць хату ці гумно.
Таццяна Валодзіна — вялікі знаўца цмокаў. Кажуць, што яна ведае пра іх усё. Нават больш, чым самі цмокі. Калі яна расказвае, вочы яе гараць агнём. Я на ўсялякі выпадак адсоўваюся далей — і слухаю.
— Навошта беларусу цмок? Каб здабыць багацце. Уначы лятаючы дракон носіць гаспадару золата. Раней калі людзі бачылі метэарыт у небе, усе зналі: цмок панёс гаспадару ў хату золата.
Зазірнуўшы ў мае сумныя вочы, Таццяна працягвае.
– Другі варыянт выклікаць цмока — моцна сумаваць па каханні. Гэтая маркота выкліча цмока, які з’явіцца ў абліччы юнака — такія часта прыходзяць да ўдавы ці салдаткі — от і пачынаецца тады каханне! Але гэта ж цмок, не чалавек — таму лепш чалавека сабе шукайце.
Калі б я быў удавой, шукаў бы шчасця ў вачах Уладзіміра Арлова. Калі ёсць у свеце беларускі дэндзі, дык гэта Уладзімір Арлоў.
– Беларускія цмокі — лагодныя цмокі — з усмешкай расказвае Уладзімір. — Як і ўсе беларусы… Цмокаў бывае шмат: класічныя драконы, “летаўцы, “агнявыя цмокі”… Я сам, напрыклад, бачыў “агнявога” цмока. На вёсцы было: у адчыненае акно заляцеў вогненны цмок, даляцеў да сцяны, пасядзеў трошкі — і знік. Толькі след на шпалерах застаўся – пацалунак пякучых вуснаў. . І хоць бабуля казала, што гэта шаравая маланка, бачна было: сама не верыць.
У Лепельскім возеры я на свае вочы таксама бачыў цмока: сядзеў, вудзіў рыбу, і раптам з возера — спіна з вялікім плаўніком. Акула? Не, гэта дакладна быў цмок. Цмокі ёсць на Беларусі, я ўпэўнены, некаторыя з іх і цяпер жывуць у полацкіх лабірынтах. Дарэчы, памятаеце Аршанскую бітву 1514 года, калі невялікае нашае войска перамагло ўтрая большае маскоўскае?
Ёсць дадзеныя, што ў ноч перад бітвай да Канстанціна Астрожскага прыходзіў цмок: ад імя ўсіх казачных істот ён сказаў, што маскавіты для іх таксама чужынцы і захопнікі. І жыцця пад Масквой ім не трэба. Таму разам з войскам Астрожскага супраць Масквы змагаліся ўсе: лазавікі, вадзянікі, багнікі, русалкі, і, вядома ж, цмокі.
Уладзімір працягвае расказваць, як 30-тысячнае войска ВКЛ разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскага княства. І я разумею, што іншага тлумачэння перамогі няма.
— З той пары цмокі нікуды не зніклі. Яны схаваліся. Вунь, пачытайце Караткевіча пра лепельскага цмока: “Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава…”
— Нешта падобнае я і сам бачыў на лепельскім возеры — кажа Уладзімір. — Не забывайцеся: жывуць цмокі доўга. І лохнэская пачвара таксама не ўчора нарадзілася — цмокі схаваліся, чакаюць свайго часу.
Той жа думкі прытрымліваецца культуролаг Раман Абрамчук, удзельнік экспедыцыі па пошуках цмокаў у 2005-2006 гадах.
– Хаваюцца нашыя цмокі, хаваюцца. На Астравеччыне і цяпер кажуць: не хадзі на Вілію, цябе цмок схопіць. Думаеце, няма прычын?
Беларусы і цмокі заўсёды жылі побач.
— У нас, як і ў балтаў, — расказвае Таццяна Валодзіна, — вельмі паважнае стаўленне да змяі. Вужоў нашыя людзі трымалі замест катоў — і паілі іх малаком. Цмок не быў адмоўным героем: людзі і цмокі — гэта дзве цывілізацыі, які жылі побач.
Цмокі жылі сярод нас: як сведчаць міфы, жылі яны ў вялікіх камянях. Былі выдатнымі шаўцамі і краўцамі. Дарэчы, найлепшыя боты для танцаў рабілі цмокі. Толькі ў царкву ў гэтых ботах не пускалі…
– Цікава, што ў шматлікіх беларускіх казках цмок прыходзіць у вобразе самага галоўнага “дзяржаўцы”, або, калі карыстацца сучаснай лексікай, найвышэйшага чыноўніка — заканчвае аповед Уладзімір Арлоў. — Ад цмока пайшлі ўсе чыноўнікі на Зямлі. Галоўная мараль тых казак: якім бы страшэным ні быў цмок, ён усё роўна падохне…
Але на Беларусі цмокі яшчэ жывуць…
Тэкст: Зміцер Навіцкі
Фота: Максім Шумілін
Экспедыцыя падрыхтавана сайтамі budzma.org і abw.by.