I.
Падставай для актуалізацыі пытання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў стаў конкурс графічных праектаў “Мы 2012”, вынікі якога былі неўзабаве падведзеныя. У межах выставы-конкурсу адбыўся і круглы стол “Выявы ідэнтычнасці”. Пытанне пошукаў саміх сябе праз нацыянальнае вымярэнне дагэтуль надзённае. А для беларусаў, да таго ж, здатнае знайсці адказы на шматлікія “чаму”. Калісьці ў добрыя часіны мадэрнізму дастаткова было стварыць адпаведную інстытуцыю – Нацыянальны мастацкі музей, – каб гэтае пытанне з выявамі ідэнтычнасці раз і назаўжды было вырашана. Нацыянальны мастацкі музей у нас ёсць, але экспазіцыя пачынаецца з выяваў рускіх цароў. Гэта цікавая, амаль аўтабіяграфічная, гісторыя супрацоўнікаў музея, якім чынам ва ўмовах руйнавання за савецкім часам Расійскай Імперыі і нам адваліўся добры кавалак яе культурнай спадчыны, але гэта не ёсць сведчаннем Нацыянальнага музея. У гэтым сэнсе паказальным і супрацьлеглым з’яўляецца прыклад Нацыянальнага музея ў Польшчы, дзе ёсць творы Яна Матэйкі, што і ёсць – у шэрагу іншых, не менш выдатных, нацыянальных твораў – квінтэсенцыяй выявы польскай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Але Нацыянальны музей, якім бы змястоўным ён ні быў, як і іншыя інстытуцыі, не вырашае сёння пытанне самаідэнтыфікацыі. Традыцыйную мадэль самаідэнтыфікацыі можна параўнаць з нацыянальным адзеннем, якое было перадвызначана амаль кожнаму прадстаўніку грамадства лёсам, не зважаючы, напрыклад, на яго асабісты густ – апранацца так, а не інакш. Сёння ж людзі маюць цэлы гардэроб такога адзення, якое вобразна азначае ідэнтычнасць, і нацыянальная вопратка можа нават быць незапатрабаваная альбо ўвогуле адсутнічаць у гэтым гардэробе свядомасці сучаснага чалавека. Ідэнтычнасць – гэта не тое, што мы апранаем штодня. Для выбару ідэнтычнасці патрэбнае пэўнае пачуццё густу ці свядомасць выбару. Гэта тое, што, безумоўна, павінна быць у нашым гардэробе і адпавядаць вопратцы да асаблівай урачыстасці. У беларусаў жа гэтая ўрачыстасць наперадзе – паўнавартасная нацыянальная дзяржава.
Складнікі ідэнтычнасці маюць перадусім гістарычную перадумоўленасць. Калі браць шырэй і казаць не толькі пра выявы ідэнтычнасці, якія абмяжоўваюцца класічным нармалёвым Нацыянальным музеем, а пра колеры і пахі, дык добрым прыкладам такога даследавання з’яўляецца праект Міхала Анемпадыстава “Карняплоды” ці “Undeground”.
Такой самаідэнтыфікацыі было дастаткова ва ўмовах арганізацыі нацыянальнага побыту, калі сельская гаспадарка з’яўлялася асновай існавання грамадства. Адгалоскі гэтай самаідэнтыфікацыі могуць быць адчувальныя і дагэтуль. Гэтага было дастаткова ажно да таго моманту, калі вонкавыя сілы пачалі руйнаваць гэты побыт. Адпаведна паўставала патрэба ў абарончай самаідэнтыфікацыі “нашы-чужыя”. З часамі гэты складнік заклаў падмурак і грамадзянскай самаідэнтыфікацыі. Такім яскравым прыкладам з’яўляецца Слуцкае паўстанне, калі людзі аб’ядноўваліся дзеля абароны свайго. Фактычна найвышэйшай праявай любой ідэнтычнасці ёсць самаахвяраванне ў імя яе. Правадыры паўстанняў, патрыёты, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля айчыны, заўсёды фармавалі нацыянальны пантэон герояў, напаўняючы самаідэнтыфікацыю зместам для тых людзей, хто застаўся жывым і быў гатовы стаць чарговым абаронцам. Гэта ёсць ілюстрацыяй да панятку нацыянальнай памяці.
Мабілізацыя ці самамабілізацыя людзей мела розныя праявы. 19 стагоддзе паказвае, што нацыянальная самаідэнтыфікацыя – гэта не толькі наяўнасць нацыянальных устаноў, але і стварэнне пэўнай інфраструктуры. Найчасцей гэта былі школы. Менавіта таму Нямеччына кожны раз, калі змагаліся супраць Расіі, у стратэгічных мэтах закладання буферных дзяржаў, якой і павінна была стаць Беларусь у іх бачанні, рабіла націск на арганізацыю школ на беларускай мове навучання, як і было падчас абодвух сусветных войнаў.
Сістэма нацыянальнай адукацыі адштурхоўваецца ад нацыянальнай мовы, якая ёсць важным складнікам грамадзянскай кансалідацыі людзей. Моўная самаідэнтыфікацыя неаднойчы была прыярытэтнай у стварэнні новых дзяржаў, як Чэхаславаччыны ці Ізраіля ў 20 стагоддзі.
Стварэнне інфраструктуры ўласціва для імперскіх утварэнняў, калі становіцца асновай функцыянавання імперыі і закладае таксама падмурак імперскай тоеснасці. Можна прывесці ў якасці прыкладаў войска, чыгунку, марскі флот. Мабілізацыя людзей за савецкім часам адбывалася паводле дзяржаўных праектаў калектывізацыі, індустрыялізацыі, што дагэтуль з’яўляецца прыкладам самаідэнтыфікацыі людзей паводле гэтых з’яваў. Гэтыя выявы з’яўляюцца прыкладамі стварэння ідэнтычнасці скрайнімі метадамі, што не заўсёды мела поспех. Чалавек збольшага вызначаецца самастойна са сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй і найчасцей абірае тое, што можа стварыць духоўную, не фізічную, утульнасць.
II. Беларусь як люстэркавы адбітак дзяржавы Ізраіль.
Прыклады палітычнай самаідэнтыфікацыі напрыканцы 20 стагоддзя нібы ствараюць прыкмету свядомага выбару, што з’явілася падставай утварэння новых дзяржаў. Ідэнтычнасць як дзяржаўны палітычны праект характэрна для дзяржавы Ізраіль. Цікава, што да яе стварэння былі прыцягнуты значныя вонкавыя рэсурсы. У гэтым праглядаецца цікавая паралель з сучаснай беларускай гісторыяй. Беларуская дзяржаўнасць – фактычна люстраны адбітак ізраільскай дзяржаўнасці. Так выйшла, што на тэрыторыі, якая ўключае сучасную Беларусь, над праектам уласнай дзяржавы актыўна задумваліся два народы – габрэйскі і беларускі. Тэрыторыя Беларусі таксама разглядалася як варыянт стварэння яўрэйскай дзяржавы, але было наканавана, каб дзяржава Ізраіль паўстала ў іншым месцы. Што характэрна, праект гэтай дзяржавы з самага пачатку закладаў момант супярэчлівасці ў зносінах з палестынскім народам, што пазней перакінулася на агульную канфрантацыю з усім арабскім светам. Але гэтая акалічнасць стварыла перадумовы для значнай вонкавай падтрымкі дзяржавы Ізраіль. Беларусь у пэўным сэнсе на сучасным этапе яе развіцця абрала мадэль, падобную да ізраільскага палітычнага праекту, калі таксама акамулюе немалыя вонкавыя датацыі як адзіная краіна на пост-савецкай прасторы. Толькі мапа канфрантацыі знаходзіцца ўжо ў кірунку Еўропы і ЗША, і адзіным момантам супярэчлівасці ў існаванні беларускай дзяржавы з’яўляюцца зносіны таго ж саюзніка на ўсходзе (“старэйшы брат”) з тымі ж вышэйзгаданымі дзяржавамі. Люстэркавы адбітак выяўляецца і ў стаўленні да нацыянальных каштоўнасцяў, галоўным чынам – мовы. Адраджэнне ў іх – і заняпад у нас.
Другі варыянт вонкавай супярэчлівасці як падмурак беларускай дзяржаўнасці быў бы, калі б Беларусь абрала еўрапейскую інтэграцыю і адпаведную паставу ў зносінах з Расіяй. Дэкларатыўнасць добрых узаемадачыненняў з Расіяй і адначасовая інтэграцыя ў Еўропу як альтэрнатыва сучаснай палітыкі Беларусі ўсё ж такі з’яўляецца ўзаемавыключальным прынцыпам. Дзяржаўнасць становіцца вынікам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, як гэта і было ў Беларусі, калі да ключавых рашэнняў па абвяшчэнні Незалежнасці прывяла апазіцыя БНФ. У сучаснай Беларусі дзяржаўнасць не прывязана да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, але для стварэння беларускай дзяржаўнасці рана ці позна прыйдзецца да яе звярнуцца, інакш штучная ці зваротная (зверху) самаідэнтыфікацыя не будзе засвойвацца грамадствам аніяк.
Магчыма, Беларусь зможа пераадолець гэты фактар вонкавай супярэчлівасці ў сваім дзяржаўным быцці, але немалую ролю тут павінен адыграць той жа вонкавы складнік. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, якую ролю адыгрывае нацыянальная самаідэнтыфікацыя на сучасным гістарычным этапе развіцця нашай краіны.
Вяртаючыся да метафары адзення як азначэння панятку ідэнтычнасці, калі менавіта беларусы будуць ствараць свой строй, варта толькі ведаць аб тым, што гісторыя выдаткавала нам дзеля гэтай мэты сапраўднае багатае сукно. Справа толькі за спраўнымі краўцамі.
Ягор Сурскі для budzma.org