Даведнік для беларускіх няўрадавых арганізацый “Як супрацоўнічаць з кампаніямі” быў выдадзены славацкім фондам Pontis. Мэта выдання — дапамагчы няўрадавым арганізацыям у развіцці іх адносін з мясцовымі кампаніямі на прыкладзе славацкага вопыту. Цікавым будзе выданне і для прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, якія пачынаюць актыўна звяртацца да філантрапічнай дзейнасці і прынцыпаў карпаратыўнай адказнасці.
Многія няўрадавыя арганізацыі імкнуцца павялічыць свой прафесійны ўзровень і пашырыць крыніцы фінансавання, каб быць жыццяздольнымі і паспяховымі. Пошук такіх крыніц (фінансавых і нематэрыяльных) унутры краіны шляхам наладжвання і развіцця супрацоўніцтва з кампаніямі прыносіць істотную ўзаемную выгаду і няўрадавым арганізацыям, і кампаніям. Калі вы – беларуская няўрадавая арганізацыя, гэта можа падацца вам крыху нерэалістычным. Стваральнікам зборніка таксама калісьці так здавалася. Але пасля вельмі стараннай працы цягам некалькіх гадоў… вы здзівіцеся, але гэта працуе!
Кніга была прадстаўленая падчас круглага стала “Найлепшыя практыкі ў карпаратыўнай філантропіі: абмен славацкім і беларускім вопытам”, які адбыўся 26 студзеня ў Мінску. Сустрэча стала падсумаваннем двухгадовых зносін паміж беларускімі і славацкімі партнёрамі ў такіх важных для грамадства тэмах, як супраца бізнэсу і грамадства і карпаратыўная адказнасць. Арганізатарам мерапрыемства выступіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – каардынатар і адзін з ініцыятараў грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Цяпер кніга даступная для вольнага спампоўвання і на сайце “Будзьма беларусамі!” ў фарматах .DOC і .PDF .
фота – Аляксандр Ждановіч