
“Мы спадзяемся, што кожны знойдзе ў сёлетняй праграме Дзён культуры Швецыі для сябе нешта цікавае”, – сказаў амбасадар Швецыі Cтэфан Эрыксан на прэс-канферэнцыі 12 траўня.

Зміцер Вайцюшкевіч
Можна сказаць, што Дні культуры пачаліся менавіта 12 траўня з выступлення ў якасці спецыяльнага госця на адкрыцці “Дударскага фэсту” вельмі вядомага шведскага фолк-гурта Hedningarna (“Паганцы”). 13-га ўвечары яны выступяць з сольным канцэртам у Палацы культуры ветэранаў, а раніцай правядуць нешта падобнае да майстар-класу для студэнтаў Універсітэта культуры і мастацтваў.



удзельнікі гурта Hedningarna
“З улікам таго, што ў Беларусі даволі жывыя паганскія традыцыі, такі гурт вельмі падыходзіць для беларускай музычнай сцэны”, – дадаў у гэтай сувязі спадар Эрыксан.
Як адзначыў аргранізатар “Дударскага фэсту” Зміцер Сасноўскі (“Стары Ольса”):
“Праз дзесяць год мы бачым, што традыцыі дуды і валынкі мы аднавілі, а таксама тэхніку ігры нацыянальнай школы. І ўсё цікавей і цікавей становіцца параўноўваць яе з іншымі традыцыямі, якія засталіся жывымі, якія развіваюцца. Таму з ініцыятывы спадара Эрыксана мы вельмі парадаваліся, што можам уключыць у межы фестывалю такі славуты гурт, як Hedningarna. Гэта вельмі знамянальна, што на дзесяцігадовы юбілей “Дударскага фэсту” прыехалі такія вядомыя ў Еўропе зоркі. Гэта гонар для нашага фестывалю”.

Зміцер Вайцюшкевіч і Андрэй Лянкевіч
На наступным тыдні беларусы могуць наведаць шведска-беларускую выставу карыкатур “Сам-насам з кліматам”, арганізаваную разам з Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва. Куратар праекта Вольга Рыбчынская больш падрабязна распавяла пра выставу:
“Гэта такі вандроўны праект, які стартаваў летась у Ісландыі, затым адбыўся на Балканах, у Малайзіі, Сірыі, Расіі. Шэраг выяваў мастакоў, якія разважаюць на тэмы змены клімату і экалагічныя тэмы. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: працы шведскіх карыкатурыстаў, а таксама мастакоў той краіны, дзе ў дадзены выпадак знаходзіцца гэты праект.

Вольга Рыбчынская
Сёлета 17 траўня мы адчыняем выставу “Сам-насам з кліматам” у Беларусі, дзе жанр класічнай карыкатуры злучаецца з новымі цікавымі практыкамі сучаснага выяўленчага мастацтва. Будуць і інсталяцыі, і калажы, і класічная карыкатура.
Акрамя гэтага мы плануем правесці круглы стол на тэму “Змены клімату ў мастацтве”, майстар-клас шведскага мастака Карыны Сунвісан у Акадэміі мастацтваў, а для дзетак мы зробім майстар-клас па коміксах і карыкатурах, дзе праз жанры мастацтва яны будуць разважаць наконт вельмі сур’ёзнага і навукаёмкага кірунку, як змена клімату”.

Наступнае мерапрыемства – прэзентацыя шведска-беларуска літаратурна-музычнага праекта “Чара” – адбудзецца 1 чэрвеня ў Палацы культуры ветэранаў.
“Гэта праект, над якім мы са Змітром Вайцюшкевічам працавалі ўжо некалькі гадоў. Зміцер узяўся за даволі цяжкую задачу – напісаць музыку пад рыфмаваныя творы шведскіх пісьменнікаў. На мінулым тыдні ў Стакгольме праект ужо быў прадстаўлены шведскай публіцы ў Паўднёвым тэатры”, – адзначыў шведскі амбасадар.

амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан
На дыску ёсць вершы ў асноўным трох шведскіх паэтаў: Катарыны Фростэнсан, Кенэта Клемэтса і Крыстофера Леандуэра. А пераклалі іх на беларускую мову таксама вядомыя беларускія пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў і Дзмітры Плакс. У складанку таксама ўвайшлі дзве адмысловыя песні: “Беларускія мужчыны” на верш Андрэя Хадановіча і “Глыбока ў маёй галаве” на верш Барбру Ліндгрэн, якую выканала дачка Стэфана Эрыксана – Аляксандра (на шведскай мове).
“Звычайная беларуская паэзія – гэта рыфма. Нават Маякоўскі больш-менш для нас зразумелы. А шведская паэзія, яе тэмы, вобразы – крыху незвычайныя. Але мэта гэтага праекта не столькі пазнаёміць, колькі сказаць, што ўсе паэзіі нашых суседзяў, блізкіх і далёкіх – прыгожыя. Імі трэба цікавіцца, як бы банальна гэта зараз ні гучала”, – падзяліўся сваімі меркаваннямі Зміцер Вайцюшкевіч.

2 чэрвеня ў актавай залі філалагічнага факультэта БДУ адбудуцца традыцыйныя (нават юбілейныя – сёлета ў дзясяты раз!) шведска-беларускія літаратурныя чытанні. Са шведскага боку выступяць Катарына Фростэнсан (сябра шведскай каралеўскай акадэміі, вядомая шведская паэтэса), Ула Лашму і Ульф Старк. Беларускі бок будзе прадстаўлены Алесем Пашкевічам, Аксанай Спрынчан, Усеваладам Сцебуракам. Правесці імпрэзу ўзяўся вядомы беларускі шоу-мэн Віктар Шалкевіч. 3 і 4 чэрвеня літаратурныя чытанні пройдуць у Пінску і Брэсце адпаведна.

У межах Дзён культуры Швецыі адбудзецца візіт камернага хора Святога Юханеса. Першы канцэрт пройдзе ў малой залі Белдзяржфілармоніі ў Мінску 3-га чэрвеня, а 4-га – разам з “Сoncordia-хор” у канцэртным зале Сафійскага сабору ў Полацку.
Напрыканцы Дзён культуры адбудзецца фестываль шведскага кіно. У гэтым годзе ён пройдзе з 7 па 10 чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны”. Дакладна вядома, што будуць паказаны чатыры фільмы, але верагодны цікавыя сюрпрызы.
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на сайце Пасольства Швецыі.