“Вольнае паветра” сталася першым буйным мерапрыемствам, якое прайшло на хутары Шаблі пасля пажару, што здарыўся тут у самым пачатку лета. Тым не менш фэст вырашылі не адмяняць, а ўсе сродкі, атрыманыя з яго, пусціць на аднаўленне хутара. Нягледзячы на асцярогі, надвор’е не падвяло новых арганізатараў фестывалю. Фэст паўстаў дзякуючы намаганням Сяргея Левіна (на той час дырэктара бровару “Сябар”) і Піта Паўлава сем гадоў таму і праводзіўся першапачаткова ў Крупках, а потым пераехаў у Шаблі. У апошнія гады ім займаўся прадзюсар Аляксандр Багданаў, а сёлета сцяг “Вольнага паветра” перайшоў да Яна Бусла і Дзмітрыя Шаўчука. “Пасля правядзення ў пачатку лета нашага фэсту “The Beatles Shabli” гаспадар хутара Уладзімір Шаблінскі прапанаваў нам увайсці ў кампанію арганізатараў “Вольнага паветра”, – апавядае Ян Бусел. – Мы згадзіліся, бо вельмі цікава было папрацаваць з гэтым фарматам і новай публікай, адрознай ад той, якая прыходзіць на наш фэст”.
Арганізатары кажуць, што складанасцяў як такіх не было – у Шаблях дасканала адпрацаваная сістэма. Адзінае што няпроста было прыцягнуць публіку на незнаёмыя імёны, заяўленыя на фэсце. Лайн-ап фэсту сапраўды выглядаў дзіўна – гурт Namgar з Бураціі, піцерцы Theodor Bastard, немцы Feindrehstar і недзе там у куточку беларусы – Kriwi і Re1ikt. Зрэшты, у апошнія дні перад пачаткам склад удзельнікаў папоўніўся – далучыліся Akute і Лявон Вольскі, якіх прадстаўнікамі “новага этна” не назавеш, але паслухаць іх прыемна пры любой нагодзе. Менавіта наваяўленыя і сабралі падчас сваіх выступаў максімальную колькасць публікі.
Арганізатары кажуць, што спрабавалі трымацца еўрапейскіх фестывальных нормаў, таму нават абцяжарыліся пошукам біяпрыбіральні для інвалідаў-вазочнікаў. І знайшлі. Таксама для інвалідаў была зладжаная асобная паркоўка. А што да самога фэсту, то праграму збудавалі такім чынам, што “верхняя” (малая) і “ніжняя” (вялікая) сцэны працавалі па чарзе, каб выступоўцы не заглушалі адно аднаго. Таму па заканчэнні выступу адных гасцей народ перацякаў да іншай сцэны, каб пачуць другіх. Кожны гуртоў аказаўся вельмі дарэчы. Замілаванне гледачоў выклікаў выступ каманды Namgar, які выконвае традыцыйныя спевы буратаў і манголаў. Вакалістка Намгар Лхасаранава падрабязна расказвала пра сэнс кожнай песні, знаёміла са сваімі інструментамі і між іншым назвала беларускі народ шчаслівым – за тое, што мае добрыя дарогі і цудоўную прыроду. Akute выйшлі на сцэну ў лайт-версіі – з акустычнай гітарай, драм-машынкай і яшчэ чамусьці з вакалісткай Clover Club Вольгай Цяшкевіч, якая падпявала Стасу Мытніку ў шэрагу песень. Не сказаць каб яна нечага дадала да акутаўскага гучання, але і не папсавала таксама.
Проста шыкоўны сэт адыгралі Kriwi, якіх чамусьці пастаянна прасілі заўчасна згарнуцца і паставілі выступаць на малую сцэну. “Сціпленькі канцэрцік”, паводле ўласнага азначэння, даў Лявон Вольскі (ён калісьці і прыдумаў назву фэсту “Вольнае паветра”). Лявон граў у асноўным песні з “Народнага альбома” пры падтрымцы Паўла Аракеляна. Пасля “Простых словаў” яго не адпусцілі, так што былі яшчэ харавыя “Тры чарапахі”.
Паводле папярэдніх падлікаў, сёлетняе “Вольнае паветра” сабрала каля 1500 чалавек. “Выйшла нашмат лепей, чым мы чакалі”, – заявіў пры канцы Ян Бусел. Зладжаны фэст быў сапраўды добра: акрамя музыкі наведнікаў чакала традыцыйнае кіданне кізякоў, 200-метровы ралей, кірмаш і батлейка, аніматары ды жанглёры. Толькі Вераніку шкада: вельмі хацелася б, каб да беларускіх удзельнікаў на беларускіх фэстах было прынамсі такое ж стаўленне, як да замежных гасцей.
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч