Дзевяць пытаньняў Алесю Лютычу не пра :B:N:

18.04.2012 Музыка

Лідэр гурта :B:N: распавёў у інтэрвію для «Тузіна Гітоў» пра сваё стаўленьне да гіпстэраў, распавёў пра сваю галоўную мару і прызнаўся, што хоча заняцца сольнай кар’ерай. «Я лiчу, што спачатку трэба стаць вядомым i больш-менш папулярным у сябе на Радзiме, а потым ужо заваёўваць захад. Ня згодны зь меркаваньнем Зьмітра Назарава, які вырашыў прыпыніць творчасьць гурта Sciana ў Беларусі і пачаць быццам «заваЙОўваць» Польшчу ды Ўкраiну. Дык вось, менавiта мая думка — хлопцы, спачатку пачнiце зьбiраць залi ў сваёй краiне, а потым ужо рабіце ўпэўненыя крокi на захад».

 

 

 

Раскажы, як ты зьвязаў сваё жыцьцё з музыкай?

Музыкай я пачаў займацца яшчэ ў падлеткавым узросьце. Хлопцы на двары па вечарах гралi на гiтарах i сьпявалi розныя песьнi з расейскага року. А ў майго бацькi дома была гiтара; ён трошкi граў, калi меў вольны час, але гэта было рэдка. Дык я па вечарах выходзiў з дому, слухаў, як старэйшыя хлопцы граюць ды спяваюць, падглядаў акорды, а потым бег дадому, браў гітару і вучыўся ставiць акорды. Вось так я пачаў граць на гiтары… Празь нейкi час я ўжо з хлопцамi разам граў ды сьпяваў па вечарах.

Чым ты займаесься акрамя музыкі? Ці ёсьць у цябе гобі, дзяўчына?

Акрамя музыкi я працую, як i 90—95 адсоткаў беларускiх рок-музыкаў. Трошачкi займаюся спортам у вольны час, трошкi граю ў расейскі бiльярд, люблю вандраваць. Дзяўчыны цяпер няма, знаходжуся ў актыўным пошуку (сьмяецца).

Як ты ставісься да розных маладзёвых плыняў, як, напрыклад, гіпстэры ці анархісты?

Плыні павiнны прысутнiчаць у грамадзтве. Лепш няхай будуць такiя плынi ў моладзi, чым увогуле штыль. Няхай лепей будуць гіпстэры ці мажоры, чым быдла. У кожнага свой жыцьцёвы стыль, канечне, не без уплыву захаду.

Якія твае погляды на сацыяльна-культурнае жыцьцё Беларусі? На пэрспэктывы яго разьвіцьця?

Ой, гэта балючая тэма… Але, вельмi б хацелася, каб цяперашняе становiшча хоць трохi палепшылася, але… не цяпер. Вельмi хочацца засьпець яшчэ той час у будучынi, па-добраму пазайздросьцiць тым маладым музыкам, якiя будуць мець магчымасьць граць шмат канцэртаў менавіта ў сваей краiне. Я лiчу, што спачатку трэба стаць вядомым i больш-менш папулярным у сябе на Радзiме, а потым ужо заваёўваць захад. Нядаўна на «Тузіне» чытаў інтэрвію са Зьмітром Назаравым пра яго меркаваньне наконт таго, што ягоны гурт Sciana прыпыняе творчасьць у Беларусі і пачынае быццам «заваЙОўваць» Польшчу ды Ўкраiну. Дык вось, менавiта мая думка — хлопцы, спачатку пачнiце зьбiраць залi ў сваёй краiне, а потым ужо рабіце ўпэўненыя крокi на захад. Але, калi ў iх усё атрымаецца, я буду толькi па-добраму рады за iх, землякi як-нiяк!

Якія фільмы ты любіш глядзець?

Больш за ўсё падабаецца глядзець гiстарычныя фільмы ды камэдыi. Але і жахі таксама гляджу час ад часу. Вось, на днях знайшоў сярод дыскаў фiльм «Астрал». Паглядзеў перад сном… Потым заснуць ня мог (сьмяецца). Нешта напужаўся трошкi.

Як ты больш любіш бавіць вольны час?

Люблю катацца на ровары, на аўтамабільчыку. Люблю зь сябрамi адпачываць, смажыць мяса на вогнiшчы, сьпяваць песьні пад гiтару… Шмат чаго люблю. Мы з хлопцамi з гурта яшчэ ў 2002 годзе думалi, што добра было б, каб нехта зладзiў чэмпiянат па футболе сярод беларускiх рок-гуртоў. Вельмi было б цiкава паспаборнiчаць i добра правесьцi час. Можна нават было б аб’ядноўваць па два-тры гурты ў адну каманду, каб спаборнiцтвы былi цiкавейшымi. «Тузiнаўцы», калi вам па кiшэнях, зрабiце такi турнiр, гэта будзе цiкава!

Якія мэты ты ставіш перад сабой у сваім жыцьці?

Жыцьцё павiнна быць цiкавым, таму і хочацца павандраваць трошкi, пабачыць сьвет. Я вельмi ўражлiвы ў гэтым сэнсе. Хочацца пабываць у Тыбэце… I, канечне, каб гэта ўсё не перашкаджала творчасьцi. У найблiжэйшы час хачу ўсё ж такi нешта сольна выдаць, хаця б сынгл для пачатку. Ужо задумкi ёсьць, i музыкi на прыкмеце таксама ёсьць. :B:N: жа — гэта як першае дзiця: я яго люблю, але яно ўжо дарослае, зь iм трошкi лягчэй (усьміхаецца). Ну i, канечне, трэба ажанiцца ды зрабiць добрую сям’ю.

Твая самая вялікая і самая жаданая мара?

Каб людзi былi ня проста жыхарамi сваёй краiны, а каб былi Беларусамi. I каб людзi былi з Богам. Тады ўсё будзе добра ва ўсiх.

Ці шкадуеш ты пра што-небудзь?

 

Што было, тое было, i я нiколi не шкадую пра мiнулае. Трэба думаць, што кожны можа зьмянiць у будучынi, а ня гнуць шыю назад. Крок за крокам!

 

19 красавіка, 19:00, Менск, клюб Re:Public

:B:N:  з прэзэнтацыяй самотніка «Зрабі сябе сам!»

пры падтрымцы сяброў з IQ48 і гурта PANaNieba

Квіты: 45 000 — 75 000 рублёў

Даведкі: (+375 29) 649-08-88

Тацяна Баранава, для «Тузіна Гітоў»