Гурт “Без билета” доўга ўстрымліваўся ад канцэртаў, каб урэшце сабраць большую частку сваіх прыхільнікаў на вялікім сольным канцэрце ў Палацы спорту на самаабвешчанае свята “Дзень безбілетніка”. Мала які гурт з Беларусі здольны сабраць аўдыторыю ў 5 тысяч чалавек, а вось “безбілетнікам” удалося.
Палац спорту запаўняўся паступова. Чэргі на ўваходзе, чэргі ў гардэроб, чэргі ў прыбіральню… Адчуванне было такое, што ў Мінск завітала чарговая замежная зорка. Але тое быў гурт з Беларусі.
ТТрадыцыйныя канцэрты “Без билета” на дзень студэнта заўжды збіралі шмат людзей. Неяк арганізатары рызыкнулі ды зрабілі два выступы запар у “Рэактары” і двойчы сабралі поўную залу. Сёлета было вырашана ўзяць пад святкаванне дня студэнта, а калі быць больш дакладным – “дня безбілетніка”, вялікую залу ў Палацы спорту. Рызыка апраўдалася. Ля 5000 чалавек прыйшлі ў гэты вечар, каб пачуць ужывую песні з новага альбому “Звезда” ды ранейшыя хіты.
“Без билета” выйшлі на сцэну ў касцюмах касманаўтаў ды зайгралі ўступ не раўнуючы Kraftwerk. Віталь павітаў усіх на “міжагалактычным музычным сеансе”, пераапрануўся ў жоўтыя нагавіцы ды чорную саколку і ўзяўся выконваць песні з апошняга дыска. Перад кожным трэкам ён браўся разгайдаць залу: “Мне падаецца, што гэтая музыка прыгожая і танцавальная. Сектар А, хоць бы пакруціцеся на месцы, танцпляц, танчым!” – аддаваў Артыст каманды перад выкананнем песенькі “Моя девушка за рулём”.
Дзіва дзіўнае: у вакаліста няма голасу, музыка гурта без прэтэнзій на арыгінальнасць, але ў суме ўсё працуе і слухачы задаволеныя. Эфект “Без билета” хутчэй у харызме самога Віталя Артыста: “Мабільнікі – найлепшыя ліхтарыкі!” – абвясціў ён, і сотні агеньчыкаў запаліліся ў зале. “Дзякуй за агні, якія гараць унутры вас!” – пракрычаў са сцэны выканаўца ды прапанаваў патанчыць пад “Шла дальше”, пад “музыку ціхага танцу ўнутры галавы”.
Некаторыя песні “Без билета” гралі ўпершыню на публіку, але слухачы, асабліва ў першых шэрагах, ужо ведалі словы і з ахвотай падпявалі. Асабліва крануў людзей твор “Птицы из Африки летят”, а таксама “Страна приливов” і, канечне ж, “Африка”, якую Віталік перайначыў у “СектарА”, заклікаючы спяваць усіх, хто ўладкаваўся на крэслах. Пройгрыш “Африки” надта нагадваў “Капитал”, цень Міхалка прабегла і падчас выканання апошняй песні – “Красному диску солнца”, якую Артыст для альбомнай версіі спеў якраз з лідарам “Ляпісаў”. Але выканаўца быў вельмі асцярожны – пра Міхалка не згадаў і нават фірмовую “Краіну Беларусь” не заспяваў.
“Вы афігенныя!” – заявіў Артыст пры канцы і паабяцаў, што ўсім, хто прыйшоў на гэты канцэрт, дадасца па годзе жыцця. На біс “Без билета” клікалі без вялікай ахвоты, амаль двухгадзіннай праграмай гледачы задаволіліся напоўніцу. Музыкі паабяцалі “прыляцець” наступным разам у сакавіку 2012-га.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандр Ждановіч.