Замак у старадаўніх Гальшанах на Ашмяншчыне даўно прыцягвае да сябе турыстаў з Беларусі і па-за яе межамі. Некалькі год таму распачаўся працэс кансервацыі палацавага комплекса, была адноўлена вежа, дзе ўжо больш за год працуе міні-экспазіцыя. Само мястэчка, як і замкавы комплекс, вельмі багатае на гісторыю і легенды, а падобныя месцы добра пасуюць для вандроўкі выходнага дня.
Гальша, што заклаў замак і горад
Дакладная дата заснавання паселішча Гальшаны невядомая. Існуе легенда, што заклаў паселішча чалавек па імені Гальша, блізу рэчкі Карабель. Паселішча атрымала назву Гальшаны, а сам Гальша стаў князем Гальшанскім, даўшы пачатак такім чынам вядомай цяпер дынастыі. Адбылося гэта каля 1280 года, згодна «Хроніцы Быхаўца».
Князі Гальшанскія ці Вязынскія прымалі ўдзел у паходзе на Грунвальд, а дачка нашчадка таго самага Гальшы — Андрэя — вядомая як каралева Кароны Польскай Соф’я Гальшанская. Яна ў 1422 годзе стала чацвёртай і апошняй жонкай былога князя Вялікага Княства Літоўскага, а потым караля Польскага Уладзіслава ІІ Ягайлы. Пэўны час род Гальшанскіх аказваў значны ўплыў на ўнутраную палітыку ВКЛ.
Мураваны замак з’явіўся ў Гальшанах значна пазней за першыя ўзгадкі, доўгі час абарончай фартэцыяй для мясцовых служыў драўляны замак, які быў узведзены яшчэ пры князі Гальшы. Гальшаны лічыліся на той час невялікім горадам і нават асобным княствам у часы ўдзельных княстваў. Мясцовасць узгадваецца наступным разам у Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай пад 1387 г., а пазней, яшчэ і ў Наўгародскім летапісе пад 1406 годам. У XVст. Гальшаны дасягнулі свайго росквіту. У 1440 і 1492 гадах ў мясцовым замку збіраліся сходы ўплывовых феадалаў ВКЛ.
Не абарончы замак, і не пышны палац
У 1525 годзе князёўна Алена з роду Гальшанскіх пабралася шлюбам з падканцлерам ВКЛ Паўлам Сапегам. Па смерці Сямёна Гальшанскага і яго жонкі у 1568 годзе ўладанні пераходзяць да Сапегаў. Заможны род з іх велізарнымі магчымасцямі і сродкамі зрабіў Гальшаны за стагоддзе багатым горадам.
Стары драўляны замак знаходзіўся за паўтара кіламетры ад паселішча. Пабудова састарэла фізічна, перастала адпавядаць пэўным функцыям і папросту не ўпісвалася ў тагачасную моду. У другой палове XVI стагоддзя рэзідэнцыя Сапегаў пераносіцца са старога замчышча на бераг ракі Лусты.
Тут распачынаецца пабудова ўжо мураванага палацава-замкавага комплексу, абкружанага ірвамі з вадой і валамі. Па кутах замка высіліся вежы, а па перыметры сцен, прымыкаючы да іх, размяшчаліся двухпавярховыя жылыя карпусы, якія ўтвараюць замкнёны ўнутраны двор памерам прыкладна 94,5 на 78,4 «квадратаў».
Вежаў у замку было шэсць, акрамя чатырохкутніх, яшчэ дзве вежы ўзвышаліся пасярэдзіне жылых карпусоў. У адну са сцен замка была таксама ўбудаваная капліца. Але ж у XVІІ стагоддзі ўжо адышла мода на ўмацаваныя замкі, якія маглі трымаць месяцамі аблогі ворагаў. Вайну ўжо вялі іначай, чым два стагоддзі таму, калі былі запатрабаванымі падобныя будынкі. Гальшанскі замак быў хутчэй палацам з умацаваннямі. Хаця гаспадары трымалі ў замку слугаў і з сотню вартаўнікоў, у скляпеннях, што мелі некалькі паверхаў пад зямлёй, на выпадак нападу ўсё ж трымалі правіянт, зброю і стайні. У замку адсутнічаў цэлы шэраг абарончых атрыбутаў, да прыкладу, замест вузкіх байніцаў меліся шырокія вокны, што зусім не пасавала для таго, каб трымаць аблогу. Замак быў пабудаваны ў 1610 годзе і на той час лічыўся адным з самых прыгожых палацаў на нашых землях.
Замак разбіралі на цэглу і прадавалі за бясцэнак
Павел Стэфан Сапега — унук Паўла Сапегі — меў вялікія пазыкі. Пасля ягонай смерці рэзідэнцыю і ваколічныя ўладанні падзялілі паміж сабой крэдыторы.
Соф’я Гальшанская і Павел Стэфан Сапега
Замак пацярпеў у часы Паўночнай вайны са шведамі 1700 — 1721 гадоў, але частка замка заставалася жылой. Без гаспадарскай рукі палац пачаў занепадаць і развальвацца. Крэдыторы не захацелі займацца аднаўленнем замка. Пашкоджаныя часткі комплекса разбіралі на цэглу і прадавалі за бясцэнак.
Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў разабраны трэці паверх замкавага комплекса. Усё, што ацалела, перабудоўвалі ў звычаныя жылыя карпусы. Людзі жылі ў іх аж да пачатку Першай сусветнай вайны, але падчас двух сусветных войнаў замак яшчэ больш быў пашкоджаны і пераўтварыўся ў руіны. За савецкім часам на цэглу былі разабраныя рэшткі жылых памяшканняў для ўзвядзення сельскагаспадарчых пабудоваў і дома культуры.
Топ-3 легендаў пра замак і Гальшаны
Незаможны гальшанскі хлопец здолеў звярнуць на сябе ўвагу маладой князёўны Ганны-Гадзіславы Гальшанскай. Каб ніхто не заўважыў, што ён ходзіць да яе на спатканні, хлопец пераапранаўся ў манаха. Аб рамантычных сустрэчах стала вядома бацьку князёўны. Каб уратаваць гонар роду, князь у традыцыях сярэднявечча загадаў замураваць спакусніка ў адной з вежаў замка. З тых часоў блукае па руінах замка і ваколіцах здань чорнага манаха, палохаючы няпрошаных гасцей.
Яшчэ адна легенда звязаная з будаўніцтвам кляштара францысканцаў Паўлам Стэфанам Сапегам. Князь паабяцаў дойлідам, што за выкананне замовы ў тэрмін да 6 жніўня 1618 года тыя атрымаюць падвойную ўзнагароду. Але адна са сценаў, якую ўзводзілі дойліды, абвальвалася тры разы без усялякай прычыны. Параіўшыся, дойліды вырашылі, што сцяна патрабуе такім чынам ахвяры і вырашылі, што замуруюць у сцяну першую жанчыну, якая з’явіцца на будоўлі.
Ёю апынулася жонка аднаго маладога майстра, якая прынесла мужу абед. Маладыя нядаўна пажаніліся... Жанчыну замуравалі жывой у манастырскай сцяне. З тых часоў па калідорах манастыра ўначы лётае непрыкаяная душа маладой жанчыны — белай панны.
Мясцовыя распавядаюць, што пры аднаўленні кляштара, у адной трэснутай сцяне былі знойдзеныя косткі, рабочыя іх дзесьці папросту закапалі, нават святара не паклікалі. А ў хуткім часе ўсе рабочыя памерлі, адзін за адным.
Апошняя легенда звязаная з вадзяным млыном на мясцовай рэчцы Гальшанцы. Сам млын унутры пусты, захаваліся толькі спарахнелыя ад часу сцены і дах, але мясцовыя жыхары кажуць, што па начах адтуль даносяцца гукі малацільні, рыпанне колаў, іржанне коняў і голас млынара.
Як спрабуюць захаваць Гальшанскі замак?
Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 3 ліпеня 2016 года № 437 Гальшанскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту. У 2018 годзе праведзена гідраізаляцыя падмуркаў, адноўлены сцены Паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Сцены вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, умацавалі між’ярусныя перакрыцці, наверсе ўсталявалі дах з флюгерам. Ажыццяўляецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, прылеглых да вежы, а ў самой вежы зрабілі музей.
6 мая 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім. У вежы знаходзяцца тры паверхі з невялічкімі экспазіцыямі і яшчэ паверх-сутарэнне, аформленыя ў стылі гальшанскіх легендаў. Уваходны квіток каштуе 3 рублі для дарослых, 2 — для дзяцей. Таксама можна замаўляць групавыя экскурсіі. Музейны аб’ект працуе з 10 да 19 штодня.
10 кастрычніка 2022 года Начальнік упраўлення культуры гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч заявіла, што «задача цалкам аднаўляць замак не стаіць». Зараз кансервуецца тое, што аднавіць ужо немагчыма.
Што можа збянтэжыць?
У адноўленых частках былога замка адразу ў вочы кідаецца ўкаранёная ў гістарычны мур сучасная чырвоная цэгла, якой на тэрыторыі замка вялікая колькасць палетаў. Можна ўявіць, што ў выніку атрымаецца ў працэсе канцервацыі — часткова навабуд. Кладку з сучаснай цэглы будаўнікі нават не спрабавалі неяк схаваць ці нейкім чынам «састарыць», каб яна не «калола вока» і вычварна не выпірала з агульнай кампазіцыі.
Бянтэжыць і шматпавярховы каскад металічных сходаў у двары замка і вакол вежы. Сходы моцна адцягваюць на сябе ўвагу, яшчэ здалёк псуецца ўражанне аб выглядзе абноўленай вежы, закаванай у сучасныя жалезныя канструкцыі.
Экспазіцыя на некалькіх паверхах вежы вельмі бедная і зноў такі асноўную яе частку ствараюць наваробы, а раставыя манекены ў выглядзе шляхцюка і шляхцянкі выглядаюць недарэчна. Толькі на першым паверсе прадстаўлены ў дзвюх вітрынах археалагічныя знаходкі. Вялікай цікавасці яны не ўяўляюць, бо ў асноўным гэта кавалкі пабітай керамікі.
А сутарэнні з манекенамі белай панны і чорнага манаха не выклікаюць таямнічага пачуцця, як гэта робяць самі легенды. Хутчэй рэакцыяй будзе іранічная ўсмешка.
З прыемнага
Да нядаўняга часу муры замка былі занядбанымі. Вандалы, часам, шкодзілі сцены ці выносілі цэглу. Зараз гістарычны аб’ект пад аховай, агароджаны плотам, усталяваныя камеры відэаназірання, і ёсць вартаўнік. Канешне, ад кансервацыі хацелася б чакаць большага, але хоць такім чынам запавольваецца разбурэнне замка.
Алесь Масевіч, budzma.org