У суботу недалёка ад Радашковічаў на тэрыторыі лагера «Брыганціна» адбыліся галоўныя экстрэмальныя аўта- і мотаспаборніцтвы ў межах ужо V-га Міжнароднага Зімовага Фестывалю «Завiруха-2013».
Паўдзельнічаць у захапляльных спаборніцтвах па мотакросе на квадрацыклах, кросавых матацыклах і матацыклах з каляскай (трайк), а таксама ў спартыўным арыентаванні на квадрацыклах і драгрэйсінгу на ўнімота на фестываль прыехалі не толькі беларусы, але і расіяне, літоўцы, палякі і ўкраінцы. Але найбольш экстрэмальна выглядалі аўтабаі — унікальнае відовішча, аўтаспаборніцтва, якое ўключае элементы поўнага кантакту аўтамабіляў. Спецыяльна падрыхтаваныя аўта-монстры ўразаюцца адзін у аднаго, выштурхваюць за межы арэны, а пілоты паказваюць майстэрства кіравання. Скрыгат металу, ляск колавых ланцугоў, роў матораў — усё гэта зліваецца ў магутную кананаду! Штогод у аўтабаях удзельнічае да васьмі аўтамабіляў.
Аляксей Сталяроў