Фан-клюб беларускага року “Будзьма свабоднымі” 29 красавіка (серада) запрашае ў Гародню на сустрэчу з аўтарамі кнігі “222 альбомы беларускага року” Вітаўтам Мартыненкам і Анатолем Мяльгуем.
У імпрэзе разам з абодвума аўтарамі нацыянальнай музычнай энцыкляпэдыі бярэ ўдзел і папулярная бард-рок сьпявачка Тацяна Беланогая, якая прадставіць свой апошні альбом “Дзьвюхкроп’е” і новыя песьні.
Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй – знакамітыя музычныя крытыкі. Пра беларускі рок пішуць з пачатку 80-ых гадоў. Іх першая кніга “Праз рок-прызму” выйшла у 1989 годзе ў ЗША. “222 альбомы беларускага року” – працяг той першай кнігі (без аніякіх паўтораў). Выданьне ўяўляе сабой энцыкляпэдыю беларускай музыкі, бо праз выданьне альбомаў можна прасачыць гісторыю айчыннага року. Кніга расказвае пра альбомы нашых каманд, што выходзілі не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША іПольшчы, Расеі і Францыі, Нямеччыне і Велікабрытаніі ды іншых краінах ад 30-х гадоў да нашых дзён.
Усім наведнікам у падарунак дыск “Фестывальны рух Беларусі” ад фан-клюбу “Будзьма свабоднымі”.
Гэтай імпрэзай пачнуцца сустрэчы фан-клюбу і прэзэнтацыі кнігі па рэгіёнах Беларусі.
Сустрэча пройдзе па адрасе: Гародня, Будзёнага 48а-44 (памяшканьне Таварыства Беларускай Школы). Уваход вольны!
Пачатак у 18.30.
Даведкі праз тэл. 649 08 88.
Калі вы жадаеце запрасіць аўтараў кнігі ў свой горад, зьвяртайцеся па тэлефоне: 6490888.