Расійска-эстонская карціна «Minsk» заяўлена ў адзінаццаці намінацыях Нацыянальнай кінематаграфічнай прэміі Расіі «Ніка» за 2021 год. Гэтай навіной на сваёй старонцы ў Facebook падзяліўся рэжысёр стужкі Барыс Гуц.
«Акадэмікаў, якія будуць галасаваць, я нахабна прашу звярнуць увагу на фільм і хоць бы паглядзець — не на мяне, а, у першую чаргу, на працу актораў / акторак і аператара. Дзякуй!» — напісаў ён у сацсетках.
Барыс Гуц як аўтар сцэнарыя і рэжысёр карціны заяўлены ў намінацыях «Лепшая сцэнарная праца» і «лепшая рэжысёрская праца».
Выканаўца галоўнай ролі Анастасія Шамякіна вылучаная ў катэгорыях «Лепшая жаночая роля» і «адкрыццё года». Актор Аляксей Масладудаў намінаваны на ўзнагароду «Лепшая мужчынская роля».
У намінацыі "Лепшая мужчынская роля другога плана "ад фільма «Minsk» заяўлены Данііл Сцяклоў. Юлія Ауг прэтэндуе на перамогу ў катэгорыі «Лепшая жаночая роля другога плана».
Аператар карціны Дар’я Ліхачова заяўлена ў адпаведнай намінацыі «Лепшая аператарская праца».
Johannes Valdma і Дар’я Літвінава вылучаны ў катэгорыі «Лепшая праца мастака».
Паліна Грэчка, Kätlin Haak — у намінацыі «лепшы мастак па касцюмах».
І ў намінацыі «Лепшы ігравы фільм "Minsk"», над якім працавала міжнародная каманда, будзе змагацца за перамогу з сарака шасцю іншымі прэтэндэнтамі. Сярод іх, дарэчы, ёсць і яшчэ адна стужка, якая мае дачыненне да Беларусі — «Урокі фарсі» Вадзіма Перэльмана. Гісторыя па аповедзе Вольфганга Кальхаазе «Пярсідская для капо» пра бельгійскага яўрэя, які, апынуўшыся ў нацысцкім канцлагеры, выдумляе сваю мову фарсі, каб выжыць, здымалася на тэрыторыі нашай краіны.
У адрозненне ад карціны «Minsk» аб беларускіх пратэстах, здымкі якой праходзілі ў Эстоніі.
Стужка Барыса Гуца распавядае аб першых жнівеньскіх пратэстах, якія прайшлі ў 2020 годзе ў Мінску. Знятая адным кадрам, без мантажных склеек, карціна імкнецца ўзнавіць адну са страшных начэй пратэстнага горада.