Фотавыстава: КРОКI – 2008

26.11.2008 Культура

26 лістапада 2008 г. а 18-00 у бібліятэцы імя А.Пушкіна адкрыецца традыцыйная выстава НФК “Мiнск” “Крокі”. Уваход вольны!

Фотаклуб “МІНСК” створаны ў верасні 1960 года. Яго першым кіраўніком быў прэзідэнт Акадэміі навук БССР В.Ф.Купрэвіч, а мастацкім кіраўніком – вядомы фатограф-энтузіяст І.І.Салавейчык. У 1979 годзе клубу прысвоена ганаровае званне “Народны”.

“Сёння фотаклуб прадстаўляе ўваге гледачоў выставу з традыцыйнай назвай “Крокі”, каб падцвердзіць сваё ганаровае званне. Якія ж яны былі нашы крокі на працягу апошніх трох годоў? Кожны творчы год адзначаны тэматычнай выставай, прысвечанай нашым славутым землякам. Гэта “Уздзенскія сутокі”, прысвечаная Я.Наркевічу-Ёдку, “Ад роднае зямлі, ад гоману бароў”… – памяці Якуба Коласа, “Асветнік з Люцынкі” – па мясцінах жыцця і творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча.

З персанальнымі выставамі выступілі: А.Валадзько, А.Булва, В.Жураўкоў, С.Качаргін, Я.Казюля, В.Суглоб, В.Сядых, Н.Дзегцярова, А.Дрыбас, Ул.Паўлаў, А.Шаліма, Ул.Шарнікаў, В.Раковіч, М.Бацюкова…

Цікавая выстава “Калегі” (фатографы аб фатографах) сабрала шмат аўтараў з усёй Беларусі. Асобна трэба адзначыць выставачны праект “Творчасць без межаў” – сваеасаблівы марафон аўтарскіх калекцый, які дазваляе кожнаму члену клуба паказать свой творчы твар без абмежавання тэматыкі. Праз гэты праект ужо прайшло чатырнаццаць членаў клуба са сваімі персанальнымі выставамі.

Міжклубныя сувязі клуба адзначаны ўдзелам у арганізіцыі Месячніка польскай фатаграфіі (разам з Інстытутам Польскім), правядзеннем выставы польскага фотамастака Ежы Пёнтака, абменам клубнымі калекцыямі паміж Мінскам і Тальяці, удзелам у фотапленэры ў Літве. Фотаклуб працягвае працу па знаёмству са сваёй творчасцю жыхароў розных гарадоў Беларусі. За апрошнія гады мы паказалі свае выставы ў Навагрудку, Вілейцы, Магілёве, Гомеле, Віцебску, Гродна, Браславе, Лагойску…

Што тычыцца перспектывы, то галоўны напрамак нашай дзейнасці – падрыхтоўка да знамянальнай даты ў жыцці клубу – 50 год са дня заснавання”.

Яўген Казюля
Старшыня праўлення НФК “МІНСК”

Фота з сайта forum.znyata.com

Тэгі: