Францыя ў сэрцы Беларусі

17.03.2009

Літаратурна-музычная імпрэза “Францыя ў сэрцы Беларусі” ладзілася ў менскім Доме дружбы народаў 16 сакавіка. Вечарына адбылася ў межах міжнароднага Дня франкафоніі. Разам з беларускімі літаратурнымі арыгіналамі гучалі іх французскія пераклады ў выкананні актораў тэатра “Demain le Printemps”.

— Вынік поўнай мульцінацыяльнасці і двухмоўнай працы мы рады прадставіць вам зараз, — абвесцілі на пачатку імпрэзы яе вядоўцы Віка Трэнас і аўтарка праекту Юлія Новік.

У нумары кожнага з выступоўцаў было нешта, звязанае з Францыяй. Да прыкладу, Яраш Малішэўскі калісьці вандраваў па Францыі аўтаспынам і спяваў на французскіх вуліцах, Людміла Рублеўскае часцяком пераносіць дзеянні сваіх твораў у Францыю, а Валярына Кустава марыць пабываць у гэтай краіне ажно з восьмага класа. Так сама ў імпрэзе ўзялі ўдзел Зміцер Колас, Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Спрынчан, Юрась Барысевіч, Леанід Казыра, Вадзім Клімовіч ды іншыя.

Андрэй Хадановіч

Кацярына Саковіч выканала вядомую песню Эдыіт Піаф па-беларуску

Усе прысутныя мелі ўнікальную магчымасць пачуць пераклады вершаў Рыгора Барадуліна і Янкі Купалы на французскую мову, паглядзець на сярэднявечныя танцы альбо паслухаць беларускую “Купалінку” з вуснаў французскіх акцёраў.

— Мы не развітваемся, бо гэтая сустрэча — толькі пачатак нашага доўгатэрміновага культурнага праекта, — падвялі вынікі вядоўцы сустрэчы.

для www.budzma.org