CRIVIA AETERNA: Архаіка і сучаснасць» — гэта не проста яшчэ адзін музычны фэст. Гэта перадусім спроба спалучыць, здавалася б, неспалучальныя рэчы: па-першае, Традыцыю як з’яву і як эстэтыку; па-другое, сучасную эксперыментальную музыку. Чаму нас цікавіць менавіта Традыцыя і эксперыментальная музыка?
Таму што для нас любая музыка — гэта частка рытуалу, а наш рытуал — гэту пульсацыя Космасу, у якім Крывія — сакральнае сэрца Еўропы, Гіпербарэя, зямля, што нараджае найбуйнейшыя рэкі рэгіёну У нашым Космасе няма месца глабалізацыі, бессэнсоўнаму спажыванню і сімулякрам грамадства спектаклю, у нашым Сусвеце святыні — гэта Род і Вада-Зямля, наш народ і нашая тысячагадовая Айчына. І менавіта таму мы звяртаемся да мовы эксперыментальнай музыкі, бо ў часы Калі-Югі любая музыка, што карэніцца ў Традыцыі, апрыёры лічыцца эксперыментальнай, альтэрнатыўнай.
Мы не імкнемся ўзбагаціць культурнае жыццё Беларусі яшчэ адным фэстам з добрай музыкай. Наша мэта прасцейшая і адначасна складнейшая — мы хочам перанесці на беларускую глебу традыцыі найлепшых еўрапейскіх неафолк-фэстаў. Мы імкнемся стварыць свята для людзей, аб’яднаных блізкімі поглядамі, супольнымі мэтамі ды агульнай мрояй. Для нас CRIVIA AETERNA — гэта найперш сустрэча сяброў і паплечнікаў.
За чатыры папярэднія гады мы пазнаёмілі беларусаў з найлепшымі прадстаўнікамі фолк / пост-фолк / неафолк музыкі Беларусі, Расіі, Нямеччыны. На нашай сцэне пабывалі гэткія цудоўныя гурты, як РИТУАЛЬНЫЙ ФРОНТ, VISHUDHA KALI, ЛИХОЛЕСЬЕ, MOON FAR AWAY, PRAGNAVIT, ESSA, GUDA, OSIMIRA, ORPLID / BARDITUS.
25 верасня ў Мінску пройдзе Пяты міжнародны фестываль неафолку CRIVIA AETERNA, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. І мы вельмі радыя паведаміць добрыя навіны ўсім аматарам якаснай этнічнай музыкі — адмыслова для вас выступіць найлепшы этна-гурт Літвы DONIS у сваім «залатым» складзе — разам з выбітнай спявачкай Расай Сэрай!
Запрашаем усіх аматараў якаснай этна-музыкі ў R-клуб (вул. Сурганава, 26) у суботу, 25 верасня!
На пятым фэсце CRIVIA AETERNA таксама выступяць: найлепшы неафолк-гурт ахопленай агнём Расіі MAJDANEK WALTZ, найстарэйшы рытуальны эмбіент-праект Беларусі PRAGNAVIT, martial-адкрыццё з Гомеля SVALBARD, патрыярх дударскай традыцыі Крывіі Тодар Кашкурэвіч і ягоны гурт ESSA, мінезінгеры з TESTAMENTUM TERRAE ды іншыя.
Кошт квіткоў: 35 тыс. руб. папярэдне і для іншагародніх (пры наяўнасці праезднага білета), 40 тыс. руб. у дзень канцэрта.
Інфармацыя па тэлефонах: (029) 6466497 і (029) 7083191.
Падрабязней:
https://www.stigmata.name/archives/3286