Gleboki Smak: «У мяне ёсьць мара – вывучыць усе беларускія словы» (+відэа)

Найлепшы фрыстайлер краіны Gleboki Smak у інтэрвію парталу Tuzin.fm распавёў што мусіць адбыцца, каб Беларусь стала беларускай, патлумачыў, чаму ён не кранаецца палітыкі ды паімправізаваў на відэакамэру, прадстаўляючы свой дэбютны трэк.

У Расеі найлепшым фрыстайлерам лічыцца Noize MC, у сьвеце няма роўных у гэтым кірунку Эмінему і Фрэду Дэрсту з Limp Bizkit. У Беларусі найлепш імправізуе ў хуткай чытцы беларускамоўны рэпер зь Берасьця Gleboki Smak, які летась быў узнагароджаны ў гэтай намінацыі гіп-гоп парталам Street Awards. Пры канцы году рэпер запісаў свой дэбютны трэк «Lamiec Zadarma», які ён прадстаўляе на Tuzin.fm.

У жыцьці яго завуць Глеб Хамутоў. Ён адвучыўся ў ЭГУ па спэцыяльнасьці «Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні», а зараз займаецца прадрымальніцтвам – прадае беларускі трыкатаж у Расею. Псэўданім узяў сабе з цэтліка на бутэльцы польскага піва. З Глебам размаўляем проста такі ў фрыстайл стылі: сумбурных пытаньняў да яго шмат, а яму яўна ёсьць што з ходу на іх адказаць. Але найперш пра псэўданім з бутэлькі і пра тое, што ён значыць.

 — Гэта значыць шмат: натуральны, як глеба, як беларускае слова, гэта яшчэ імя маё, а самае важнае, што Gleboki гучыць як «глыбокі», у пляне сэнсу, мэсэджа. Тое, што я раблю і хачу рабіць ня так і проста прахаваць, зразумець. Як і маю асобу ўласна, калі ўжо размова пра мяне.

ТГ: Адкуль у цябе ўзяўся такі талент – слоўцы так удала перабіраць? Гэта ты чаго наслухаўся і начытаўся? Як так выйшла, што сярэднестатыстычны беларус і думку па-беларуску выказаць ня ў змозе, а ты тут фрыстайліш па-беларуску ды яшчэ нібы з посьпехам.

— На самой справе гэтага можа кожны дасягнуць. Не такі ўжо і ўзровень маю. Проста трэба любіць гэта. Вынік маёй працы – вынік мяне, усяго. Гэта настолькі цяжка патлумачыць, што лепей гэтыя казкі пакіну для рэпа. Я фанат рэпа, я раблю яго і слухаю іншых выканаўцаў, сяброў, знаёмых, блізкіх, замежных, славутых і невядомых. Што да мовы, так сталася, што мая мова беларуская, таму мне б было цяжка фрыстайліць на іншых мовах. Да і сам фрыстайл дапамагае ўдасканальвацца ва ўзбагачэньні лексікі, нагадаць слухачу пра словы, на якія ўсе забылі. У мяне ёсць мара вывучыць усе беларускія словы, пашырыць да абсалютнага максымума валоданьне словазлучэньняў і прыметнікаў, якія ўжываю штодзень. Праўда, я не сьпяшаюся.

ТГ: А як ты ставішся да гэтага самага сярэднестатыстычнага беларуса? Што яму дапаможа ў гэтым жыцьці, што мусіць адбыцца, каб уцяміў ён і заганарыўся сваёй беларускасьцю?

— Узброеная нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя супраць расейскага імперыялізму.

Я не заклікаю не да якіх дзеяньняў. Гэта ўсяго толькі маё асабістае меркаваньне, калі пытаеце. Можаце выразаць гэтае пытаньне, пры жаданьні. А да беларусаў стаўлюся зь любоўю, бо як я павінен яшчэ ставіцца да свайго народу? За дзяржаву крыўдна канечне, але ў маіх знаёмых ёсьць маленькія нашчадкі, зь дзяцінства беларускамоўныя. Значыць яшчэ год 100 працягнем (рагоча).

ТГ:  Чаго гэта ты наогул пайшоў у гіп-гоп, кірунак ня тое, каб уласьцівы для нашых краёў? Якая яго чакае будучыня, што дае шанец спадзявацца? І чаму гэта ўсяго якіх 10-15 год таму не выпадала казаць пра існаваньне такой зьявыНешта здарылася нядаўна?

— Пайшоў, таму што люблю… не, я нават кахаю рэп, як дзяўчыну! Гэта маё каханьне! Усё, што зь ім зьвязана. Мяне вабіць гэтая культура, усе ейныя праявы: бруд, праблемы, станоўчае, адмоўнае. Гіп-гоп, як беларуская культура ці ўсходнія адзінаборствы – гэта непаўторны сьвет сваіх правілаў і паняткаў, у кожным з выпадкаў – стыль жыцьця! Усё гэта мне дапамагае бачыць сьвет па-свойму, непаўторна ды незвычайна. Культура, на самой справе, – гэта тая штука, у якую варта ўкладаць і ўкладацца, бо толькі культура робіць нас чалавечнымі, толькі гэта робіць нас людзьмі, а падмурак магутнага статка – цывілізацыяй.

Што датычыцца менавіта гіп-гопа, так магу не пагадзіцца з вашым сьцверджаньнем пра тое, што 10-15 год таму не выпадала казаць пра існаваньне такой зьявы. 15 год таму ў Беларусі былі прыстойныя рэп-калектывы, каманды бібояў, скэйтэры, райтэры і г.д. Тут я кажу не пра музычныя жанры, аб плыні агулам. І на пачатку новага тысячагодзьдзя рух быў больш разьвітым, арганізаваным, беларускім, уласным, элітарным. Калі закрануць рэп, зараз становішча больш сумнае, бо спадарыня глябалізацыя прынесла нам «рэпчык», вялізарны і бязьлітасны , з пункту гледжаньня першаснасьці прадукта ды зьнішчэньня тутэйшага, хай і ненацыянальнага. Гэта зьвязана з тым, што рэп ў Расеі пасьпеў выйсьці на нацыянальны ўзровень і стаць часткай музычнага мэйнстрыму. А наогул, кірунак, як вы кажаце, вельмі нават уласьцівы для нашых краёў. Сутнасьць гіп-гап культуры спачатку ня ў пратэсьце, але ў тым, што гэта музыка прыгнечаных нізоў. Ці гэта чорнае гета ў ЗША, ці арабскія раёны ў Францыі, ці вокліч прадстаўнікоў безнадзейнага постсавецкага султаната ў цэнтры Эўропы. Розьніцы няма.

ТГ: Нешта не пачуў у тваім трэку змагарскага патасу. Дзе ён, м? А як табе наогул востранькасацыяльны рэп – пра Луку там, пра краіну ў бядзе, рэжым крывавы? Пра што пяяць беларускаму рэперу, вось скажы з сваёй званарні, калі ласачка.

— Каму пра кветачкі, каму пра палітыку, каму пра наркотыкі. Калі хтосьці чагосьці яшчэ не зразумеў у нашых краях, мне яго шкада. Таму чытаць пра дрэннага дзядзьку не хачу.

Я кажу «fuck off» усёй сыстэме каштоўнасьцяў і прынцыпаў абсалютнай большасьці людзей. Я стараюся забіць біхевіярылістычныя будзёнасьці ў сабе ўсё жыцьцё, такой спадчыны не пажадаю і астатнім. Адкапаць сваю рэчаіснасьць, змагацца за яе і разбурыць межы, якія ставілі для нас высокамерныя людзі на працягу стагодзьдзяў, вось што мне трэба. Трэба і вам, бо «кожная жывая істота, ад нараджэньня зьяўляецца свабоднай». Ну вы зразумелі мяне.

ТГ: А як ты ацэньваеш наогул беларускую незалежную сцэну? Вось здараецца часьцяком, што рэперы з рокерамі чытаюць, дык зь кім бы ты хацеў. Толькі не Міхалок, умаляю.

— У мяне ёсьць павага да ўсіх, хто робіць штосьці вартае. А папрацаваць шмат зь кім хацелася б. Мне больш за ўсё імпануе Руся, бо тое, што яна робіць пэўна бліжэй за ўсё да маёй тоеснасьці. Але рэспект няскораным старым псам – Вольскаму, гурту «Палац», гурту «Троіца», Вайцюшкевічу. Маю непахісную ўпэўненасьць, што гэтым людзям варта ставіць помнік пры жыцьці.

ТГ: А чаму ты паказваеш толькі адзін трэк. Калі альбом, калі кліп, калі сольны канцэрт? Хто на той твой канцэрт можа наогул прыйсьці – якая твая публіка?

— Трэк не адзін, але гэта тое, што гатова на дадзены момант. Я б мог выдаць ужо два альбомы, але ў наяўнасьці тое, што бездакорна зроблена, за што мне ня будзе сорамна.

Наконт далейшых плянаў я не магу сказаць нічога. Кліп, альбом? Каб зрабіць усё на ўзроўні трэба ня толькі прыкласьци высілкі, але і ўкласьці фінансы! Альбом – гэта грошы, час. Кліп? Нармалёвы кліп будзе каштаваць як альбом, зноў пытаньне, дзе кэш узяць? Ну, не зарабляю я пакуль такіх грошай, каб 5-6 $ на кліп выдаткаваць. Як толькі зараблю, адразу будзе кліп. Тое ж самае і наконт музыкі. Пакуль што ўсё залежыць ад грошай і толькі ад грошай, нажаль… нажаль… Таму і пэрспектывы невялікія для ўсяго гэтага. Ды і баюся, што ў пэўны момант рука не захоча пісаць, баюся, што ў пэўны момант скажу сабе «хопіць», «надакучыла». . На мэце – процьма праектаў, але абяцаць штосьці баюся яшчэ больш, бо гэта адказнасьць. Я разумею, што гіп-гап для мяне не «функцыя сацыялізацыі». Я б гэтаму жыцьцё прысьвяціў. Гэта ўжо частка мяне, а далей паглядзім.

Хто мая публіка я ня ведаю, шчыра кажучы. Спачатку гэта былі «ЭГУшнікі», якія на флэтах чулі, што я раблю. Цяпер аўдыторыя крыху шырэй. Але ахапіць усё нейкімі межамі не атрымліваецца. Вось ёсьць людзі і маладыя (15 год), каму мой самотнік спадабаўся, аднагодкі мае заслухалі многія. Але і сябры, якім па 30-35 год зацанілі. Нават дарослым людзям многім вельмі спадабалася. І я бачу, што гэта не лісьлівыя пачуцьці. Што мне думаць? Вось якая ў мяне публіка? Яўна, што гэта не шкалата, якая слухае расейскі «рэпчык».

А канцэрты, сольнікі… як падумаю, дух захапляе! Бачыў, што Вінсэнт робіць. Крута, мне яшчэ далёка да такога ўзроўню, гэтага няма нават на даляглядзе. Мне здаецца, што мая сцэна – невялікая, а кола слухачоў – вузкае і набліжанае.

Размаўляў Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»
Фота: Ўсяслаў Жураўлевіч