Ганна Хітрык: “Мы рыхтуем сюрпрызы”

26.02.2009 Музыка

Cольны канцэрт гурту “Детидетей” адбудзецца ў мінскім клубе “Рэактар” 5 сакавіка. 

На сцэне вялікага клубу “Детидетей” выступаюць упершыню. Дагэтуль канцэрты ладзіліся пераважна ў канцэртных залах і ў маленькіх клубах, дый сольнымі канцэртамі гурт радаваў сваіх прыхільнікаў не часта. Таму вечар будзе эксперыментальным не толькі для фанатаў гурту, але і для саміх яго ўдзельнікаў.

“Гэта будзе першы вясновы канцэрт, таму мы вельмі хочам павесяліць усіх тых, хто прыйдзе”, — кажа салістка гурту Ганна Хітрык. Але што дакладна падрыхтавалі музыкі, застанецца таямніцай да самага канцэрту: “Інакш гэта не будзе сюрпрызам. Мы будзем дарыць падарункі прысутным, але якія — не скажам”.

Эксперыментаваць “Детямдетей” не ўпершыню. Пра гэта кажуць не толькі іх выступы, кожны раз арыгінальныя і непрадказальныя, але і выпуск паштоўкі з выявай музыкаў. Паштоўка выйшла напярэдадні свята 14 лютага і ўжо атрымала шмат пазітыўных водгукаў. “Мы б вельмі хацелі, каб людзі пабачылі гэтую паштоўку і пазнаёміліся з нашай творчасцю. А калі б яны і палюбілі яе — гэта было б зусім цудоўна!” — кажа Ганна.

Канцэрт будзе ладзіцца пры падтрымцы кампаніі “Будзьма!”

Афіцыйны сайт гурту: https://detidetey.com/

Клуб “Рэактар”, пачатак а 19:00.

Квіткі: танцпол — 25—30 тыс. BYR, столік — 40 тыс. BYR.

Даведкі праз тэлефон: + 375 29 676 79 20

Фота detidetey.com

Тэгі: