Калі беларускі пераклад рамана Рудольфа Слобады “Розум” (выдавецтва Змітра Коласа, 2012) трапіў мне ў рукі ўпершыню, я зірнула на яго назву, прачытала анатацыю — і вырашыла, што перада мной нешта накшталт філасофскага трактата, выкладзенага ў лёгкай і прыемнай для чытання форме. Аднак ужо праз некалькі старонак я зразумела, што з гэтым трактатам нешта не тое. Кніга аказалася дзіўнаватай гісторыяй дзіўнаватага персанажа, якая пакідала ўсё больш і больш пытанняў. А таму будзем разбірацца падрабязней.
Пра значэнне рамана “Розум” для славацкай літаратуры расказвае ў сваім артыкуле “Як узнікае хіт” Душан Тарагел. У гэтым артыкуле раман разглядаецца зусім з іншай перспектывы, чым тая, што адкрываецца непадрыхтаванаму чытачу. Можна сказаць, што ўспрыняцце рамана залежыць ад таго, ці знаёмы чытач са згаданым вышэй артыкулам. Што да мяне, дык палову кнігі я чытала, разлічваючы выключна на ўласны чытацкі досвед, другую ж палову дачытвала, ужо пазнаёміўшыся з абставінамі стварэння рамана. Таму я магу меркаваць пра твор з дзвюх розных пазіцыяў, і абодвума гэтымі меркаваннямі зараз падзялюся.
Спачатку зірнем на раман Слобады per se, не зважаючы на кантэкст і ўспрымаючы кнігу як асобны мастацкі твор. Перад намі гісторыя даволі непрыемнага безыменнага персанажа, якая расказваецца стыхійна і без апоры на нейкі канкрэтны сюжэт: апавядальнік згадвае ўсё, што з ім адбываецца, не клапоцячыся пра тое, мае гэта значэнне для развіцця дзеяння ці не. Нават хутчэй так: для аўтара важныя любыя дробязі, што адбываюцца з яго персанажам, ён разглядае свайго героя ў дынаміцы, не думаючы пра канцэпцыю твора ці яго кампазіцыю. Эпізоды чапляюцца адзін за другі і ўяўляюць сабой ланцуг падзеяў, звязаных толькі асобай апавядальніка. Гэта нават не гісторыі ў поўным сэнсе гэтага слова, а банальныя штодзённыя здарэнні (паход на працу ці спрэчка з жонкай), якія апавядальнік каментуе альбо асэнсоўвае.
Дарэчы, пра філасофію і філасофскі трактат, якім я спачатку палічыла раман “Розум”. Зазіраем у анатацыю, якая так жорстка мяне падманула: “…аўтар вуснамі свайго героя, няўдалага літаратара-інтэлектуала, аналізуе стасункі розуму і маральнасці, аналізуе і разважае над вечнымі і няпростымі праблемамі дачыненняў творцы й грамадства, жонкі і мужа, мужчыны і жанчыны”. Пакінем убаку той факт, што літаратар у дадзеным выпадку — гэта аўтар кітчавых сцэнараў, з адным з якіх чытач мае сумнеўную прыемнасць на старонках рамана пазнаёміцца, і спынімся на другой частцы гэтай фразы. Фактычна ўся філасофія, якую можна знайсці ў гэтым творы, — гэта філасофія штодзённасці. Перад чытачом рамана паступова размотваецца клубок развагаў (збольшага даволі банальных) звычайнага чалавека, які пра сваю звычайнасць не падазрае, а таму дзясяты і соты раз вынаходзіць ровар. Зрэшты, часам гэтыя развагі афармляюцца ў цікавыя афарызмы, напрыклад: “Людзі не ўмеюць ацаніць свайго шчасця. Шчасця не быць драматычным героем”.
Можна сказаць і так, што гэтая кніга — для тых, хто любіць шукаць ісціну, але не хоча ісці па яе далёка. Бо спектр праблемаў, якія падымаюцца ў рамане, надзвычай шырокі: гэта і культура славакаў, і творчасць як быт і як рамяство, і праблема ўзаемадачыненняў паміж пакаленнямі — усяму гэтаму і шмат чаму яшчэ аўтар прысвячае некалькі сказаў, абзацаў ці старонак, каб потым пераскочыць на іншае і да папярэдняй тэмы ўжо не вяртацца. Чаго ў кнізе дакладна няма, дык гэта развагаў пра дачыненні паміж мужам і жонкай, паміж мужчынам і жанчынай. Не будзем жа мы напраўду лічыць такімі развагамі згадкі пра незразумелыя спробы персанажа вылечыць жонку ад шызафрэніі ўперамежку з аповедамі пра іх вечныя спрэчкі і бойкі!
Цяпер успамінаем пра існаванне артыкула Душана Тарагела, а ў ім чытаем: “Пасля дзесяці гадоў нармалізацыі, калі выдаваліся адно раманы, што поўніліся “пазітыўнымі” героямі ды будаўнікамі сацыялізму, то бок псеўдагістарычнай куламесай, раптам паўстала нешта, што не было ні пазітыўным, ні аптымістычным” (пераклад Святланы Богуш). Аўтар артыкула пазіцыянуе раман як першую ў славацкай літаратуры спробу выйсці за межы сацрэалізму, прычым разбурыць не толькі сам жанр, але і яго стваральніка — то бок вобраз пісьменніка ўвогуле: “Спадарожным эфектам рамана Слобады ёсць і тое, што ў ім аўтар пахаваў вобраз пісьменніка, у які многія з радасцю верылі (як чытачы, так і самі аўтары) — вобраз мудрага айца, які ўмее быць і строгім, і ласкавым, вобраз сумлення нацыі, мастака. Замест яго Слобада паказаў алкаголіка, няздольнага прывесці да ладу ўласнае жыццё, які фактычна ўмее толькі балбатаць”. Такім чынам, перад намі сатыра, але сатыра вельмі спецыфічная, бо Слобада бярэ ў ёй за аснову ўласнае жыццё, пра што Тарагел таксама згадвае ў артыкуле. Асноўным сродкам перадражнівання рэчаіснасці ў творы аказваецца аўтабіяграфія: аўтар шчыра (зноў жа, калі верыць Тарагелу) абмалёўвае свой лёс, каб пасмяяцца са стэрэатыпаў, што жывуць у грамадстве.
Найлепшыя старонкі рамана, як на мяне, — гэта гісторыя бацькі галоўнага героя, якая даецца ўрыўкава, асобнымі вытрымкамі з бацькавых дзённікаў і ўспамінаў. Гэта менавіта тая жывая і кандэнсаваная чалавечая гісторыя, у якую гісторыя апавядальніка так да канца кнігі і не ператвараецца. У супрацьвагу гэтай жывой гісторыі апавядальнік прыводзіць накіды свайго сцэнару, і гэты “Дон Жуан з Жабакрэкаў”, мёртвы ад нараджэння, спаборнічае ў бязглуздасці з самым безнадзейным сённяшнім сіткомам. Відавочна, што гэта таксама сатыра, але ўжо нашмат грубейшая, чым выкарыстаны з той самай мэтай аўтабіяграфічны падыход.
Што да самога перакладу — а гэта дэбютная кніга перакладчыцы Святланы Богуш, — то ён здаецца даволі роўным і чытаецца лёгка. Часам сустракаюцца нязграбнасці накшталт сказа “А таму, што ніводнага добрага новага слупа не засталося, я меў багата клопату, як тыя веснічкі паправіць і на што пачапіць” (с. 18), ці выраза “засланае старой пярынай мястэчка…” (с. 22) — відавочна, маецца на ўвазе нейкая невялікая прастора, а не населены пункт, ці штучнай фразы “Гэта цікава паслухаць”, якую адна з калег галоўнага героя нібыта іранічна кідае ў адказ на бязглуздую, паводле яе меркавання, рэпліку (с. 138). Асобныя рэчы — напрыклад, частае ўжыванне слова “мудры” там, дзе па кантэксце просіцца звычайны прыметнік “разумны”, — згадваць не варта, бо цалкам магчыма, што арыгінал здыме ўсе пытанні да перакладчыка і перанакіруе іх аўтару. Кнізе не хапае таксама карэктара, але гэта ўжо пытанне да выдаўца.
Тарагел сцвярджае, што раман Слобады прачытваецца і цяпер, у час, калі літаратуры не пагражае ніякі сацрэлізм: “Прыгажосць стылю Слобады, аднак, палягае не толькі ў яго наіўнай шчырасці, калі ён, як дзіця, балбоча ўсё, што прыйдзе ў галаву. Жорсткія і суровыя сцэны ён ураўнаважвае самаіроніяй і адметным “падпарогавым” гумарам, які спрацоўвае і сёння, праз трыццаць гадоў пасля першага выдання кнігі”. Згаджацца з ім тут ці не — цяжкае пытанне. Бо каб сатыра перажыла з’яву, якую яна выкрывае, і зрабілася ўніверсальнай, яна мусіць быць напісаная сапраўды выбітна. Напрыклад, як “Дон Кіхот” Сервантэса, які задумваўся як пародыя на рыцарскія раманы. Калі ўзяць адзін з найлепшых беларускіх сатырычных твораў — “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, — то відавочна, што ён будзе ў нас чытацца, пакуль чытачы памятаюць не толькі пра савецкую эпоху, але і пра больш блізкія ім цяпер рэчы, напрыклад, пра карупцыю. Ці актуальныя для нас праблемы, згаданыя ў рамане Слобады, меркаваць не вазьмуся. Магчыма, хтосьці знойдзе ў кнізе нешта сваё — рэалістычнае апісанне шэрай рэчаіснасці і дробязнага чалавечага жыцця, якое розум ніякім чынам не палягчае: “Урэшце, што я здабыў у жыцці гэтым розумам?!”
Ганна Янкута