
Імправізаванае адзначэнне першага выступу музыкі правялі ў выглядзе рок-панкаўскай дыскатэкі.
У невялічкай зале ДК “Грэка” павіншаваць гарадзенскіх музыкаў сабралася каля дзвюх сотняў іх прыхільнікаў. А перад прысутнымі выступіла каля 10 гуртоў. Кожны гурт выконваў нейкі кавер “Кальяна”.
Пра юбілей расказвае Алесь Дзянісаў, нязменны лідар гурта: “Гэты свой юбілей мы не прысвячалі ніякім датам, проста 15 гадоў таму ў актавай зале аднаго з гарадзенскіх ПТВ адбыўся наш першы канцэрт. Было дамоўлена, што мы будзем выступаць перад навучэнцамі гэтага ПТВ. Аднак з самога ПТВ было толькі 2 навучэнкі і некалькі настаўнікаў. Мы паспелі выканаць некалькі сваіх песень, пакуль канцэрт не перарвалі нейкія людзі ў цывільным”.
Алесь Дзянісаў працягвае: “Казаць пра тое, што змянілася за 15 гадоў існавання гурта, можна вельмі доўга. Змяніліся людзі, падыходы да музыкі. Людзі сталі больш прафесійнымі, выраслі ў музычным плане. Людзі кажуць, што я вырас у музычным плане, я не працаваў прафесійна са сваім вакалам, але сачыў, вучыўся. Я магу казаць пра свае сучасныя выступы толькі вельмі суб’ектыўна.
Лідар гурта не шкадуе пра памылкі: “Я ні пра што не шкадую. Усе памылкі былі не проста так. Наш гурт выбраў андэрграўнд. І я лічу, што ў гэтым ёсць як плюсы, так і мінусы. Мне, канечне, хочацца, каб маё пасланне пачула шмат людзей. З пункту гледжання асветы”.

“Большасць нашых песняў заснаваная на маіх асабістых перажываннях”, – працягвае Алесь Дзянісаў.
“Я таксама перажываю праз тое, што мы не паехалі ў тур па Расіі і Польшчы. Тут нават у андэрграўндзе ёсць свая мода. Цяпер на канцэртах, калі гэта андэрграўнд, прыкладна адно і тое ж граюць. Хардкор – ён вельмі падобны, таму я амаль не хаджу на такія канцэрты. Калі ты засвяціўся – ты паспяховы. Аднак я лічу, што ўсё гэта надуманае. Любая вядомасць – яна надуманая. Зараз займуся акустычным праектам, хацелася б яго зрабіць больш прафесійна, каб усе інструменты былі прапісаныя вельмі прыгожа”.

“Калі згадаць гурт “Кальян”, то ў самым яго росквіце, у 1998 годзе, мы адыгралі 12 канцэртаў. Падобная сітуацыя была і ў 2011 годзе. Калі пафантазіраваць, то мне б вельмі хацелася паехаць у тур з такімі гуртамі, як Operation Luy ці “Машнинбенд”, аднак гэтых гуртоў ужо няма.
“Я не ведаю, што далей будзе з гуртом “Кальян”. Можна згадаць гурт “Аукцыон”, які запісаў свой альбом праз 12 гадоў. Ёсць і іншыя старыя гурты, якія запісалі альбомы пасля вялікага перапынку. Напрыклад, нашыя музыкі сталі больш прафесійнымі. Косця адыграў вялікую ролю ў нашым гурце. Ёсць некалькі песень, якія я напісаў на ягоную музыку. Гэта “Представь себе!”, “Гародня”, “Ісус Бабос”. Як “Вундэр” і “Сыр”, яны сталі, можна сказаць, “сімваламі” гурта.

Алесь Дзянісаў пра мары і праекты: “У мяне ёсць свая невялічкая мара – зрабіць песні на словы гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль. І я раблю гэта для сябе. Апроч гэтага я са знаёмымі музыкамі рыхтую праект “Людзі на балоце” – гэта 8 песень пра простых людзей. Пра людзей, якія жылі ў час прыходу да ўлады бальшавікоў. Мы не пяем оды Булак-Булаховічу, які, на маю думку, даволі спрэчная асоба. Спадзяюся, мы гэтыя песні хутка напішам…”
Размаўляў Андрэй Мялешка