20 красавіка ў Горадні ўпершыню адбыўся вялікі канцэрт гарадзенскай фармацыі “Людзі на балоце”. Стваральнікам фармацыі стаў былы вакаліст гурта “Кальян” Алесь Дзянісаў.

Перад выступам Алесь Дзянісаў сабраў перад сцэнай усіх музыкаў, што гралі ў гарадзенскім ДК імя Грэка: менавіта ў пятніцу, у дзень, калі адбываўся канцэрт, было канчаткова ліквідаванае месца, што насіла гэтую назву.
ДК імя Грэка месціўся ў закінутым будынку і замінаў, як выявілася, новай гарадзенскай развязцы.
“Гэта праграма пра тое, што адбывалася на Беларусі пасля рэвалюцыі, — кажа Алесь Дзянісаў. — Большасць мясцовага насельніцтва не ўспрымала бальшавікоў, менавіта пра гэта і песні”.
Распачаўся канцэрт ужо вядомым “Пойдзем, хлопцы, на вайну”, што ўжо неаднойчы акустычна выконваў Алесь Дзянісаў на розных канцэртах.

Лагічным працягам стала песня “Зброя”. “Маці заўсёды перажывае, што будзе з яе сынам альбо дачкой, калі адпраўляе іх на вайну — песня ад імя маці…”
Песня “Людзі на балоце”, напісаная пасля стварэння гурта пад гэтай назвай, — пра невядомых беларускіх партызанаў, што ўздымалі свае “сякеры і вілы супраць кулямётаў”.

Больш за дзясятак песняў нібыта аб’ядналіся ў адзін вялікі твор. Скончылі канцэрт пазітывам — песняй “Прыйдзе вясна”.
Пасля “Людзей на балоце” выступілі іншыя гарадзенскія гурты: “В.К.Л”, “любимая вредная привычка”.
Андрэй Мялешка