Дактары зрабілі ўсё магчымае, і пісьменнік на МРЭК атрымаў І групу інваліднасці. Цяпер ён знаходзіцца дома ў Скідалі і, сляпы, жыве з глухім бацькам.
— Атрымліваць дакументы на інваліднасць ў МРЭК хадзіла я сама, — расказала гарадзенская пісьменніца Данута Бічэль, што апякуецца пісьменнікам. — Цяпер ён мае права запісацца ў таварыства інвалідаў па зроку, і мы будзе гэта рабіць. Працэс гэты даволі доўгі, і ім у асноўным займаюся я. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што Алесь Чобат не мае працоўнай кніжкі. Дакладней, яе трэба аднаўляць. Будзем шукаць усе тыя месцы, дзе ён працаваў у 90-я гады. Яшчэ не вядома, ці здалі тыя арганізацыі, дзе ён паспеў папрацаваць, дакументы ў архіў. Мы ўжо атрымалі даведку ад Саюза пісьменнікаў пра яго членства ў Саюзе і творчы шлях. Цяпер будзем спрабаваць атрымаць даведку з “ЛіМа” пра тое, што ён там друкаваўся.
— У якім стане знаходзіцца спадар Алесь?
— Мы адвезлі яго ў Скідаль у хату, дзе жыве яго старэнькі глухі бацька. Адразу хачу сказаць, што ў хаце няма чалавека, які б мог яму дапамагчы. Суседка прыходзіць толькі закапаць яму ў вочы. Ежу ён гатуе сабе сам.
Алесь Чобат рыхтуецца да новай аперацыі ў Мінску, якая павінна адбыцца ў канцы красавіка ці пачатку траўня. Каб дапамагчы Алесю Чобату, тэлефануйце Дануце Янаўне Бічэль. Яе тэлефоны: хатні (152) 74-55-16; мабільны (033) 622-08-11.
Андрэй Мялешка
Фота: www.svaboda.org