У гарадзенскім музеі “Гарадніца” адкрылася выстава каляднай і навагодняй паштоўкі.
– Тут прадстаўлена больш за 130 паштовак. Самая старая адносіцца да пачатку ХХ стагоддзя, – кажа Святлана Чушынская, загадчык аддзела народнай творчасці. – Выстава называецца “З гісторыі каляднай і навагодняй паштоўкі” і сфармаваная з фондасховішчаў гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Паштоўкі выдадзеныя ў розных краінах: Германіі, Францыі, ЗША, Расіі, Беларусі. Найбольш цікавыя, на маю думку, паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя. Нашая выстава дае магчымасць прасачыць гісторыю навагодняй паштоўкі. На самых старых мы бачым традыцыйныя навагоднія сюжэты, хрысціянскія, заснежаныя хаткі, вельмі прыгожыя краявіды. Асабліва ганаруся тым, што тут змешчаная цэлая серыя паштовак вядомай расійскай мастачкі Елізаветы Бём. На іх вельмі цікавыя дзіцячыя сюжэты.
– Як даўно музей збірае калядныя паштоўкі?
– З самага пачатку свайго існавання. У калекцыі больш за 200 паштовак. Вельмі цікавыя, як на мяне, паштоўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На іх мы бачым не толькі мужных абаронцаў Айчыны, але і выявы вежаў Крамля і надпісы “З Новым годам!”. Зразумела, што ў той час паштоўкі былі моцным сродкам агітацыі і прапаганды. Таксама вельмі цікавыя паштоўкі 40-х гадоў ХХ стагоддзя, выдадзеныя ў Польшчы.
Выстава калядных паштовак у Горадні праходзіць упершыню. Яе дапаўняюць навагоднія цацкі 40-х гадоў ХХ стагоддзя.
Андрэй Мялешка